Палітолаг: Мадэль улады Лукашэнкі фактычна ўжо разбурана

Магчыма, тактыка пратэсту пасля гэтых выхадных будзе зменена, заявіў у каментары «Беларускаму партызану» дырэктар інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

— Учора сілавікі знішчылі народны мемарыял і наладзілі паляванне на тых, хто аддаваў даніну памяці Раману Бандарэнку. Гэта значыць сілавікі ўжо нават не спрабуюць пераканаць іншых, што не з'яўляюцца карнікамі. Але ў чым можа заключацца іх унутраная логіка? Або пытанні не да іх, а да Лукашэнкі?

— Так, вядома, гэта пытанне да Лукашэнкі і тактыкі, якую ён абраў у дачыненні да грамадства і пратэсту адразу пасля выбараў 9 жніўня. Не думаю, што такія рашэнні як ліквідацыя народнага мемарыяла, прымаюцца на ўзроўні сілавых структур. Думаю, гэта рашэнне прымалася на самым высокім палітычным узроўні.

— Ці будуць у бліжэйшы час пакараныя забойцы Рамана Бандарэнкі?

— Думаю, гэта выключана. Больш, чым на 90% упэўнены, што справа будзе прыпынена, забойцаў не пакараюць, а ў афіцыйных дакументах будзе сказана, што Раман Бандарэнка сам справакаваў сваю смерць.

Будзе неверагодным, калі вінаватыя ў яго смерці будуць прыцягнуты да адказнасці пры дзеючай уладзе. Адказныя за гібель Бандарэнкі змагаліся за гэты рэжым супраць ворагаў дзеючай улады, і ў іх тэрміналогіі перагнулі палку. Калі іх выдаць, то ў вачах прыхільнікаў улады гэта будзе выглядаць так, што тыя, хто паслаў іх на заданне, здалі выканаўцаў.

— Чаму забойства Бандарэнкі не прывяло да істотнага ўсплёску вулічнага пратэсту?

— Мы не можам дакладна ведаць, колькі людзей выйшла, паколькі калоны разганяліся. Але ў цэлым, вядома, у апошнія тыдні назіраецца стомленасць ад фармату вулічных акцый. Напэўна, учора мы ўбачылі працяг гэтай тэндэнцыі.

У чым прычыны такога становішча? З аднаго боку — рэпрэсіўныя дзеянні ўладаў, выкарыстанне грубай сілы, катаванні пры затрыманні, забойства Рамана Бандарэнкі.

А з іншага — людзі перастаюць верыць, што такія дзеянні могуць нешта змяніць, бо пратэсныя акцыі працягваюцца ўжо досыць доўга.

Хапае і іншых прычын. Напрыклад, у зімовы перыяд людзей, гатовых да вулічных пратэстаў, будзе станавіцца менш.

— Трэці тыдзень дэманстрантам не даюць аб'яднацца ў шэсце, пасля выхадных зафіксаваны новы антырэкорд па затрыманых (праваабаронцы паведамляюць пра больш за 1 200). Чаму не мяняецца тактыка пратэсту?

— Знайсці іншыя формы досыць складана. Але мне здаецца, што з гэтых выхадных, калі нават такая сур'ёзная нагода выйсці як забойства Рамана Бандарэнкі не паўплывала значна на ўзровень вулічнай актыўнасці, тактыка пратэсту будзе пераглядацца.

Напэўна, у бок большай дэцэнтралізацыі, правядзення лакальных мерапрыемстваў. Гэта значыць, у бок пераходу ў формы, якія з'яўляюцца больш складанымі для кантролю з боку сілавікоў і маюць меншую цану для ўдзельнікаў, меншую верагоднасць затрыманняў.

— Пратэст у Беларусі працягваецца ўжо 100 дзён. Ці можна, на ваш погляд, казаць аб нейкіх яго поспехах?

— Безумоўна. Фактычна разбурана мадэль улады, якая існавалі ў краіне з 1996-га ці 2001-га года, калі рэжым кансалідаваўся. Відавочна, што ўлады цяпер у значнай ступені дэзарганізаваныя.

Так ці інакш кіраўніцтва краіны вымушана будзе пайсці на рэформы, перш за ўсё палітычныя. Хоць бы ў фармаце змяненняў у Канстытуцыю. Хоць пакуль незразумела, у які бок будзе мяняцца асноўны закон краіны.

Таксама незразумела, ці будуць вымушаныя ўлады пайсці на дыялог і ўлічыць меркаванне альтэрнатыўных сілаў альбо будуць спрабаваць праціснуць сваю лінію без уліку меркавання большасці насельніцтва.

Але ранейшая палітычная мадэль фактычна ўжо зламаная. А новая з вялікай ступенню верагоднасці будзе інклюзіўнай, што прывядзе да дэмакратычных зменаў у Беларусі — калі не адразу, то ў агляднай будучыні.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: