Павел Усаў: Канец рэжыму Лукашэнкі не адбудзецца гэтай вясной

Толькі разбурэнне сістэмы стане канцом рэжыму Лукашэнкі. Але гэта не адбудзецца цяперашняй вясной, мяркуе палітолаг Павел Усаў.
Шчыра кажучы, я не разумею на чым грунтуюцца сцвярджэнні аб тым, што Лукашэнка сыдзе вясной (хоць ужо вясна). Раней сцвярджалася, што ён сыдзе восенню, потым — да Новага года. Цяпер вось вясной (варта ўдакладніць, каляндарнай або астранамічнай).

Я таксама не назіраю вострага сістэмнага крызісу ў функцыянаванні рэжыму як у цэнтры, так і на месцах. Апарат тэрору і рэпрэсій працуе спраўна. «Дэпутаты» штампуюць «новыя законы», а «суды» — прысуды. Масавага адтоку, які мог бы паралізаваць сістэму, не адбылося. Больш за тое, апарат тэрору паспяхова рэкрутуе юных адэптаў, якія без ценю сумневу ўдзельнічаюць у паказальных расправах («суддзі», «пракуроры», «настаўнікі», «чыноўнікі»). Нават чысткі ў асобных сегментах кіравання пакуль не адбіваюцца на ўстойлівасці дзяржавы.

Я лічу, што грамадства трэба настройваць на доўгую і жорсткую барацьбу (супрацьстаянне), на нягоды, на страты, а не карміць яго ілюзіямі і надзеямі. Калі б усё было так чароўна-проста, то Лукашэнка сышоў бы 9-14 жніўня. Лукашэнка, як любы дыктатар, сам не сыдзе, яго можна толькі скінуць. Сумняюся, што пасля таго, як краіна была залітая тэрорам і крывёй, Лукашэнка скажа: «Я стаміўся, я сыходжу». І трэба разумець, што ў гэтым удзельнічалі дзясяткі тысяч людзей. Гэта таксама тычыцца транзіту ўлады. Транзіт ва ўмовах тэрору немагчымы.

Не веру я ў «планы» Крамля адносна Лукашэнкі — прынамсі, у бліжэйшай перспектыве, тым больш, што расійскія праекты нічога добрага для Беларусі не абяцаюць. Ні ў якім выглядзе.

Толькі нацыянальны рух і звяржэнне дыктатара. А гэта, як мы бачым, патрабуе велізарных высілкаў, мабілізацыі ўсіх сацыяльных і палітычных рэсурсаў грамадства. Перш за ўсё псіхалагічнай гатоўнасці да гэтага.

Таксама трэба разумець, што, чым даўжэй Лукашэнка будзе трымаць уладу ва ўмовах крызісу, тым больш упэўнена ён будзе сябе адчуваць, тым больш эфектыўна будзе працаваць сістэма тэрору. Кожны дзень знаходжання ва ўладзе ўмацоўвае яго пазіцыі і псіха-палітычную перавагу над апанентамі. На сакавік 2021 дзяржаўная сістэма больш устойлівая, чым у жніўні 2020. І гэта трэба разумець, а не чакаць цуду. Тэрор, на жаль, — гэта не слабасць і не страх, як гэта спрабуюць паказваць у незалежных СМІ, гэта здольнасць аўтарытарнай сістэмы ліквідаваць пагрозы, процідзейнічаць грамадскаму ціску. Лукашэнка залежны ад сістэмы і яе эфектыўнасці, як і сістэма залежная ад яго. Калі рэпрэсіўны апарат (штат: ад баевікоў да «дэпутатаў-адміністратараў») губляе ўпэўненасць у камандным цэнтры, не адчувае ўлады, ён пачынае распадацца. Праца сістэмы будзе часткова або цалкам паралізаваная.

Найвышэйшае праяўленне аўтарытарнай улады — гвалт як сукупнасць псіхалагічных і палітычных фактараў, пачынаючы ад рашучасці загадаць, заканчваючы гатоўнасцю выканаць насуперак здароваму сэнсу, маралі і закону.

І наадварот, калі дыктатар бачыць, што сістэма не рэагуе на каманды, штат перастае функцыянаваць, тыран губляе ўладу, бо не можа больш кіраваць.

Больш за тое, у членаў сістэмы склаўся асаблівы тып свядомасці: спагада і выкананне. Сустракалася гэта не раз, калі чыноўнік-сілавік будзе глядзець у вочы і спачувальна казаць, што ён усё разумее, і пры гэтым працягвае заўзята выконваць ідыёцкія загады і ўстаноўкі, якія спрыяюць узмацненню і жыццезабеспячэнню сістэмы. Пры гэтым можа быць цэлы шэраг самых разнастайных апраўданняў: «ну, я ж толькі выконваю загады», «у мяне ж сям'я», «вас не выйшаў мільён» і г. д.

Пакуль чалавек знаходзіцца ў сістэме, на зарплаце, ён так ці інакш будзе элементам рэпрэсій і ціску, ён запраграмаваны на гэта. Толькі выйшаўшы з сістэмы, чалавек перастае быць прадметам.

Зразумела, што грамадству неабходныя пазітыўныя сігналы, яно павінна бачыць і адчуваць зрухі слабасці рэжыму. Яны ёсць: сам факт паўвайсковага стану, рэжым тэрору і ізаляцыі, апантанай прапаганды, хаатычны пошук эканамічных рэзерваў, паступальныя змены ў свядомасці грамадства, поўнае адчужэнне кіруючага класа. Усё гэта глыбінныя сістэмныя зрухі, якія прывядуць да разбурэння сістэмы. І толькі разбурэнне сістэмы стане канцом рэжыму Лукашэнкі. Але гэта не адбудзецца цяперашняй вясной.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: