Палітвязень Жамчужны паведаміў, на якой падставе знішчаюць яго лісты на волю

У паштоўцы, якую атрымаў нядаўна з папраўчай калоніі № 9 віцебскі праваабаронца Леанід Свецік, палітвязень Міхаіл Жамчужны паведаміў, на якой падставе аператыўнікі знішчаюць яго карэспандэнцыю.
«Шкадую, але лісты да вас знішчаюцца па актах аператыўнымі супрацоўнікамі папраўчай калоніі № 9 за, нібыта, «прычыненне шкоды ахоўваным законам правам дзяржаўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў і асобных грамадзян», — напісаў у паштоўцы ад 10 кастрычніка Міхаіл Жамчужны.

Ён удакладняе, што з той жа прычыны былі знішчаныя лісты да Леаніда Свеціка, датаваныя 25 верасня і 8 кастрычніка.

«Ад 20 верасня з 27-мі адпраўленых лістоў знішчана ўжо 16. За травень 2018 году з 32-х адпраўленых знішчана 20», — падсумоўвае палітвязень.

«Буду пісаць яшчэ, чакайце!» — не губляе аптымізму Жамчужны.

На развітаньне запэўнівае: «У мяне ўсё ў парадку. Паспяхова ваюю з адміністрацыяй».

Нагадаем, у лісьце, атрыманым на пачатку кастрычніка, Міхаіл Жамчужны паведаміў, што збіраецца абскардзіць у Вярхоўным судзе катаванні і досьледы, якія чыняцца над ім у калоніі.

Паводле vitebskspring.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: