Паездкі па рэгіёнах кандыдатаў на Адзінага пачнуцца 6 сакавіка

Штаб па выбарах Адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў абраў першыя маршруты для паездак па рэгіёнах у межах Народнага галасавання (праймерыз). Першым горадам будзе Гарадок Віцебскай вобласці.
Згодна з графікам кампаніі абрання адзінага кандыдата правядзенне сустрэчаў у рэгіёнах і народнае галасаванне запланавана на перыяд з 4 сакавіка па 15 траўня. Савет вырашыў ладзіць паездкі па аўторках, пятніцах, суботах і нядзелях, распавёў кіраўнік арганізацыйнага аддзелу штаба, намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Віктар Янчурэвіч.

«Сыходзячы з гэтага, былі складзены маршруты на 10 тыдняў. Першы дзень для сустрэчаў выпадае на пятніцу 6 сакавіка. Шляхам лёсавання быў абраны маршрут, ў якім на пятніцу запланаваны сход ў Гарадку. З яго і пачнецца Народнае галасаванне», — патлумачыў Янчурэвіч.

Далейшы расклад такі: 7 сакавіка — Віцебск, Полацк/Наваполацк, 8 сакавіка — Паставы, Шаркаўшчына, Міёры, 10 сакавіка — Лепель, 13 — Бяроза, 14 сакавіка — Брэст, Драгічын, 15 — Пінск, Столін, 17 сакавіка — Баранавічы. На сёння распланаваныя паездкі на першую палову сакавіка.

«Графік атрымаўся даволі напружаны і запатрабуе шмат высілкаў ад палітыкаў. Чакаем, што аб'езд рэгіёнаў прадстаўнічай дэлегацыяй стане адной найбольш знакавых падзеяў вясны 2020 года і добрым стартам выбарчай кампаніі адзінага кандыдата», — заключыў адказны за накірунак працы ў штабе па выбарах адзінага.

Нагадаем, што прадстаўнікі пяці палітычных структураў (АГП, БСДП, БХД, Рух «За Свабоду» і Партыі БНФ) правялі 27 студзеня супольную прэс-канферэнцыю, на якой абвясцілі пра пачатак працэдуры абрання адзінага кандыдата ў прэзідэнты. Зараз ідзе праверка здадзеных дакументаў і подпісаў ад патэнцыйных удзельнікаў.


Паводле прэс-рэліза

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: