Палата прадстаўнікоў зацвердзіла бюджэт-2018. Асноўныя лічбы

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў 19 снежня зацвердзілі нацыянальны бюджэт на 2018 год. Бюджэт будзе канчаткова прыняты, калі яго падпіша Аляксандр Лукашэнка. Пра гэта паведамляе Радыё Свабода
Дакумэнт прадугледжвае прафіцыт, г. зн. перавагу даходаў над выдаткамі. Паводле міністра фінансаў Уладзіміра Амарына, памер прафіцыту складзе 0,65% ад валавога ўнутранага прадукту. Гэта 733,9 мільёна рублёў. У параўнанні з бюджэтам 2017 году даходы павялічацца на 7,8%, выдаткі — на 7%.

Падчас прыняцця ў другім і апошнім чытанні бюджэтнага кодэксу былі ўлічаныя папраўкі дэпутата з Баранавічаў Вольгі Палітыкі. Яна дамаглася, каб у склад выдаткаў, якія ідуць з абласных бюджэтаў, уключылі выдаткі на капітальны рамонт, рэканструкцыю, мадэрнізацыю аб’ектаў жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, уключаючы перавод кацельняў на мясцовыя віды паліва. Таксама ў выдаткі, якія фінансуюцца з бюджэтаў базавага і першаснага ўзроўняў і бюджэту Мінску, будуць уключацца выдаткі арганізацыяў, звязаныя з рэгістрацыяй грамадзян на месцы жыхарства і месцы знаходжання.

Старшыня камісіі бюджэту і фінансаў Палаты прадстаўнікоў Людміла Дабрыніна назвала прыняты сёння бюджэт «рэалістычным і кампрамісным».

Што трэба ведаць пра бюджэт-2018

Сярэдні заробак у краіне не дасягне ўзроўню ў 500 даляраў (які Лукашэнка абяцае ўжо больш за 10 гадоў) нават пры станоўчым развіцці эканомікі. Паводле кансерватыўнага сцэнару, сярэдні заробак чакаецца ў памеры 921 рубель, паводле станоўчага — дасягне 941 рубля. Сярэдні заробак у бюджэтнай сфэры — 700 рублёў.

Грашовая дапамога беспрацоўным павялічвацца ня будзе.

Стасунак сярэдняй працоўнай пэнсіі да сярэдняга заробку ў краіне складзе 40% да 100%.

Бюджэт разьлічаны з таго, што 1 даляр будзе ў сярэднім каштаваць 2,038 рубля.

Гадавая інфляцыя заплянаваная на роўні 7,4%.

Падатковая нагрузка складзе 25,2%.

Кошт 1 барэля нафты чакаецца ў 43 даляры.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!