Пенсіянеркі: «Мы звярнуліся да Лукашэнкі публічна — і ўлада на чале з ім пакарала нас»

Трох беларусак аштрафавалі за спробу дагрукацца да першай асобы краіны. З пенсій у іх будуць вылічваць 860 даляраў.
Тамара Сяргей і аднадумцы. Архіўнае фота, 2016 год

Тамара Сяргей і аднадумцы. Архіўнае фота, 2016 год

Такое пакаранне прысудзілі Тамары Сяргей, Валянціне Каваленка і Любові Санкевіч за пікет, які адбыўся 24 красавіка на плошчы Свабоды ў Менску.

У той дзень актывісткі грамадзянскай ініцыятывы «Супраць беззаконня ў судах і пракуратуры» паспрабавалі прайсці ў Дом ураду, дзе было запланавана пасланне кіраўніка дзяржавы народу і парламенту.

На подступах да будынка жанчын сустрэлі хлопцы ў цывільным і не далі прайсці. Актывісткі адправіліся на плошчу Свабоды і правялі пікет супраць адпісак чыноўнікаў.

Юрыст і праваабаронца Тамара Сяргей распавяла, што актывісты загадзя падавалі заяву аб правядзенні акцыі ў Мінгарвыканкам на гэты дзень, але атрымалі адмову — у сувязі з правядзеннем рамонтных работ.

— Калі мы прыйшлі на плошчу Свабоды, ніякіх рамонтных работ там не было. Там былі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным, без апазнавальных знакаў, з камерамі ў руках.

Паўгадзінны пікет пад лозунгам «У Канстытуцыі правы на паперы — нам патрэбныя ў жыцці нашыя правы» супрацоўнікі міліцыі здымалі на відэа.

Па словах Тамары Сяргей, ніякіх прэтэнзій удзельніцам не прад’яўлялі, а праз два тыдні ім даслалі пратаколы.

Нас не выклікалі ў міліцыю, з нас не бралі ніякія тлумачэнні, як гэта павінна быць па законе. Акрамя таго, не былі складзены пратаколы на месцы.

Мы напісалі заявы пра тое, што, па-першае, не парушалі Канстытуцыю і закон, а па-другое, нас ніхто не паставіў у вядомасць аб тым, што супраць нас вядзецца адміністрацыйны працэс. Нягледзячы на ​​гэта, суд Цэнтральнага раёну Мінска прыцягнуў нас да адміністрацыйнай адказнасці.

Як адзначае суразмоўца «Салідарнасці», на судзе былі толькі супрацоўнікі РУУС Цэнтральнага раёна, якія заявілі, што яны выклікалі удзельніц пікету для дачы паказанняў, але яны не прыйшлі.

Актывісткі напісалі скаргу генпракурору, каб правялі праверку і прыцягнулі гэтых супрацоўнікаў да адказнасці за ілжывыя паказанні ў судзе. Генпракурор адправіў скаргу ў ГУУС Мінгарвыканкама, а адтуль яна была накіравана ў РУУС Цэнтральнага раёна. Кола замкнулася — скарга вярнулася ў аддзяленне міліцыі, супрацоўнікі якога, на думку актывістак, парушылі закон.

Падобная практыка стала заганнай традыцыяй у Беларусі. Я не ведаю, колькі намаганняў трэба прыкласці народу, каб яе разбурыць. У нас у краіне склалася дзяржаўная сістэма падаўлення іншадумцаў. Яна працуе выразна. І калі ў часы СССР мы гаварылі пра існаванне тэлефоннага права, то цяпер кожная службовая асоба, кожны вінцік гэтай сістэмы атрымлівае зварот і ведае, як яму паступіць, каб гэтая сістэма захоўвалася і функцыянавала.

17 ліпеня Мінскі гарадскі суд пакінуў без змены пастанову суду Цэнтральнага раёну Мінска. Гэта значыць, што ў бліжэйшы час з удзельніц пікету (усе яны — пенсіянеркі) пачнуць спаганяць штрафы, агульны памер якіх складае 860 даляраў у эквіваленце.

Мы звярнуліся да Лукашэнкі публічна — і ўлада на чале з ім пакарала нас. Як правіла, ён звяртаецца да народа, гаворыць з экранаў тэлевізараў, але не хоча чуць нас. А калі народ звяртаецца да яго, ён карае яго штрафамі.

Тамара Сяргей заявіла, што актывісты патрабуюць ад генпракурора прыцягнуць да адказнасці супрацоўнікаў Цэнтральнага РАУС, якія сфальсіфікавалі паказанні ў судзе Цэнтральнага раёна.

— Сітуацыя зменіцца, і гэтыя людзі, якія давалі ілжывыя паказанні і спрыялі пакаранню невінаватых людзей, не павінны ў будучыні прымаць удзел у дзяржструктурах.

Тамара Сяргей і іншыя актывісты ініцыятывы «Супраць беззаконня ў судах і пракуратуры» часта прыходзяць у прыёмную Лукашэнкі на вуліцы Маркса, 38, але кажуць, што не могуць дастукацца да кіраўніка дзяржавы.

— Калі мы спрабуем зрабіць гэта публічна — нас штрафуюць. Людзі выходзяць на вуліцу, таму што ў іх ёсць праблемы, і яны не могуць іх вырашыць. Калі б усё вырашалася шляхам звароту да службовых асобаў, у суд і пракуратуру, калі б дзяржаўная сістэма функцыянавала так, як прапісана ў законах, людзі не выходзілі б на публічныя акцыі, — упэўненая Тамара Сяргей.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • ВМК
  • 2018-07-20 09:43:35
Судьи пользуясь государственной должностью, на страданиях и слезах народа проползают в верх по карьерной лестнице. Пусть помнят, что наступит время и придётся падать в низ по скользкой лестнице. Приземление будет жёстким.
  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: