Патаемная інаўгурацыя і «прэзідэнт — ціхар»

Зранку 23 верасня сталіца Беларусі аказалася спустошанай. Спачатку людзі паведамілі, што да Палацу Незалежнасці — рэзідэнцыі Лукашэнкі, прывезлі роту ганаровай варты. Потым цэнтральныя транспартныя артэрыі Мінска перакрылі ўвогуле.


Відавочна, гэтак рыхтаваліся да «патаемнай інаўгурацыі» Лукашэнкі. Па законе інаўгурацыя павінна прайсці не пазней чым праз два месяцы пасля абвяшчэння вынікаў выбараў. Дзейныя паўнамоцтвы ў Лукашэнкі сканчаюцца 5 лістапада.

Аднак насамрэч гэтая працэдура — інаўгурацыя, — такая ж бессэнсоўная, як і паказальная. Бессэнсоўная — таму што не мае ніякай юрыдычнай моцы, бо парушаная працэдура яе правядзення.

І парушыў яе сам Лукашэнка, які любіць змяняць усё і ўся, дэманструючы сваю ўладу. Яшчэ даўным-даўно ён скасаваў Вышэйшы Гаспадарчы суд, з-за чаго, па вялікім рахунку, трэба мяняць Канстытуцыю, бо згадка пра неіснуючую структуру там засталася. Засталася яна і ў працэдуры інаўгурацыі.

Згодна заканадаўству, «прэзідэнт уступае на пасаду пасля прынясення прысягі… Прысяга прыносіцца ва ўрачыстай абстаноўцы ў прысутнасці дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі, суддзяў Канстытуцыйнага, Вярхоўнага і Вышэйшага Гаспадарчага судоў не пазней двух месяцаў з дня выбрання прэзідэнта. З моманту прынясення прысягі нававыбраным прэзідэнтам паўнамоцтвы папярэдняга прэзідэнта спыняюцца».

Такім чынам, прадстаўнікоў скасаванага Вышэйшага Гаспадарчага суду не будзе, а значыць, і прысяга, і працэдура інаўгурацыі — не дзейсныя.

Цікава яшчэ і тое, што «З моманту прынясення прысягі нававыбраным прэзідэнтам паўнамоцтвы папярэдняга прэзідэнта спыняюцца». Калі Лукашэнка прачытаў яе тэкст — усё, ён больш не прэзідэнт. Ён склаў свае мінулыя паўнамоцтвы. Цяпер для цывілізаванага свету ён — звычайны «грамадзянін Рэспублікі Беларусь». Ён мог бы пабыць прэзідэнтам яшчэ больш за месяц, але… Сам вырашыў. Што зробіш? Нічога.

І, канешне ж, для прынясення прысягі павінна быць «урачыстая абстаноўка». Урачыстую абстаноўку гэтым разам забяспечвалі тысячы сілавікоў, што атачылі Палац Незалежнасці, і прыгонныя людзі, якіх звезлі на мерапрыемства, нават не тлумачачы, што за яно і навошта яны. Пра інаўгурацыю да апошняга маўчалі афіцыйныя СМІ, тэлеграм-каналы і нават прэс-сакратарка самога Лукашэнкі. А дэпутаты ў адзін голас заяўлялі: яны не атрымлівалі запрашэння на інаўгурацыю.

Канешне, можа быць, што тыя самыя дэпутаты якраз і сядзелі ў тых самых «аўтазаках», якія былі сагнаныя да Палацу Незалежнасці. З Лукашэнкі станецца — сабраць іх разам без тлумачэння прычынаў і для канспірацыі прывезці менавіта так.

80% падтрымкі Лукашэнкі


Чалавек, які «быў абраны 80% выбаршчыкаў», ехаў на інаўгурацыю па спустошаных вуліцах. Падаецца ж — урачыстасць! Але ніводзін чалавек «з народа» не выйшаў (не мог выйсці, напэўна, нават калі б меў такое жаданне) на цэнтральныя вуліцы сталіцы, каб павітаць перамогу таго, за каго ён прагаласаваў. Чаму? Бо, можа быць, за Лукашэнку сапраўды ніхто не галасаваў?

Інтэрнэт адразу ж пачаў кпіць: «Прэзідэнт — ціхар»; «Патаемная інаўгурацыя — выбітная прыкмета 80%-най падтрымкі»; «Вядомы выраз “сам сябе не пахваліш — ніхто і не пахваліць” можна перарабляць на “сам сябе не інаўгуруеш — ніхто не інаўгуруе”»; «І трагічны, і камічны эпізод беларускай гісторыі: чалавек, які сцвярджае, што за яго прагаласавалі 80%, гэта значыць абсалютная большасць, будзе ўступаць на пасаду, хаваючыся ад гэтай самай “сваёй” большасці».

Карацей, гэта была самая клоўнская інаўгурацыя ў гісторыі Беларусі. Відавочна, што насамрэч, «інаўгуруй — не інаўгуруй, усё роўна атрымаеш…» Дакладней, не атрымаеш той самай «усенароднай падтрымкі», якая і надае легітымнасці кіраўніку дзяржавы.

Такім чынам, можна лічыць, што Лукашэнка склаў з сябе паўнамоцтвы прэзідэнта Беларусі. Пакуль што ён яшчэ кіруе — выключна чыноўнікамі і сілавікамі. Уся астатняя краіна яго абраным прэзідэнтам не лічыць. І, з такой інаўгурацыяй — лічыць і не будзе.

Я ж кажу — бессэнсоўнае мерапрыемства.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: