Пасля 25-га па-ранейшаму ўжо не будзе

Ці дасягнулі ўлады сваёй мэты жорсткім разгонам акцый?

Фота Уладзіслава Рубанава. 25.03.2017

Што мы мелі 25 сакавіка? У звыклым для сябе рэчышчы ўлада паспрабавала запалохаць народ. Прэвентыўнымі арыштамі, крымінальнай справай за «масавыя беспарадкі», якіх не было, ролікамі пра «баевікоў і іх зброю». Поўны міліцыі Мінск 25-га — гэта была кульмінацыя запалохвання.

Але зараз не спрацавала. Па вельмі простай прычыне, пра якую мы казалі шматкроць. Таму што зараз пратэст — не «апазіцыйны».

Зазвычай улада прымяняла такія захады падчас прэзідэнцкіх выбараў. Але тады ў Лукашэнкі быў моцны козыр у выглядзе «элегантнай перамогі» і намаляваных 83%. Зараз выбараў няма, і казаць пра «паўпрацэнты нязгодных» не выпадае.

Нязвыклае і маўчанне кіраўніка дзяржавы. За некалькі дзён, якія прайшлі з Дня Волі, мы не пачулі ад яго традыцыйных каментараў пра «адмарозкаў, якія паспрабавалі дэстабілізаваць сітуацыю», ці пра «пятую калону, праплачаную Захадам». Лукашэнка праводзіць нараду па адзінай сістэме маніторынгу грамадскай бяспекі (нібыта без яго відэакамеры да кампутараў не падключаць), і спрабуе паказаць, што не адбылося зусім нічога. Нібыта і не было масавага «хапуна» і вадамётаў на вуліцах сталіцы.

Гэтае маўчанне — паказчык. Правадыр у тупіку. Ён нейтралізаваў «пятую калону» яшчэ «на маршы», перад Днём Волі. Але людзі ўсё адно выйшлі — як у Мінску, так і ў іншых гарадах Беларусі. Пра іх ужо не скажаш, што гэта «адмарозкі». У «адмарозках» ходзіць увесь народ.

Гэта маўчанне выглядае як разгубленасць. Проста сказаць няма чаго. Ці ўлада спадзяецца, што, калі людзям пра гэтыя падзеі не нагадваць, яны пра іх хутка забудуцца? Занадта шмат абураных грамадзян ходзіць па вуліцах.

Адначасна ўлада спрабуе зрабіць добрую міну пры дрэннай гульні. МЗС Беларусі заявіў замежным калегам, што «ўсе затрыманні праводзіліся ў межах беларускага заканадаўства». Але ці ў межах беларускага заканадаўства прэвентыўныя затрыманні? Збіццё маніфестантаў і журналістаў, асабліва замежных? Адмова выклікаць консулаў для замежных грамадзян? Спіс можна працягваць доўга…

Не дзіва, што ЗША і ЕС даволі жорстка выказаліся наконт беларускіх падзей, а больш блізкія суседзі — Польшча і Літва, — нарэшце ўзгадалі, што санкцыі адносна Беларусі былі прыпыненыя часова ўзамен на «крокі па дэмакратызацыі». Гэтых крокаў, праўда, не было, было таптанне на месцы, але скачок назад рэакцыю ўсё ж выклікаў.

Раздзіраючыся паміж неабходнасцю атрымання грошай з Еўропы і не меншай неабходнасцю збіць унутраны пратэст, улада разгубілася. Большасць з амаль 700 затрыманых былі вызваленыя без складання пратаколаў, судзілі прыкладна 150 чалавек. Вялікі раскід пакаранняў — ад штрафу ў тры базавыя велічыні Вользе Казановіч да 25 сутак Леаніду Кулакову, — таксама сведчыць, што вызначанага стаўлення да «парушальнікаў парадку» не было. Суддзям проста не паспелі аддаць загад наконт «пажаданых» прысудаў.

Але застаецца адкрытай справа пра масавыя беспарадкі. Захоп Міколы Статкевіча і яго ж вызваленне са спробаю зрабіць выгляд, нібыта «нічога не здарылася, у нас яго не было», гаворыць, што там таксама не ўсё сыходзіцца. Між тым, прадстаўнікі некаторых краін ужо сказалі, што з’яўленне ў Беларусі новых палітвязняў будзе азначаць аднаўленне санкцый.

І, відавочна, улада прадэманстравала МВФ, на што ідуць іх крэдыты. У інтэрнэце ўжо з’явіліся заклікі спыніць супрацоўніцтва заходніх фінансавых інстытутаў з Сінявокай, бо грошы ўсё роўна пойдуць на рэпрэсіўны апарат.

Ці можна казаць, што ўлады збілі хвалю народных пратэстаў? На мой погляд, не. Каб хваля была збітая, то на наступны дзень у рэгіёнах (ну і ў Мінску таксама), пабачыўшы «вясёлыя карцінкі» са сталіцы, на вуліцы б не выйшаў ніхто. Але — выйшлі ж. Справа таксама скончылася затрыманнямі, і тым не менш — выйшлі ў знак салідарнасці і таму што не баяцца.

Пратэст проста крыху заглыбляецца. Справа тут нават не ў дзеяннях улады: проста зараз пачнуцца звыклыя вясенне-палявыя працы. Дый актыўная апазіцыя — арганізатары акцый — перагрупуецца і ачуняе пасля масавых пасадак. А пакуль будзе ісці гэтая «перагрупоўка», эканамічны стан працягне пагаршацца. І, з яшчэ большым зніжэннем дабрабыту, пратэст непазбежна выбухне — крыху пазней.

Ці раней — калі ўлада зноў падкіне для яго падставу ў выглядзе чаго-небудзь кшталту дэкрэту №3.

Але адно можна сказаць дакладна: пасля 25 сакавіка па-ранейшаму ўжо не будзе.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: