Палітолаг: Замест двух прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці прапусціць у парламент тры. Гэта ўжо прагрэс

Які сэнс ад міжнароднага назірання за выбарамі?
Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ мае намер накіраваць у Беларусь місію па назіранні за ходам парламенцкіх выбараў.

— Ці мае сэнс удзел міжнародных структур у назіранні за чарговай выбарчай кампаніяй у Беларусі?

— Трэба ж зафіксаваць, як прайшлі выбары. Беларусь з’яўляецца сябрам АБСЕ, яна запрасіла назіральнікаў БДІПЧ афіцыйна. Трэба фіксаваць, што адбываецца, таму што пытанне аб дэмакратыі — гэта пытанне, з якім увязваецца праблема стасункаў Беларусі з Еўрапейскім саюзам, — лічыць палітолаг Валер Карбалевіч.

— Ці дае такое назіранне канкрэтныя вынікі для беларускага грамадства?

— Самыя мінімальныя. Кардынальных пераменаў няма, але ўлады хоць і фармальна, рэагуюць на высновы місіі АБСЭ. Некалькі спрасцілася і палегчылася дзейнасць партый падчас выбараў, назіральнікаў сталі падпускаць бліжэй. Прынцыпова сітуацыю гэта не мяняе, але нейкія касметычныя рэчы ёсць. Лепш хай будуць назіральнікі, чым калі б іх не было.

— Наколькі шчырыя беларускія ўлады ў сваіх заявах рушыць услед пажаданням і рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ па дэмакратызацыі выбарчага працэсу?

— Зразумела, што ўлады Беларусі не збіраюцца рабіць выбары дэмакратычнымі. Нават тыя прапановы, якія былі ўнесены, Лукашэнка адмовіўся рэалізоўваць. Але нейкая аглядка на тое, што скажа АБСЕ, існуе. Тым больш што ўлады зацікаўленыя ў тым, каб быў зафіксаваны пэўны прагрэс. Праграма мінімум — гэта канстатацыя таго, што сітуацыя не змянілася ў горшы бок. Гэта вельмі важна. Напрыклад, Еўрасаюз пакуль не хоча нават пачынаць размову аб падпісанні базавага пагаднення з Беларуссю, увязваючы гэтае пытанне з пытаннем аб дэмакратыі. І санкцыі ЗША таксама ўвязаны з дэмакратыяй, таму калі б місія АБСЕ зафіксавала, што ёсць прагрэс у выбарчай кампаніі ў параўнанні з папярэднімі кампаніямі, то беларускія ўлады былі б гэтым задаволеныя.

Як можна зафіксаваць прагрэс? Па-першае, не пагаршаць занадта моцна сітуацыю. Па-другое, напрыклад, замест двух прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці прапусціць у парламент тры. Гэта ўжо прагрэс.

— Наколькі сур’ёзна ставяцца на Захадзе да таго, што ў Беларусі называецца выбарамі?

— У палітычным істэблішменце Захаду добра вядома, як праходзяць беларускія выбары, і ніякіх ілюзій ў іх няма. Яны кіруюцца тымі высновамі, якія робіць місія АБСЕ. Заходнія амбасады ў Беларусі таксама досыць добра дасведчаныя, яны таксама назіраюць. А заявы старшыні Цэнтрвыбаркама пра тое, што на ўчасткі не будуць дапушчаныя блогеры, сведчаць пра тое, што ўлады не збіраюцца праводзіць свабодныя выбары. Усе абмежаванні і бар’еры, створаныя за многія гады, захоўваюцца.

Паводле Заўтра тваёй краіны

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!