Партыя БНФ: 3 ліпеня — дзень дэманстрацыі залежнасці

Як паведамляецца, у афіцыйных урачыстасцях, якія рыхтуюцца ўладамі з нагоды 3 ліпеня, запланаваны ўдзел расійскіх вайсковых частак пад расійскімі сцягамі, а таксама плануецца прысутнасць расійскага прэзідэнта У. Пуціна. Намеснік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў даў рэзка негатыўную ацэнку ўдзелу расійскіх вайскоўцаў у мінскім парадзе.



У каментары прэс-службе Партыі БНФ ён заявіў:
 
 
Расійскія войскі пад расійскім трыкалорам у Мінску ў дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў – гэта здзек над гістарычнай праўдай мінулай вайны і недапушчальная падтрымка сённяшняй расійскай агрэсіўнай палітыкі ва Украіне.
 
 
Цяперашні дзяржаўны сцяг Расійскай Федэрацыі – гэта сымболіка, якая выкарыстоўвалася пад час Другой сусветнай вайны расійскімі нацысцкімі фармаваннямі на тэрыторыі Беларусі, у тым ліку гэтак званымі “уласаўцамі”, “радыёнаўцамі” і “камінскаўцамі”. Прысутнасьць яго на парадзе з нагоды гадавіны выгнання з беларускай сталіцы нямецка-нацысцкіх захопнікаў ёсць гістарычна не абгрунтаваная і пераўтварае гэты парад ў фарс.
 
 
Асабліва недарэчным і шкодным для іміджу Беларусі з’яўляецца ўдзел у вайсковых урачыстасцях войскаў, што зусім нядаўна здзейсьнілі рабаўніцкі напад на нашую братнюю суседку Украіну. Такім чынам ствараецца надвыйчай кепскі імідж Беларусі як паплечніка і саюзніка агрэсараў і міжнародных злачынцаў.
 
 
Зразумела, што такім чынам сённяшняе мінскае кіраўніцтва імкнецца пусціць пыл у вочы расійскім гасцям і канкрэтна У.Пуціну. Выклікана гэта тым, што палітычнае выжыванне дзеючага рэжыму цалкам залежыць ад расійскай падтрымкі, асабліва ў фінансаванні збанкрутаванай эканамічнай мадэлі сучасных беларускіх уладаў.
 
 
У сённяшніх умовах дзень 3 ліпеня ёсць нагодай задумацца над тым, як хутка цяперашняе кіраўніцтва краіны здае атрыбуты дзяржаўнага суверэнітэту. Заключаныя кабальныя і невыгодныя для беларускай эканомікі пагадненні пра ўтварэнне з 2015 года Еўразійскага саюзу. Павялічваецца крэдытная залежнасць Беларусі ад грошаў, што выдзяляюцца Расійскай Федэрацыяй. Пад выглядам стварэння сумесных холдынгаў расійскі капітал, пры дапамозе палітычнага ціску з Крамля, бярэ пад кантроль найбольш сучасныя і прыбытковыя беларускія прадпрыемствы. Расійскія ваенна-паветраныя сілы нарошчваюць сваю прысутнасць у Беларусі, а ў перспектыве плануецца стварэнне экстэрытарыяльнай расійскай вайсковай базы, над якой не будзе нават фармальнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь.
 
 
На гэтым тле непераканаўча і слаба выглядаюць прамовы Лукашэнкі пра неабходнасьць нацыянальнай еднасці, сказаныя на беларускай мове: для дзяржаўнага дзеяча і палітыка недастаткова казаць па-беларуску, а неабходна весці прабеларускую палітыку ў інтарэсах беларускага народу, умацоўваць нацыянальны суверэнітэт і не гандляваць агульнанародным здабыткам.
 
 
У такіх умовах парад 3 ліпеня выглядае як вар’яцкі расійскі атракцыён, пір пад час чумы (дарэчы, за сапсаваны цяжкой бранетэхнікай асфальт на вуліцах Мінску будуць расплочвацца аўтамабілісты ўсёй краіны – відаць, менавіта з гэтай мэтай быў уведзены драпежніцкі грашовы збор “за допуск аўтамабіляў да дарожнага руху”).
 
 
На вялікі жаль, гэты парад, як і ўсё свята 3 ліпеня ў гэтым годзе, пераўтвараецца ў дэманстрацыю залежнасці сённяшняга рэжыму ад ягоных расійскіх патронаў.
 
 
Прэс-служба Партыі БНФ

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: