Палітыкі і былыя дысідэнты з Украіны і Расіі звярнуліся да Каардынацыйнай рады і грамадзян Беларусі

У звароце заклікаюць дэмакратычныя краіны ўвесці санкцыі супраць службовых асобаў Беларусі, якіх падазраюць у катаваннях і забойствах мірных грамадзян, а міжнародныя органы юстыцыі — пачаць іх крымінальны пераслед, паведамляе «Свабода»
Страйк на минскім заводзе МТЗ 18 жніўня, Фота www.svaboda.org

Страйк на минскім заводзе МТЗ 18 жніўня, Фота www.svaboda.org


Расійскія і ўкраінскія грамадскія дзеячы звярнуліся да беларускай грамадзянскай супольнасці і Каардынацыйнай рады, створанай з ініцыятывы кандыдаткі ў прэзідэнты Беларусі Святланы Ціханоўскай, паведамляе БелаПАН.

У звароце гаворыцца, што пасля 9 жніўня «Беларусь увайшла ў кульмінацыйны гістарычны момант, калі лёс шматгадовай барацьбы за свабоду і дэмакратыю можа быць хутка і мірна вырашаны масавымі дзеяннямі грамадзян».

«Чым больш шматлікія мітынгі і пратэсты, чым больш прадпрыемстваў, установаў, арганізацыяў Беларусі далучаецца да калектыўных пратэстаў, прыпыняе сваю дзейнасць, тым хутчэй і з меншымі выдаткамі вырашыцца палітычны крызіс у краіне», — адзначаецца ў звароце.

Яго падпісанты вітаюць ініцыятыву Святланы Ціханоўскай па стварэнні Каардынацыйнай рады для трансферу ўлады ў Беларусі і асуджаюць рэпрэсіі з боку беларускай улады, у тым ліку крымінальны пераслед з палітычных матываў сяброў Рады.

«Мы таксама рашуча асуджаем спробы беларускага дыктатара заручыцца падтрымкай кіраўніцтва Расіі, а таксама скарыстацца рознымі расійскімі рэсурсамі (фінансавымі, палітычнымі, медыйнымі, вайскова-паліцэйскімі). Усё гэта вядзе да страты тэрытарыяльнай цэласнасці і незалежнасці Беларусі і, урэшце, вядзе да знікнення Беларусі з палітычнай мапы свету».

Падпісанты звароту заклікаюць дэмакратычныя краіны ўвесці санкцыі супраць службовых асобаў Беларусі, якіх падазраюць у катаваннях і забойствах мірных грамадзян, а міжнародныя органы юстыцыі — пачаць іх крымінальны пераслед. Таксама ў звароце заклікаюць украінцаў і расіян, «усіх людзей добрай волі» падтрымліваць беларускі народ у яго «гераічнай барацьбе супраць тыраніі і несправядлівасці, за свабоду і дэмакратыю».

Подпіс пад зваротам паставілі:

расійскі і ўкраінскі юрыст, палітычны дзеяч Іван Бялецкі;

міністр замежных спраў Украіны ў 2014–2019 гадах Паўло Клімкін;

савецкі дысідэнт, расійскі прафсаюзны дзеяч Павел Кудзюкін;

савецкі дысідэнт, пісьменнік, палітычны эксперт Герман Обухаў;

расійскі палітолаг Андрэй Акара;

дэпутат Дзяржаўнай думы РФ у 2007–2016 гадах Ілья Панамароў;

расійскі палітычны эксперт Андрэй Піянткоўскі;

украінскі дыпламат, юрыст-міжнароднік, палітык Вадзім Трухан;

расейскі і ўкраінскі юрыст, публіцыст, палітычны эксперт Юрый Шуліпа.

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: