Партыя БНФ заклікала годна адзначыць 25-годдзе Канстытуцыі

12 студзеня Сойм БНФ на сваім пасяджэнні прыняў заяву з нагоды надыходзячага 25-годдзя Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. У заяве ўтрымліваецца зварот да ўладаў аб захадах па адзначэнні юбілейнай даты, якая мусіць стаць нагодай для падцвярджэння незалежнасці і суверэнітэту сучаснай беларускай дзяржавы.
На 2019 год прыпадае юбілейная дата, надзвычай значная для палітычнай гісторыі сучаснай Беларусі: 15 сакавіка будзе адзначацца дзяржаўнае свята – Дзень Канстытуцыі, якая была прынятая 25 гадоў таму ў сакавіку 1994 году. Пратыя БНФ выступіла з заявай да беларускіх уладаў з гэтай нагоды.

«Адзначэнне гадавіны абвяшчэння Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і актуалізацыя закладзеных у ёй прынцыпаў дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі асабліва важныя цяпер, калі супраць нашай краіны ажыццяўляюцца інфармацыйныя атакі, скіраваныя на пазбаўленне беларускага народа права на самавызначэнне і пабудову ўласнай нацыянальнай дзяржавы. Досвед адзначэння летась стагоддзя Беларускай Народнай Рэспублікі сведчыць, што падобныя важныя гістарычныя даты могуць спрыяць умацаванню беларускай дзяржаўнасці, а іх ігнараванне дзяржаўнымі органамі можа несці пагрозу для яе», — заяўляе Партыя БНФ.

«З нагоды 25-годдзя Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь БНФ звяртаецца да рэспубліканскіх і мясцовых органаў улады з прапановай шырока адзначыць гэтую важную дату, у тым ліку разгледзіўшы, сярод іншага, наступныя захады:

— Наданне вуліцам, праспектам і плошчам у гарадах Беларусі назваў у гонар Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і яе 25-годдзя, у тым ліку пераіменаваўшы адну з важных вуліц у Мінску ў гонар Канстытуцыі (гэта можа быць цяперашняя вуліца Ульянаўская, якая сімвалічна ідзе паралельна цяперашняму праспекту Незалежнасці);
— Прысвячэнне штомесячнага «Адзінага дня інфармаваньня насельніцва» у сакавіку 2018 года тэме «Станаўленне сучаснай беларускай дзяржаўнасці: Прыняццё Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь» з даручэннем падрыхтаваць адпаведныя матэрыялы для інфармацыйна-прапагандысцкіх груп Інфармацыйна-аналітычнаму цэнтру пры адміністрацыі прэзідэнта супольна з Інстытутам гісторыі Акадэміі Навук;
— Правядзенне ў дыпламатычных прадстаўніцтвах Рэспублкі Беларусь у замежжы ўрачыстых прыёмаў ды іншых імпрэзаў, у тым ліку ў супрацы з арганізацыямі беларускай дыяспары;
— Візуальнае аздабленне вуліц сталіцы ды іншых гарадоў тэматычнымі расцяжкамі і транспарантамі, а таксама даручэнне УП «Агенцтва Мінск-Навіны», ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне», галоўнаму ўпраўленню ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама ды іншым адпаведным установам арганізаваць у СМІ публікацыі да 25-годдзя беларускай Канстытуцыі».

Паводле прэс-рэлізу

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!