«Пасля «Захаду-2017» частка расійскіх войскаў можа застацца ў Беларусі»

З такой заявай выступіў галоўнакамандуючы Узброеных сіл Украіны і кіраўнік Генеральнага штабу Віктар Мужэнка, паведамляе «Інтерфакс-Україна».
Віктар Мужэнка і Пётр Парашэнка, фота newsua.one

Віктар Мужэнка і Пётр Парашэнка, фота newsua.one

«Беручы пад увагу дзеянні расійскага боку, частка войскаў, якія гатуюцца да перакідвання для ўдзелу ў расійска-беларускіх вучэннях «Захад-2017», можа пасля іх сканчэння застацца на тэрыторыі Беларусі,» — мяркуе Віктар Мужэнка.
Цалкам імаверна, што пасля сканчэння вучэнняў частка гэтых войскаў застанецца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым, існуе вялікае верагоднасць, што падчас навучанняў будуць разгорнутыя пункты прыхаванага зберагання узбраенняў, вайсковай тэхнікі і матэрыяльна-тэхнічных сродкаў, — сказаў Мужэнка падчас свайго выступу на супольным паседжанні Вайскова-навуковай рады Узброеных сіл Украіны і Нацыянальнай акадэміі навук Украіны.

Украінскі галоўнакамандуючы адзначыў, што такія дзеянні могуць дазволіць расійскаму боку значна скараціць тэрмін стварэння ударных груповак на заходнім і паўднёва-заходнім стратэгічных напрамках, што стварае наўпроставую пагрозу для бяспекі Украіны.

Паводле нашай інфармацыі, колькасць расійскіх войскаў, якія будуць задзейнічаныя ў вучэннях, ужо зараз павялічана з задэклараваных 3000 да 5000. Правядзенне такіх маштабных расійска-беларускіх вучэнняў, як «Захад-2017» можа расцэньвацца як крок па нарошчванні баявога патэнцыялу Расіі на межах нашай дзяржавы, а таксама на межах Польшчы і прыбалтыйскіх краінаў, — падкрэсліў Мужэнка.
З падобнымі заявамі ўжо раней выступаў шэраг вядомых вайсковых экспертаў, у прыватнасці Аляксей Арэстовіч. Нагадаем, што Арэстовіч папярэджваў пра небяспеку анэксіі Крыму яшчэ ў 2008 годзе.


Расійска-беларускі вучэнні «Захад-2017» паводле раней агучанай афіцыйнай інфармацыі маюць прайсці сёлета ў верасні.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: