Павел Латушка: Сёння нас раскідала па свеце, сёння мы перажываем гэту барацьбу за дабро

Палітык павіншаваў вернікаў з Вялікаднем і правёў паралелі святочных сэнсаў з сённяшняй грамадска-палітычнай сітуацыяй у Беларусі на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
Павел Латушка з дачкой Янай

Павел Латушка з дачкой Янай

Я памятаю, калі быў маленькім хлопчыкам, мы з маім бацькам шлі з вёскі Заямнае ў вёску Волма, ад адной бабулі да другой. Гэта быў Вялікдзень.

Калі мы шлі гэтай дарогай, я памятаю, што быў снег, пачалі бегчы маленькія ручайкі, і былі ўжо адкрытыя ад снега праталінкі, дзе квітнелі блакітныя марознікі.

Бацька расказваў мне, як святкавалі Вялiкдзень у іх сям'і, наколькі гэта было важнае свята, як яго чакалі. Усе рыхтаваліся да свята дабра, святла, перамогі жыцця над смерцю.

Я памятаю, што бацька заўсёды апранаў новы касцюм, бо гэта было галоўнае свята. Як збіраліся за вялікім сталом усёй сям'ёй, як усе былі з усмешкамі і радасныя ад таго, што былі разам. Матуля заўсёды пякла пірагі, што яна робіць і ў гэты дзень, і на гэты Вялiкдзень. Яны былі такія смачныя, як і сёння за нашым сталом.
Сёння нас раскідала па свеце, сёння мы перажываем гэту барацьбу за дабро, але мы верым, што Хрыстос дапаможа нам у гэтым нашым змаганні за праўду, за святло.

Я памятаю, якія традыцыі былі ў нашай вёсцы ў бабулі, калі ставілі лакаткі і качалі яйка. Я быў малодшым хлопчыкам, таму атрымліваў найбольш яек у свой кошык, гэтых маленькіх чырвоных яек. Зразумела, мне падыгрывалі. Гэта самыя цёплыя ўспаміны, успаміны ад таго, як рыхтаваліся, прыбіралі ўсё навокал: у двары, у хаце.

І вось, гэта свята наступала, і сонейка ўставала, і мы радаваліся, як мы будзем радавацца нашай перамозе дабра, бо Хрыстос Уваскрос!

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: