Палітолаг: Магчыма, мы ўбачым самыя масавыя пратэсты з 1996 года

Разрыў паміж надзеямі грамадства і вынікамі ад ЦВК, хутчэй за ўсё, падштурхне беларусаў да актыўнага грамадзянскага дзеяння па абароне сваіх галасоў, лічыць старэйшы аналітык Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

Андрэй Ягораў. Фота Дзіяны Серадзюк

«Відавочна, што ход на аб'яднанне быў палітычна эфектыўным. Самае важнае, што гэта аб'яднанне змагло перахапіць дынаміку росту падтрымкі, якая была ў альтэрнатыўных кандыдатаў, перш за ўсё, у Віктара Бабарыкі. Гэта значыць, тое, што Святлана Ціханоўская, зусім новы ў палітыцы чалавек, стала лідарам кампаніі, не прывяло да зніжэння дынамікі. Гэта, напэўна, у палітычным сэнсе цяпер самае галоўнае», — сказаў Андрэй Ягораў пра падзеі мінулага тыдня сайту thinktanks.by.

Цень «рукі Масквы»


Мабыць, у камандзе кааліцыі ўважліва вывучаюць разлютаваныя спрэчкі ў сацсетках па розных аспектах дзеянняў аб'яднаных штабоў. Папрокі ў адсутнасці нацыянальнага складніку — Святлана Ціханоўская і Марыя Калеснікава пачынаюць звяртацца да прысутных на беларускай, са сцэны гучыць «Жыве Беларусь!». «На каманду працуюць прафесійныя піяршчыкі, гэта факт, некаторыя з іх вядомыя — гэта класныя беларускія спецыялісты, гэта не нейкая знешняя каманда. З таго, што мне вядома, тут няма працы нанятых у Расіі альбо дзесьці яшчэ прафесійных паліттэхнолагаў — гэта толькі беларускія рэсурсы, па меншай меры, з моманту аб'яднання штабоў, — адзначае Андрэй Ягораў. — Самыя неадназначныя выказванні, якія выклікаюць недавер у часткі прыхільнікаў пераменаў, звязаныя з фігурай Валерыя Цапкалы, які днямі заяўляў пра магчымасць для Расіі стаць гарантам законнасці беларускіх выбараў, пра неблагія перспектывы Саюзнай дзяржавы і г.д. Акрамя таго, сваю лепту ўнёс і некаторы расійскі след у гісторыі Сяргея Ціханоўскага, які прасочваўся яшчэ раней і быў нядаўна абнародаваны — так, усё гэта ёсць і не можа не трывожыць».

«Але ў якім аспекце гэта трывожыць цяпер? Гэтыя ідэі могуць эксплуатавацца ў ключы таго, што калі ў Беларусі падчас або пасля выбараў здарыцца палітычны крызіс, усталюецца двоеўладдзе, супрацьстаянне паміж прыхільнікамі пераменаў і беларускай уладай, то можа ўзнікнуць ідэя, дапусцім, запрашэння расійскіх сенатараў, уплывовых асоб у якасці нейкіх пасярэднікаў ці гарантаў перамоваў з беларускай уладай. Мы памятаем, чым гэта скончылася ў 1996 годзе, калі прыезд расійскай дэлегацыі на чале з Віктарам Чарнамырдзіным дазволіў Лукашэнку выйграць час і ў палітычным супрацьстаянні перамагчы парламент і Канстытуцыйны суд. Не думаю, што ёсць хоць нейкія шанцы на тое, што сённяшняя Расія можа падтрымаць дэмакратычныя перамены ў Беларусі. Такія дзеянні будуць вельмі небяспечныя і прывядуць, хутчэй, да таго, што Лукашэнка захавае ўладу», — лічыць палітолаг. На думку Андрэя Ягорава, кааліцыя толькі ўзмацніла б свае пазіцыі, калі б «публічна акрэсліла сваю пазіцыю па пытанні ўключэння якіх-небудзь знешніх суб'ектаў у вырашэнне палітычнага крызісу ў Беларусі». «З майго пункту гледжання, гэта зняло б вельмі шмат пытанняў, прэтэнзій і занепакоенасці, якія ёсць сярод людзей, якія падтрымліваюць незалежнасць Беларусі — проста заява аб тым, што ніякія знешнія суб'екты не могуць уплываць на сітуацыю ўнутры Беларусі, што гэта выключна наша ўнутрыбеларуская справа — змены ў краіне», — сказаў Андрэй Ягораў.


Адзінае салідарнае дзеянне


«Байкот і агітацыя за байкот страцілі сэнс яшчэ з моманту росту выбухной папулярнасці альтэрнатыўных кандыдатаў. Тады стала зразумела, што байкот ужо не можа адбыцца, калі толькі ён не стане краевугольным каменем у стратэгіі саміх кандыдатаў. Я працягваю лічыць, што байкот быў найбольш аптымальнай стратэгіяй, але ўсё, што можа адбыцца сёння, звязана з масавым калектыўным дзеяннем. Святлана Ціханоўская, якая кажа пра тое, што нам патрэбныя ўсе галасы, займае правільную пазіцыю, цяпер важна адзінае салідарнае дзеянне, ну а паколькі лідарамі гэтага адзінага салідарнага дзеяння цяпер выступаюць аб'яднаныя штабы, то, вядома, трэба прытрымлівацца іх закліку», — адзначыў Андрэй Ягораў.


Пратэсты непазбежныя і ўлада да іх рыхтуецца


«Пратэсты, якія вызначаюцца па характары грамадскага ўздыму, выглядаюць усё больш і больш непазбежнымі. Надзеі людзей падаграваюцца зараз агітацыйнай кампаніяй, людзі пачынаюць верыць у магчымасць пераменаў праз выбары, яны спадзяюцца, што змогуць абараніць свае галасы, — сказаў палітолаг. — Відавочна, што ўлады не збіраюцца арганізоўваць справядлівае галасаванне. Разрыў паміж надзеямі і вынікамі, якія будуць абвешчаныя ЦВК, хутчэй за ўсё, выпхне масы на вуліцы ў актыўнае грамадзянскае дзеянне па абароне сваіх галасоў. Гэта будуць мірныя пратэсты, але, хутчэй за ўсё, яны распаўсюдзяцца на ўсю Беларусь. Магчыма, мы ўбачым самыя масавыя пратэсты з 1996 года. Вядома, улада рыхтуецца да падаўлення гэтых пратэстаў, але складана прагназаваць, як гэта ўсё будзе разгортвацца, у якім рэжыме. Многае будзе залежаць ад таго, што будуць гаварыць і рабіць лідары кампаніі падчас гэтых пратэстаў. Якія патрабаванні яны будуць выстаўляць уладам, калі гэта будзе масавы і працяглы пратэст, да чаго яны будуць заклікаць людзей, наколькі людзі будуць давяраць ім ці не давяраць... Бо можа быць і адмова ад барацьбы за вынікі галасавання, аб'ява аб пераходзе да рэалізацыі ідэі рэферэндуму, стварэння палітычнай партыі».

Але ёсць верагоднасць і таго, што кааліцыя «будзе патрабаваць ад уладаў прызнання несапраўднымі вынікаў выбараў, запатрабуе прызначыць новыя выбары пры пераглядзе складу ЦВК — масавыя пратэсты тады сур'ёзна ўзмоцняць іх пазіцыю на магчымых перамовах з уладай». «Складана сказаць, як гэта будзе. Але калі пратэсты будуць разгромленыя, калі штабы не падтрымаюць хвалю, то, вядома, гэта выкліча новую масавую дэпрэсію ў грамадстве», — лічыць Андрэй Ягораў.

Палітолаг адзначае, што сённяшняя сітуацыя ў краіне робіць «вельмі складаным доўгатэрміновы прагноз».

«Хацелася б пагадзіцца з сцвярджэннямі аб тым, што цяпер мы бачым перараджэнне грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, якое прывядзе да сістэмных зменаў у краіне. У мяне, на жаль, няма пакуль падставаў для такога роду меркаванняў цяпер. Але ўлады зрабілі ўсё магчымае для таго, каб дэлегітымізаваць гэтыя выбары ўжо сёння, што падрывае легітымнасць сістэмы ў цэлым. Можа быць пасля падзей у дзень галасавання і некалькі наступных мы ўбачым і нараджэнне новага парадку: парытэт сіл і перамовы з уладай аб новых выбарах. Цяпер жа на гэтым кароткім прамежку да выбараў важна тое грамадскі ціск, які аказваецца на выбарчыя камісіі. Сістэма выглядае маналітнай, але калі частка сябраў камісій і старшыняў адмовіцца ад дзеянняў у звыклай логіцы і пачне падыгрываць прыхільнікам пераменаў, то можа пачацца каскадны эфект абвалу. Гэта было б яшчэ адным фактарам дэлегітымізацыі выбараў і сур'ёзна б падмацоўвала сцвярджэнне аб іх незаконнасці і несправядлівасці», — сказаў Андрэй Ягораў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: