Памылка выканаўцаў ці Лукашэнка выконвае абяцанне?

Ці тое псіхалагічны ціск, ці тое пошук кампрамату — так можна назваць апошнія дзеянні ўлады ў дачыненні да прэтэндэнтаў на вышэйшую выбарную пасаду ў краіне. Але ці будзе з гэтага вынік?


На чарговай нарадзе 10 чэрвеня беларускі кіраўнік — таксама прэтэндэнт у прэзідэнты, — загадаў Генпракурору, Камітэту дзяржкантролю і іншым сілавікам «прашарсціць гэтых пузатых буржуяў». Прычым, усё гэта адбылося на нарадзе «па актуальных грамадска-палітычных пытаннях».

І ўжо 11 чэрвеня сілавікі прыйшлі да Бабарыкі і Цапкалы. У былую вотчыну Бабарыкі — «Белгазпрамбанк», з ператрусам завіталі прадстаўнікі КДК. Маўляў, ёсць крымінальная справа за ўхіленне ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры, а таксама за легалізацыю сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры. Фігуранты справы — былыя і цяперашнія супрацоўнікі банка. Па паведамленні ДФР, Бабарыка пакуль да справы не адносіцца.

Да штабу Валерыя Цапкалы таксама прыходзілі супрацоўнікі КДК. Па якой справе — невядома, бо яны як прыйшлі, так і сыйшлі.

Цяпер народ у інтэрнэтах робіць стаўкі: колькі грошай і з якой спробы знойдуць у прэтэндэнтаў у кіраўнікі дзяржавы «за канапай»? У блогера Сяргея Ціханоўскага, нагадаем, з трэцяй спробы знайшлі 900 тысяч долараў.

Тое, што ўлады паспрабуюць дзейнічаць у «сілавым» ключы, стала зразумела пасля арышту Ціханоўскага. Відавочна, што гэтыя вобшукі — спроба альбо запужаць прэтэндэнтаў у прэзідэнты, альбо націснуць на іх. А можа быць, нашыя чыноўнікі і думкі не дапускаюць, што іх патрон можа не мець рацыі. Ці дапускаюць, але не хочуць лішні раз раздражняць непрадказальнага кіраўніка. Памятаеце, як Лукашэнка казаў, што «калі ў нас ёсць нафта, дык недзе павінен быць і газ, і не можа быць, каб яго не было»? Тады Акадэмія навук кінулася вышукваць газавыя радовішчы, хаця, падавалася б, яшчэ з часоў СССР усё вышукана лепш, чым мы можам цяпер.

Так і зараз: калі Лукашэнка сказаў пра «Прыват Лізінг» — дык не можа быць, каб у Бабарыкі нічога не знайшлося. Калі трэба «прашарсціць буржуяў», то Цапкала з яго шматпакутным катэджам таксама падыйдзе.

Прычым, рэальная вартасць дзеянняў супрацоўнікаў КДК па крымінальнай справе, якая раптам узнікла пасля слоў кіраўніка дзяржавы, блізкая да нулю. Бабарыку і Цапкалу не назавеш людзьмі неадэкватнымі. Прымаючы рашэнне ісці ў выбары, яны відавочна разумелі, з чым (і кім) ім давядзецца сутыкнуцца. Апроч таго, яны — бізнесоўцы, а значыць, пралічвалі рызыкі ды магчымыя крокі і захады, якія маглі прыняць адносна да іх улады. У іх быў час падрыхтавацца да такога развіцця падзей не толькі да выбараў, але і даволі багаты час — ад абвяшчэння пра прэзідэнцкія амбіцыі, збор ініцыятыўных груп, іх рэгістрацыю, збор подпісаў — пасля іх. За гэты час можна было падчысціць усе бухгалтарскія кнігі.

Таму справы ў дачыненні да іх можна толькі сфабрыкаваць.

Калі дзеянні сілавікоў — спроба запужаць двух самых паспяховых прэтэндэнтаў на прэзідэнта, то тут улады відавочна памыліліся. Бабарыка і Цапкала пайшлі на выбары свядома, прычым, ведаючы сістэму. Гэта не «выпадковая» Святлана Ціханоўская, якой было дастаткова толькі намякнуць на правакацыі — і яна зняла пікеты па зборы подпісаў у сталіцы.

Калі дзеянні сілавікоў — спроба неяк «ачарніць» патэнцыйных супернікаў Лукашэнкі, то і гэта няўдалы крок.

Наш народ любіць пакрыўджаных. Зноўку ўзгадаем Ціханоўскага: калі яго арыштавалі з відавочным намерам не даць падацца ў прэзідэнты, вынік быў — плюс 45000 падпісчыкаў YouTube-канала «Краіна для жыцця» і рэгістрацыя ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай. Да «пасадкі» блогер-кандыдат успрымаўся «фрыкам», пасля яе ён стаў ці не сімвалам вулічнай актыўнасці ў Беларусі. І тыя чэргі жадаючых за яго падпісацца, якія выстройваліся на кіламетры — гэта таксама не ў малой ступені вынік дзеянняў уладаў.

Дый каму, як не Лукашэнку, пра тое ведаць? Ён сам у 1994-м выехаў на іміджы «барацьбіта з наменклатурай і дзяржаўнай машынай», ды «пакрыўджанага ўладай». Цяпер сам Лукашэнка паўтарае тыя ж памылкі ўлады, якімі ён у свой час так удала скарыстаўся.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: