Паліттэхнолаг: План «Мінскнаш» у Крамля ёсць, але карыстацца ім вельмі рызыкоўна

 "У кантэксце «праекта 2024», які прадугледжвае транзіт ўлады для Пуціна і палітычныя змены ў Расіі, ёсць некалькі планаў і адзін з іх — інтэграцыя Беларусі. Пытанне толькі ў тым, пойдзе Расія на выкананне гэтага плана ці не", — распавёў Віталь Шкляраў «Еўрарадыё».

Віталь Шкляраў, фота Еўрарадыё


Размовы пра неабходнасць “паглыблення інтэграцыі Расіі і Беларусі ў межах Саюзнай дзяржавы” ў Беларусі ўспрынялі як пагрозу незалежнасці. Паліттэхнолаг Віталь Шкляраў тлумачыць, чаму Крамлю не выгадна “анексаваць” Беларусь, чаму ў нашай краіне ідэю аб’яднання з Расіяй не падтрымаюць і чаму будучага ў Саюзнай дзяржавы няма.

Даведка Еўрарадыё: Віталь Шкляраў — паліттэхнолаг. Нарадзіўся ў Гомелі. Працаваў у выбарчым штабе Ангелы Меркель, Барака Абамы, на выбарах у ЗША 2016 года — у штабе кандыдата ў прэзідэнты Берні Сандэрса. Падчас расійскіх выбараў-2018 працаваў у выбарчым штабе Ксеніі Сабчак.



Еўрарадыё: У чым сутнасць канфлікту паміж Мінскам і Масквой — ці справа толькі ў кампенсацыі падатковага манеўру?

Віталь Шкляраў: Канфлікт паміж Мінскам і Масквой, які мы назіралі напрыканцы мінулага года, традыцыйны. Штогод мы назіраем гэтыя навагоднія танцы, звязаныя з вызначэннем коштаў на энерганосьбіты. Будуць яны і ў гэтым годзе, і ў наступным. Гэта канфлікт, які сваімі каранямі сыходзіць у фундаментальнае пытанне эканамічнай залежнасці Беларусі ад Расіі, ад расійскага газу і кошту на яго. Таму праблема не новая, нікога з лідараў дзвюх нашых краін ніякая муха не ўкусіла. Прычына другая — расійскі фінансавы пірог, які з-за санкцый ды іншых чыннікаў апошнім часам змяншаецца. І Расія ўжо не можа так лёгка як раней расставацца з грашыма. Таму расійскія ўлады шукаюць магчымасць не толькі выняць грашовыя сродкі з кішэні расіян, але і аптымізаваць знешнія траты.

Еўрарадыё: Але ці сапраўды у Крамлі хочуць “паглыблення інтэграцыі ў межах Саюзнай дзяржавы” ў поўнай меры?

Віталь Шкляраў: У Расіі ў гэтым пытанні выключна палітычныя мэты, а ў Беларусі — эканамічныя. Уся палітыка Беларусі ў дачыненні Расіі грунтуецца на базавых прынцыпах эканамічнага выжывання. І гэта зразумела, бо ніхто ў Беларусі не хоча, каб краіна станавілася 86-й акругай Расіі, не хоча паглынання жорсткім алігархічным капіталам Расіі. Бо ні Розэнбергі, ні ўвесь астатні кааператыў “Возера” не будзе гарантаваць беларускім бізнесменам і элітам нейкія прэферэнцыі. Адпаведна, ні пра якую палітычную інтэграцыю дзвюх краін размова не можна ісці.

Еўрарадыё: Тым не менш гэтыя размовы пра “паглыбленне інтэграцыі”, Саюзную дзяржаву выклікалі вялікую занепакоенасць у Беларусі. Але ці ёсць падставы для непакою — ёсць у Крамля план паглынання Беларусі?

Віталь Шкляраў: Безумоўна, існуе. Думаю, у кантэксце “праекта 2024”, які прадугледжвае транзіт ўлады для Пуціна і палітычныя змены ў Расіі, ёсць некалькі планаў і адзін з іх — інтэграцыя Беларусі. Пытанне толькі ў тым, пойдзе Расія на выкананне гэтага плана ці не. Бо Беларусь — суверэнная краіна з правам голасу шмат у якіх міжнародных арганізацыях. Да ўсяго, Расія моцна паламала зубы аб украінскае пытанне. Крым вельмі дорага абышоўся расійскай эканоміцы. Другі такі канфлікт Расія ні фінансава, ні палітычна не пацягне. Ды і няма такой патрэбы. Ну і ўлічвайце такі факт: калі б Беларусь і Расія аб’ядналіся ў адзіную дзяржаву і праводзіліся б выбары кіраўніка, то Пуцін на гэтых выбарах гарантавана прайграў бы Лукашэнку, бо сімпатыі да Лукашэнкі і антыпатыя да Пуціна сярод грамадзян Расіі вельмі вялікія. Таму далей размоў гэтая інтэграцыя не пойдзе. Але размовы наконт яе выгадныя сёння як уладам Расіі, так і кіраўніцтву Беларусі.

Падтрыманне “рускага свету” ў Крыме, Сірыі і гэтак далей абыходзіцца Расіі нашмат даражэй, чым падтрымка Беларусі. Тыя 3-4 мільярды долараў, пра якія вядзецца гаворка, — не вялікія грошы для Крамля. Яны не каштуюць таго, каб страціць апошняга саюзніка, нарвацца на новыя санкцыі і канчаткова сапсаваць стасункі з ўсім светам.

euroradio.fm


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!