Палата прадстаўнікоў прызначыла выбары прэзідэнта на 11 кастрычніка

Выбары прэзідэнта Беларусі пройдуць 11 кастрычніка — такое рашэнне прыняла сёння Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. За аднагалосна прагаласавалі 102 дэпутаты.



У адпаведнасці з заканадаўствам прэзідэнцкія паўнамоцтвы Аляксандра Лукашэнкі заканчваюцца 21 студзеня 2016 года. Выбары павінны прайсці не пазней чым за два месяцы да гэтай даты, а прызначаныя — за пяць месяцаў. Такім чынам, апошні тэрмін правядзення прэзідэнцкіх выбараў — 20 лістапада 2015 года. 


Раней найболей верагоднай датай іх правядзення старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына назвала 15 лістапада (апошняя нядзеля перад заканчэннем магчымага тэрміну правядзення выбараў). Аднак пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам 9 чэрвеня яна заявіла журналістам, што Цэнтрвыбаркам прапануе правесці выбары 11 кастрычніка. 



23 чэрвеня на нарадзе па актуальных унутрыпалітычных пытаннях Лукашэнка выказаў надзею на тое, што Палата прадстаўнікоў падтрымае прапанову Цэнтрвыбаркама аб прызначэнні прэзідэнцкіх выбараў на 11 кастрычніка. 

Выступаючы сёння ў парламенце, Ярмошына заявіла: дата 11 кастрычніка з'яўляецца аптымальнай па наступных прычынах. Па-першае, пры прызначэнні крайняй даты — 15 лістапада — трэба было б склікаць пазачарговую сесію. Па-другое, правядзенне выбараў 11 кастрычніка дазволіць правесці і другі тур выбараў за два месяцы да заканчэння тэрміну паўнамоцтваў дзейнага прэзідэнта (21 студзеня). 



Ярмошына падкрэсліла, што і раней прэзідэнцкія выбары прызначаліся на больш раннюю дату, чым крайняя. Крытыку прапанаванай ЦВК даты выбараў з боку апазіцыйных актывістаў яна лічыць "надуманымі пярэчаннямі крытыкаў улады, якія займаюць супярэчлівую пазіцыю". 



Старшыня ЦВК паведаміла, што ў выпадку прызначэння выбараў на 11 кастрычніка да 22 ліпеня будзе праходзіць рэгістрацыя ініцыятыўных груп; з 23 ліпеня па 21 жніўня — збор подпісаў; да 22 ліпеня — стварэнне тэрытарыяльных камісій; з 25 жніўня — участковых камісій; з 22 жніўня па 5 верасня — падача дакументаў на рэгістрацыю кандыдатаў у прэзідэнты; да 15 верасня — іх рэгістрацыя; з 6 па 11 кастрычніка — датэрміновае галасаванне.

 
Сяргей Каралевіч, БелаПАН

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2015-06-30 17:19:19
"За аднагалосна прагаласавалі 102 дэпутаты". Ёсць і іншае меркаванне: "За тое, каб выбары прайшлі 11 кастрычніка, прагаласавалі 102 дэпутаты з 104 прысутных"
(euroradio.by/palata-pradstaunikou-pryznachyla-prezidenckiya-vybary-na-11-kastrychnika)

Каментаваць