Партыя левых «Справядлівы свет» абрала лідара

Ім ізноў стаў Сяргей Калякін, піша Свабода.

За Калякіна прагаласавала 79 з 137 дэлегатаў ХХ з'езда, які сёння адбыўся ў Менску.

«Мы засталіся камуністычнай партыяй. Таму мы павінны ісьці да моладзі з камуністычнай ідэалогіяй, з камуністычнай сымболікай» — сказаў у заключным слове стары-новы стары лідар.

Сяргей Калякін ачольвае Беларускую партыю левых «Справядлівы свет» 25 гадоў — з 1994 года (да 2009-га яна называлася Партыяй камуністаў Беларускай).

Прэтэндэнтаў на пасаду старшыні партыі было трое. Дэлегаты вылучылі 66-гадовага дзейснага кіраўніка партыі Сяргея Калякіна, які займае пасаду з 1994 года; 35-гадовага Аляксея Елісеева, кандыдата гістарычных навук, кіраўніка Менскага філіялу Расійскага эканамічнага ўніверсітэту імя Пляханава; а 29-гадовы наладчык заводу «Інтэграл» Яўген Макараў вылучыў сябе сам.

Перад выбарамі з залі паступіла прапанова змяніць працэдуру: галасаваць не таемна, бюлетэнямі, а адкрыта, уздымаючы рукі — маўляў, партыйцам няма чаго хаваць. Аднак Сяргей Калякін заклікаў захоўваць дэмакратычныя прынцыпы і галасаваць бюлетэнямі.

За Калякіна прагаласавала 79 чалавек.

За Аляксея Елісеева — 40 чалавек.

Яўген Макараў набраў 12 галасоў.

Супраць усіх — 2.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!