Пасол Бабіч праігнараваў жалобныя мерапрыемствы ў Хатыні, арганізаваныя МЗС

22 сакавіка, у дзень трагедыі Хатыні, мемарыял наведалі міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей і кіраўнікі замежных дыпламатычных місій.
Увагу «Нашай Нівы» звярнуў факт, што на ўшанаванні не прысутнічалі паслы дзвюх краін: Украіны і Расіі.

Прэс-сакратар пасольства Украіны сказаў, што Ігар Кізім планаваў, ды не здолеў трапіць праз медыцынскія пытанні — быў у бальніцы.

А чаму не прыехаў Бабіч? Прэс-сакратар расійскага пасольства патлумачыў, што «яго, проста, на жаль, не было ў гэты момант».

У той жа час, паводле інфармацыі «Нашай Нівы», пасол Бабіч у гэты дзень знаходзіўся ў Мінску, але ў Хатынь не паехаў.

Замест Бабіча ў Хатыні расійскую дыпмісію рэпрэзентаваў дарадца-пасланнік Уладзімір Андрэеў, замест Кізіма — Пётр Урублеўскі.

Нагадаем, што незадоўга да гэтага Міністэрства замежных спраў Беларусі і Бабіч абмяняліся рэзкімі выпадамі, пасля выказванняў пасла Расіі ў інтэрв'ю РІА «Новості», дзе ён пракаментаваў беларуска-расійскія адносіны, акцэнтаваўшы ўвагу на расійскіх датацыях Беларусі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!