Пасол Расіі заклікаў Беларусь вызначыцца, якой будзе інтэграцыя

Амбасадар Расіі ў Беларусі Міхаіл Бабіч заклікаў беларускае кіраўніцтва вызначыцца з прыярытэтным фарматам інтэграцыі.
Міхаіл Бабіч / ria.ru

Міхаіл Бабіч / ria.ru

Па яго словах, трэба выконваць дамоўленасці, а не абменьвацца папрокамі ў эканамічнай сферы, перадае ria.ru.

Як вядома, напрыканцы 2018 года Беларусь і Расія дамовіліся стварыць працоўную групу па ўрэгуляванні праблемных пытанняў і развіццю інтэграцыі.

"Галоўнае, што трэба пра нешта дамовіцца і пачаць гэтыя дамоўленасці выконваць, каб не атрымалася, як з Саюзнай дамовай: напісана пра адно, робім іншае, а гаворым часам пра трэцяе", — пракаментаваў Бабіч.

Ён заявіў, што інтэграцыя можа адбывацца строга па Саюзнай дамове, а можа — па дамове аб стварэнні ЕАЭС. "Можна ўдзельнічаць у двух фарматах, паралельна развіваць іх. І, вядома, трэба перастаць абменьвацца ўзаемнымі папрокамі, абвінавачваннямі, часцяком недарэчнымі, і выпрацаваць рашэнне", — выказаў меркаванне амбасадар.

Бабіч паведаміў, што расійская частка "інтэграцыйнай групы" сфармавала свае прапановы і перадала іх прэзідэнту Уладзіміру Пуціну. "Пасля рашэнняў, якія прымуць кіраўнікі дзяржаў, разам са сваімі беларускімі партнёрамі гатовая прыступіць да іх практычнай рэалізацыі", — запэўніў дыпламат.


Паводле euroradio.fm

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!