Павел Усаў: ЗША адкрылі для сябе Беларусь і зрабілі яе новым фронтам

Часам 15 хвілін маюць большае значэнне, чым 5 гадзін.

Палітычны аналітык Павел Усаў у эфіры «Радыё Рацыя» пракаментаваў сустрэчу Святланы Ціханоўскай з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам. Прапануем некаторыя высновы палітолага.

— Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам Джо Байдэнам. Сустрэч на такім узроўні ў прадстаўнікоў Беларусі даўно не было…

— Улічваючы, што гэта не дзеючы кіраўнік краіны, а выбраны прэзідэнт — Ціханоўская, якая па факце не прыступіла да выканання сваіх функцый з прычыны фальсіфікацый і брутальнай зачысткі палітычнай прасторы, то той факт, што афіцыйнае кіраўніцтва ЗША сустракаецца з Ціханоўскай — гэта безумоўнае прызнанне сімвалічнага лідара краіны. І гэта азначае, што, прынамсі, бліжэйшым часам ЗША будуць аказваць шырокую падтрымку нацыянальнаму руху, уласна Ціханоўскай і пашыраць палітычны ціск на рэжым Лукашэнкі. І таксама гэта азначае, з пункту гледжання геапалітычнага, што вельмі важна для Беларусі тое, што ЗША гатовыя ўступіць у доўгую пазіцыйную барацьбу з Расіяй за ўплывы ў Беларусі. Канешне, Расія мае значна больш механізмаў. Але ЗША цалкам адкрылі для сябе Беларусь і зрабілі яе новым фронтам геапалітычнай барацьбы з аўтарытарнай Расіяй.

— Калі вярнуцца да самой сустрэчы, то што менавіта ў ёй важна — сам яе факт ці працягласць размовы?

— З пункту гледжання сімвалічнага, ідэалагічнага, геапалітычнага, гэтыя 15 хвілін — гэта дастаткова, гэта паказчык таго, што ЗША цалкам падтрымліваюць імкненне беларускага грамадства да незалежнасці, свабоды і што ЗША на сённяшні момант як сімвал дэмакратыі, сімвал працы ўсіх дэмакратычных устаноў. І, безумоўна, гэта дадатковая палітычная легітымізацыя Ціханоўскай. Бо такім легітымізатарам для Лукашэнкі знешнім з’яўляецца Пуцін, а для дэмакратычнай супольнасці на ўсёй постсавецкай прасторы — ЗША, якія паказваюць зацікаўленасць, паказваюць гатоўнасць да далейшых адносін і іх развіцця. І, канешне, з пункту гледжання сімвалічнага, ідэалагічнага, для Ціханоўскай і дэмакратычнай супольнасці гэта вельмі важна. Часам 15 хвілін маюць большае значэнне, чым 5 гадзін.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: