Партыя БНФ заклікала дэмсілы не ўдзельнічаць у выбарах прэзідэнта

10 траўня Сойм Партыі БНФ у фармаце анлайн-пасяджэння разгледзіў палітычную сытуацыю у Беларусі, што склалася ва ўмовах прызначэння выбараў падчас пандэміі COVID-19.
Кіруючы орган партыі прыняў з гэтай нагоды палітычную заяву «Уцягваць людзей ў выбарчае махлярства падчас пандэміі – падвойнае злачынства».

«Партыя БНФ з абурэннем канстатуе, што цяперашняе кіраўніцтва Беларусі не здзейсніла прапанаваных БНФ ды грамадзянскай супольнасцю захадаў дзеля прадухілення пашырэння каронавірусу ды належнага інфармавання грамадзянаў пра сапраўдны стан рэчаў, не ажыццявіла неабходнай падтрымкі беларускага бізнэсу ды хатніх гаспадарак, а з боку вышйэшага кіраўніцтва краіны былі зробленыя заявы пра адмаўленне небяспекі пандэміі і заклікі да шкодных для здароўя насельніцтва паводзінаў насуперак рэкамендацыям медыкаў.

Найяскравейшым прыкладам усіх заганаў улады з'явілася правядзенне масавых мерапрыемстваў 9 траўня, у тым ліку вайсковага параду і канцэрту. Дзеля задавальнення ўласных амбіцыяў Аляксандр Лукашэнка сваім валюнтарыскім рашэннем паставіў пад сур’ёзную пагрозу здароўе і жыцці тысячаў людзей, сярод іх – ветэранаў ІІ сусветнай вайны ды пенсіянераў, якія належаць да асаблівай групы рызыкі. Улады прадэманстравалі, што не зацікаўленыя ў належным, глыбокім і паўнавартасным міжнародным супрацоўніцтве, праігнараваўшы рэкамэндацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя і абвесціўшы пра ўвядзенне грашовага збору за аказанне дабрачыннай дапамогі з-за мяжы, у тым ліку за ўвоз у краіну сродкаў барацьбы з COVID-19», — сказана ў заяве.

Партыя БНФ асудзіла прызначаныя на 9 жніўня выбары:

«Правядзенне выбарчай кампаніі ва ўмовах пандэміі з'яўляецца гранічна безадказным і небяспечным. Сойм Партыі БНФ заяўляе, што ва ўмовах пашырэння каронавірусу ў Беларусі правядзенне выбарчай кампаніі немагчымае. Перадусім, таму што кожны этап кампаніі патрабуе актыўный наўпроставай камунікацыі паміж тысячамі людзей, што ставіць іх здароўе і жыцці, а таксама здароўе і жыцці іх родных, пад пагрозу».

Сойм Партыі БНФ прыняў рашэнне аб няўдзеле Партыі ў прэзідэнцкіх выбарах 2020 году. Партыя не будзе вылучаць свайго кандыдата, а таксама не будзе падтрымліваць ніякага іншага кандыдата. БНФ звярнулася да лідараў і актывістаў усіх дэмакратычных арганізацыяў з заклікам не вылучаць сваіх кандыдатаў у прэзідэнты і не ўдзельнічаць у кампаніі ва ўмовах пандэміі:
 
«Партыя БНФ заяўляе, што Аляксандр Лукашэнка цягам некалькіх кадэнцыяў з’яўляецца нелегітымным кіраўніком краіны і не мае права балятавацца на пасаду прэзідэнта не толькі юрыдычна, але перадусім таму, што ягоны чарговы тэрмін будзе мець катастрафічныя наступствы для беларускай дзяржаўнасці, эканомікі і грамадства, для здароў’я насельніцтва. Калі беларускія палітыкі супольна праявяць палітычную спеласць і адмовяцца ад удзелу ў небяспечнай выбарчай кампаніі падчас пандэміі, кампанія павінная быць спыненая і прызначаныя паўторныя выбары. Да правядзеньня паўторных выбараў Партыя БНФ прапануе правесці Круглы стол нацыянальнай згоды для абмеркавання шляхоў супрацьстаяння каронавіруснай пандэміі і палітычных рэформаў у Беларусі».

Партыя БНФ заклікала перафарматаваць кампанію «Права выбару» з кампаніі назірання за выбарамі ў кампанію выяўлення ды фіксавання злачынных дзеянняў улады, якая будзе ў цені каронавіруса праводзіць маніпуляцыі, фальсіфікацыі і рэпрэсіі са смяротнай небяспекай для беларусаў. 

narodny.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: