Павел Усаў: Расія можа завуаляваць экспансію барацьбой з каронавірусам у Беларусі

За чвэрць стагоддзя рэжым Лукашэнкі зрабіў усё магчымае, каб не даць сфармаваць паўнавартасную нацыю.
На пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, якое прайшло ў фармаце відэаканферэнцыі напярэдадні, Пуцін абмаляваў перспектывы ЕАЭС. А «гаспадар балю», Лукашэнка, атрымаў адмову ў пераглядзе цаны на расійскі газ.

Што за гэтым стаіць? На пытанні «Беларускага партызана» адказаў доктар палітычных навук Павел Усаў.

— «Адзіны тарыф можа быць рэалізаваны толькі на адзіным рынку з адзіным бюджэтам, адзінай сістэмай падаткаабкладання». Пуцін зрабіў публічную і афіцыйную прапанову Лукашэнку?

— Як раз у аснову Еўразійскай, і Саюзнай інтэграцыі закладваліся не эканамічныя, але геапалітычныя інтарэсы і мэты, і дадзеныя мэты і стратэгіі фармаваліся ў Маскве. Было відавочна, з самага пачатку, што Еўразійская інтэграцыя была геапалітычным праектам Расіі, формай збірання земляў.

Разглядаць яго як нейкае эканамічнае партнёрства было б зусім няправільна. Любая інтэграцыя з Расіяй несла і нясе ў сабе патэнцыйную пагрозу для тых краін, якія разлічвае атрымаць эканамічныя выгады.

Рана ці позна гэта сканчаецца сур'ёзнымі геапалітычнымі праблемамі. Кажучы прасцей, інтэграцыя з Расіяй, гэта як інтэграцыя авечкі з ваўком. На апошнім саміце Масква гэта яшчэ раз выразна прадэманстравала.

Думаю, што Расія хоча выкарыстоўваць каронакрызіс, эканамічныя цяжкасці асобных краін-членаў ЕАЭС для таго, каб аказаць ціск і прымусіць гэтыя краіны да далейшых саступак.

Беларусь у гэтым выпадку найбольш зручны аб'ект. Прэзідэнцкія выбары, цяжкая эканамічная сітуацыя ў краіне, неадэкватная рэакцыя на эпідэмію, рост раздражнення і незадаволенасці ўнутры беларускага грамадства.

— Ці трэба разумець гэтыя словы так, што Лукашэнку няма чаго разлічваць на адзіны рынак газу да 2025 года? Або ў прынцыпе не варта разлічваць — без выканання пастаўленых умоў?

— Крэмль ужо не хавае сваіх намераў у дачыненні да Беларусі. Перад Лукашэнкам стаіць выбар: альбо здаваць краіну, альбо шукаць выхад з геапалітычнага тупіка.

Стратэгія чакання правалілася, краіна знаходзіцца ў крытычным стане, што патрабуе хутчэйшых мер для захавання незалежнасці. А адзіным механізмам, які б мог кансалідаваць усё грамадства, быў бы шырокі грамадзянскі дыялог.

Аднак, як мы разумеем, гэта немагчыма. Галоўнай перашкодай з'яўляецца коснасць Лукашэнкі, а таксама, адсутнасць шырокай грамадзянскай платформы, якая была ў стане весці гэты дыялог.

У сваю чаргу, радыкалізацыя стратэгіі Масквы ў дачыненні да Беларусі звязана з некалькімі фактарамі:

1. Падзенне рэйтынгу Пуціна і неабходнасць кампенсацыі эканамічных і палітычных страт, выкліканых нафтавым крызісам, каронавірусам. Патрэбна новая маленькая перамога;

2. Відавочна, што ў Крамля няма рэсурсаў для вядзення працяглай пазіцыйнай барацьбы з Лукашэнкам. Гэта трэба зрабіць, па магчымасці, у самыя кароткія тэрміны. Больш за тое, Беларусь на дадзены момант —найбольш уразлівая;

3. Дзяржавы Захаду самі ізаляваліся і занятыя барацьбой з каронакрызісам і яго наступствамі, гэты працэс можа зацягнуцца на бліжэйшыя паўгода.

Існуе верагоднасць таго, што на дзеянні Масквы ніхто не будзе рэагаваць. Больш за тое, дзеянні беларускіх уладаў у пытанні барацьбы з COVID-19, маніпуляцыі са статыстыкай, выклікаюць пэўнае здзіўленне ў міжнародных структурах і раздражненне.

Становячыся эпіцэнтрам віруса, беларуская ўлада можа ўспрымацца як пагроза. Таму сваю экспансію Расія можа завуаляваць барацьбой з вірусам у Беларусі.

— Маштабная эканамічная кампанія супала з пачаткам прэзідэнцкай гонкі ў Беларусі не выпадкова. Якая яе мэта?

— Прэзідэнцкія выбары заўсёды былі месцам і сродкам уздзеяння Крамля на Лукашэнку. Адзіным выключэннем, напэўна, былі выбары 2015 года, калі Расія завязла ва Украіне.

Таму Масква на выбарах 2020 года будзе выкарыстоўваць усе магчымыя рэсурсы, але не для таго, каб скінуць рэжым Лукашэнкі, а для таго, каб прымусіць яго прыняць ультыматум Расіі.

Я мяркую, што ўмовы гранічна ясныя. Масква збіраецца прадэманстраваць узровень і глыбіню свайго ўплыву ў Беларусі, адарванасць Лукашэнкі ад рэальнасці, даючы зразумець: альбо будзеш прэзідэнтам у Саюзе, альбо не будзеш ім наогул.

— Усе беларуска-расійскія войны часоў прэзідэнцкіх кампаній Лукашэнку ўдавалася развязаць на сваю карысць. Ці атрымаецца павярнуць цяперашняе супрацьстаянне на сваю карысць?

— Безумоўна, для іншага назіральніка здавалася, што ў канфліктах з Расіяй Лукашэнка выходзіў пераможцам. Але на самай справе прайгравала Беларусь і беларускае грамадства. Расія не інвеставала ў рэжым Лукашэнкі, яна інвеставала ў застой нашай краіны і дэнацыяналізацыю народа.

Наша краіна не станавілася больш свабоднай, дэмакратычнай, яе эканоміка не развівалася, але жыла за кошт расійскай падтрымкі. Беларусь не станавілася бліжэй да Захаду, дзяржава не памяншала дэструктыўнага ідэалагічнага ўплыву з Усходу.

Грамадства ж заставалася нацыянальна неразвітым, пагружаным у "рускі мір". У геапалітычным, нацыянальным аспекце мы там, дзе былі 26 гадоў таму. За чвэрць стагоддзя рэжым Лукашэнкі зрабіў усё магчымае, каб не даць сфармаваць паўнавартасную нацыю.

belaruspartisan.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: