Палітолаг Дзмітрый Балкунец: «Ён цяпер падлізваецца да Крамля, але сітуацыя крытычная»

Улады Расіі і Беларусі 26 студзеня абмяняліся палітычнымі рэверансамі з нагоды пратэставых акцый у сваіх краінах.


Спярша намеснік кіраўніка фракцыі «Адзіная Расія» ў Дзярждуме Андрэй Ісаеў заявіў, што акцыі ў падтрымку арыштаванага расійскага апазіцыянера Андрэя Навальнага праходзілі паводле «беларускага сцэнару», а іх арганізатары «хацелі ахвяраў для таго, каб потым расхістваць сітуацыю» (цытата паводле ТАСС).

Затым расійскія пратэсты пракаментаваў Лукашэнка. На яго думку, улады Беларусі «павінны навучыцца ў гэты цяжкі час супрацьстаяць і ўнутраным нашым праціўнікам, і асабліва вонкавым».

Лукашэнка сказаў: «Хістаць і разгойдваць нас будуць. Вы гэта ўжо бачыце па Расіі. Мы гэта ведалі і разумелі разам з кіраўніцтвам Расіі яшчэ ў сярэдзіне мінулага году. Для нас і для іх нечаканасцяў тут няма ніякіх».

Чым розняцца пратэсты ў Расіі і Беларусі і чаму ўлады абедзьвюх краінаў так часта кажуць пра «вонкавае ўмяшанне»? Пра гэта «Настоящее время» пагутарыла з беларускім палітолагам Дзмітрыем Балкунцом, які жыве ў Маскве. Частку гутаркі прыводзіць Радыё Свабода.

— Розняцца маштабам, — кажа Балкунец. — Беларускі пратэст у разы больш маштабны. І расійскі пратэст прайграе нават тым падзеям, якія былі падчас пратэстаў на Сахарава, Балотнай шмат гадоў таму, мы памятаем гэтыя падзеі. У апошнія выходныя [у Маскве] прайшоў, я б сказаў, шараговы мітынг, супастаўляльны з мітынгамі ў беларускіх абласных цэнтрах. У Горадні, да прыкладу, падчас жнівеньскіх падзей выходзіла да 50 тысяч, таму Масква ў разы прайграе тым падзеям, якія адбываліся ў Беларусі.

— То бок розны градус незадаволенасці?

— Абсалютна розны. Розныя прычыны пратэсту, у тым ліку эканамічныя прычыны. У расійскіх рэгіёнах, пэўна, ёсць таксама нейкія асаблівасці, і ў кожнага свае праблемы. Але яшчэ раз падкрэслю: той глыбіні, маштабу пратэстаў і незадаволенасці ўладай, якая ёсць у Беларусі, у Расіі сёння няма.

Паглядзім маштаб пратэстаў жніўня [2020 году], калі ў Беларусі выходзіла на вуліцы, паводле розных ацэнак, да 500-600 тысяч чалавек — у адносінах да насельніцтва краіны гэта каласальныя лічбы, як калі б у Расіі выйшла 14 мільёнаў адначасова. Нічога падобнага ў Расіі я не назіраў у гэтыя выходныя, таму я разглядаю гэта як шараговую падзею.

Больш за тое, я адзначу дастаткова стрымана-карэктную пазіцыю і стаўленне расійскіх сілавікоў да дэманстрантаў. Калі б беларускія ўлады так сябе паводзілі ў жніўні, я думаю, што і пратэсты ў Беларусі даўно б скончыліся, але ўлада пайшла па іншым сцэнары. Я думаю, што расійскія ўлады зрабілі высновы з падзеяў у Беларусі. А Лукашэнка, на мой погляд, паводзіцца як герой Падліза з мультсерыялу «Прыгоды мішак Гамі». Ён цяпер падлізваецца да Крамля, хоча паказаць, што ён таксама «ў адной лодцы», «давайце будзем змагацца з вонкавым ворагам», Захад цяпер у яго вораг. У той час як летам у Лукашэнкі ворагам была Расія, якая яго, нібыта, зрынала, як ён крычаў на ўвесь свет.

— Але ў Расіі таксама вераць, што ўсё з Захаду ідзе.

— Але трэба ж нейкіх ворагаў знаходзіць. Лукашэнка спрабуе знайсці ворага, але ёсць такая гіпотэза, што падзеі мінулых выходных для Лукашэнкі ў плюс. Хтосьці кажа, што цяпер, наадварот, яго будуць ратаваць. Я ж думаю, што, наадварот, для яго гэта ў мінус.

Крэмль хацеў бы, каб у Беларусі ўсё чым хутчэй стабілізавалася, каб была нейкая больш ці менш стабільная карцінка хаця б там, на знешніх межах Расіі, таму для Лукашэнкі гэтая сітуацыя крытычная, я лічу. І, вядома, ён цяпер будзе спрабаваць прыдумваць вонкавых ворагаў.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: