Палата прадстаўнікоў ухваліла змены Канстытуцыі, якія на год пераносяць мясцовыя выбары

Палата прадстаўнікоў у апошні дзень сесіі ўхваліла ў першым чытанні законапраект аб змене Канстытуцыі Беларусі, паведамляе «Свабода».

Палатай прадстаўнікоў у першым чытанні прыняты законапраект «Аб змяненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь».

Як паведамляе тэлеграм-канал Палаты прадстаўнікоў, гэтым праектам закону прадугледжваецца ўвядзенне адзінага дня галасавання на выбарах дэпутатаў усіх узроўняў.

Такім чынам, чакаецца, што мясцовыя выбары, якія планаваліся на канец 2021-га ці пачатак 2022 году, будуць перанесеныя на 2023 год.

У тэлеграм-канале Палаты прадстаўнікоў пішуць, што ў другім чытанні законапраект будзе разгледжаны ўжо на восеньскай сесіі.

Раней абедзве палаты Нацыянальнага сходу прынялі зварот да Лукашэнкі з просьбай правесці выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў і парламент адначасова. Лукашэнка 26 траўня, выступаючы перад палатамі, падтрымаў гэтую ідэю.

Нязменная з 1996 года кіраўнік Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына заявіла, што падтрымлівае ўвядзенне адзінага дня галасавання на выбарах дэпутатаў усіх узроўняў. Яна адзначала, што ў выпадку станоўчага рашэння наступныя выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў будуць перанесеныя з пачатку 2022 года на 2023 год. Пры гэтым кіраўніца ЦВК падкрэслівала, што да правядзення канстытуцыйнага рэферэндуму выбарчае заканадаўства ў Беларусі мяняцца не будзе.

24 чэрвеня старшыня створанай Лукашэнкам Канстытуцыйнай камісіі Пятро Міклашэвіч заявіў, што камісія рыхтуе папраўкі да артыкулаў аб нейтралітэце і ядзернай бяспецы.

Паводле яго, у Канстытуцыі ўдакладняць таксама палажэнне аб бяз’ядзернай тэрыторыі — з улікам будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі. На думку Міклашэвіча, варта пазначыць, што Беларусь выкарыстоўвае ядзерную энергетыку ў мірных мэтах і гарантуе бяспеку вытворчасці.

Акрамя таго, кіраўнік КС расказаў, што прэамбулу Канстытуцыі могуць дапоўніць палажэннямі аб захаванні нацыянальнай самабытнасці і суверэнітэту.

Міклашэвіч дадаў, што ў Беларусі «сёння фармуецца справядлівае грамадства на пачатках салідарнасці і агульнага дабрабыту», што неабходна таксама дадаць у прэамбулу.

У лютым падчас «усебеларускага народнага сходу» міністр замежных спраў Уладзімер Макей заявіў, што імкненне Беларусі да нейтралітэту, магчыма, не адпавядае бягучай сітуацыі, і прапанаваў улічыць гэта пры працы над папраўкамі ў Канстытуцыю. Аляксандр Лукашэнка тады ж заявіў, што праект новай Канстытуцыі будзе гатовы на працягу году.

Да 1 жніўня Канстытуцыйная камісія ў складзе 36 чалавек мусіць прадставіць выпрацаваныя прапановы для наступнага іх вынясення на рэспубліканскі рэферэндум.

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: