Пасля візіту Болтана ў Мінск расійска-беларускія адносіны могуць абвастрыцца, — палітолаг

Цяпер тэзіс пра незалежную Беларусь як гаранта і донара рэгіянальнай бяспекі і стабільнасці займеў папулярнасць сярод амерыканскіх стратэгаў. І сёння ў Вашынгтоне ёсць кансенсус, што існаванне незалежнай і суверэннай Беларусі адпавядае стратэгічным нацыянальным інтарэсам ЗША, распавёў Арсень Сівіцкі на «Радыё Свабода».

Джон Болтан

Джон Болтан

Госць «Інтэрв’ю тыдня» на «Свабодзе» — кіраўнік беларускага Цэнтру стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Арсень Сівіцкі. Ён тлумачыць, чаму візіт Джона Болтана ў Мінск ужо цяпер можна назваць гістарычным, прадказвае магчымую негатыўную рэакцыю Масквы і заяўляе, што захаванне незалежнасці Беларусі адпавядае інтарэсам ЗША.

Сцісла

·        ЗША вельмі хвалюе захаванне суверэнітэту Беларусі.

·        У Вашынгтоне існуе кансенсус, што захаванне незалежнасці Беларусі адпавядае інтарэсам ЗША.

·        Вашынгтон непакояць намеры Расіі наконт інкарпарацыі Беларусі.

·        Расія разглядае паляпшэнне адносінаў Беларусі з ЗША як выклік для свайго ўплыву на Беларусь.

·        Пасля візіту Болтана ў Мінск расійска-беларускія адносіны могуць абвастрыцца. 

— На гэтым тыдні ў Мінск мае прыехаць дарадца прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джон Болтан. Болтан мае стаць найвышэйшым амерыканскім службоўцам, які наведае Беларусь у гэтым стагоддзі. Ці можна ўжо зараз назваць гэты візіт гістарычным? Чаму ён стаў магчымым?

— Сапраўды, можна пагадзіцца, што візіт Болтана ў Мінск — гістарычны візіт. Але калі паглядзець дынаміку кантактаў паміж афіцыйным Мінскам і Вашынгтонам, то можна пабачыць, што з кожным кантактам гэты ўзровень павялічваецца.

 

Арсень Сівіцкі 

Спадар Болтан плануе рэгіянальнае турнэ, і гэта для яго звычайная практыка, калі ён наведвае некалькі краінаў адразу. Такім самым чынам быў арганізаваны летась ягоны візіт у краіны Паўднёвага Каўказу, тады ён наведаў Арменію, Грузію і Азербайджан. Наколькі я ведаю, цяпер Болтан плануе наведаць Украіну, Беларусь і Малдову.

Па-другое, безумоўна, ЗША вельмі хвалююць перспектывы захавання незалежнасці і суверэнітэту Беларусі ў кантэксце стратэгіі Крамля па прымушэнні Беларусі да паглыбленай інтэграцыі.

Трэцяя прычына звязаная з прагматызацыяй замежнай палітыкі ЗША. Некалькі дзён таму стала вядома, што Беларусь збіраецца набываць нафту ў ЗША. Нават нанялі адпаведнага лабіста, які будзе спрабаваць дамагчыся скасавання санкцыяў супраць Белнафтахіму, каб беларускія прадпрыемствы маглі купляць амерыканскую нафту. У сукупнасці ўсе гэтыя тры прычыны і прывялі да візіту Болтана ў Мінск.

— «Стаўленне да Беларусі як да чорнай дзіры і яе ігнараванне аказалася правалам. Гэта не дало ніякага руху наперад у пытаннях правоў чалавека, — цытуе Foreign Policy Майкла Карпентэра, былога намесніка памочніка міністра абароны ЗША, які адказваў за Расію, Украіну і Еўразію. — Мы павінны рабіць усё, што можам, каб узмацніць суверэнітэт Беларусі». Ці можна сказаць, што вось гэты тэзіс стаў ужо афіцыйна галоўным тэзісам амерыканскай палітыкі адносна афіцыйнага Мінску?

— Так, сапраўды, мы назіраем з’яўленне гэтага тэзісу з 2014 года, калі пачаўся расійска-ўкраінскі канфлікт. Можна сказаць, што ЗША «заўважылі» Беларусь у кантэксце расійска-ўкраінскай вайны, а таксама канфрантацыі паміж Расіяй і Захадам.

Трэба дадаць, што з гледзішча ЗША Беларусь адыграла канструктыўную ролю, зрабіла ўсё для таго, каб стабілізаваць рэгіянальныя працэсы, дээскаляваць ваенна-палітычную напружанасць. Мне падаецца, што цяпер гэты тэзіс пра незалежную Беларусь як гаранта і донара рэгіянальнай бяспекі і стабільнасці займеў папулярнасць сярод амерыканскіх стратэгаў. І сёння ў Вашынгтоне ёсць кансенсус, што існаванне незалежнай і суверэннай Беларусі адпавядае стратэгічным нацыянальным інтарэсам ЗША. Мы павінны разумець гэта ў кантэксце так званай «Новай халоднай вайны», канфрантацыі паміж Расіяй і Захадам, а таксама расійска-ўкраінскага канфлікту.

 

Болтан і Трамп

— Болтан вядомы як «ястраб», ён прадстаўляе даволі кансерватыўнае крыло Рэспубліканскай партыі, прыхільнае да «моцнай рукі» ў замежнай палітыцы. А менавіта — да актыўнага процістаяння геапалітычным супернікам ЗША — Кітаю і Расіі. Наколькі гэты індывідуальны аспект важны для ацэнкі ягонага візіту ў Беларусь? Наколькі гэты чыноўнік можа адкрыта гаварыць пра гэтыя тэмы з прэзідэнтам Беларусі?

— Сапраўды, спадар Болтан — прыхільнік новай канцэпцыі геапалітычнай канкурэнцыі, якая абвастраецца паміж ЗША і Расіяй, ЗША і Кітаем. Вашынгтон сёння вельмі турбуюць стратэгічныя намеры Расіі па інкарпарацыі Беларусі. Бо такая інкарпарацыя альбо проста ўзмацненне ўплыву Расіі ў рэгіёне будзе мець пэўныя стратэгічныя наступствы і для інтарэсаў ЗША ў гэтым рэгіёне, і для нацыянальнай бяспекі іхніх хаўруснікаў.

Таму Болтан наведае нашу краіну, каб прааналізаваць сітуацыю знутры і зрабіць адпаведныя высновы, якія пойдуць на стол прэзідэнту ЗША Трампу. Мне падаецца, што гэта вельмі важны візіт, бо менавіта ад гэтых высноваў будуць залежаць перспектывы нармалізацыі адносін паміж Мінскам і Вашынгтонам, і найперш — скасаванне амерыканскіх санкцый супраць Беларусі. Бо, як вядома, паводле «Акту аб дэмакратыі» 2004 году менавіта прэзідэнт ЗША павінен пачаць перагляд санкцыйнай палітыкі, даслаўшы ў Палату прадстаўнікоў і Сенат адпаведны даклад наконт паляпшэння сітуацыі ў Беларусі. І гэта можа даць падставу, каб Кангрэс пачаў пераглядаць санкцыйную палітыку адносна Беларусі.

ЗША сёння зацікаўленыя ў тым, каб захаваць незалежнасць і суверэнітэт Беларусі, дапамагчы Беларусі, асабліва на фоне ўзмацнення так званага «інтэграцыйнага ціску» з боку Расіі.

 

— Як Расія можа рэагаваць на візіт Болтана? Незадавальненне Масквы выклікаецца нават самымі нявіннымі крокамі Мінску.

— Візіт Болтана не застанецца без увагі Масквы. Гэта не навіна, бо пачынаючы з 2014 года расійскія стратэгі разглядаюць паляпшэнне адносінаў Мінску з Захадам як сярэднетэрміновы выклік для свайго ўплыву на Беларусь. Я не выключаю, што пасля гэтага візіту адносіны паміж Мінскам і Масквой могуць абвастрыцца.

Мы ўжо бачылі пэўныя сігналы з боку Крамля. У ліпені дырэктар Службы знешняй выведкі Расіі спадар Нарышкін падчас сустрэч з кіраўніцтвам КДБ Беларусі зрабіў даволі сур’ёзныя антыамерыканскія заявы, абвінаваціўшы ЗША ў тым, што яны спрабуюць умешвацца ва ўнутраныя справы Беларусі і Расіі і падрываюць інтэграцыйныя працэсы ў «саюзнай дзяржаве».

Таму трэба рыхтавацца да новай эскалацыі напружанасці паміж Мінскам і Масквой. Усе стратэгічныя ацэнкі Расія зрабіла яшчэ ў 2014 годзе і цяпер робіць адпаведныя крокі згодна з гэтымі ацэнкамі.

Калі ў Маскве разглядаюць нармалізацыю адносін паміж Мінскам і заходнімі сталіцамі як выклік для нацыянальных інтарэсаў Расіі — то атрымліваецца, што расійскі бок будзе імкнуцца гэтыя кантакты абмяжоўваць і падрываць. А калі гэта не будзе атрымлівацца, то гэта будзе падштурхоўваць Крэмль да больш жорсткага стаўлення да Беларусі і актывацыі альтэрнатыўных сцэнараў, у тым ліку крызісных.

www.svaboda.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: