Першамай на Кастрычніцкай: філасофскія пытанні

Сёлетні апазіцыйны Першамай яшчэ раз прымусіў задумацца над спрадвечнымі філасофскімі пытаннямі. Напрыклад, пра тое, што важней: колькасць альбо якасць? Альбо пра ролю асобы ў гісторыі.

Ці важная асоба?

Пасля 25 сакавіка ў інтэрнэтах было шмат нараканняў на асобу Міколы Статкевіча. Маўляў, запрасіў людзей на акцыю, якая перарасла ў брутальны хапун, а сам знік невядома куды, “адседзеўся ў КДБ”. Зараз сітуацыя паўтарылася. Мікола Віктаравіч быў арыштаваны прэвентыўна і бавіць свае пяць сутак у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна ў Минску.

Аднак гэта, насуперак чаканням, правядзенне акцыі не спыніла. Таму што Статкевіч — не адзіны ў Беларускім нацыянальным кангрэсе. На Кастрычніцкую плошчу прыйшоў Уладзімір Някляеў, які фактычна вёў сход. Не было б Някляева — знайшоўся б Павел Севярынец, які фактычна арганізаваў і пачаў мітынг. Не было б Севярынца, рэй бы ўзяў Вячаслаў Сіўчык. Не было б Сіўчыка — у натоўпе ахвотна размаўлялі з журналістамі Валер Шчукін, Марына Адамовіч, старшыня Руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч і іншыя. Карацей, зараз ясна, што ўсё залежыць ад людзей. Людзей, гатовых пратэставаць, ці выказваць сваё меркаванне, ці выяўляць салідарнасць. Былі б людзі — лідары сярод іх знойдуцца.


Дарэчы, сёлета Першамай на Кастрычніцкай ператварыўся (ці вярнуўся) да свайго спрадвечнага значэння — Дзень салідарнасці працоўных. Мала хто з выступоўцаў абмінуў тэму палітзняволеных і крымінальную “справу патрыётаў”. Людзі патрабавалі вызвалення затрыманых і выказвалі сваю салідарнасць з імі.

Беларуская партызанка

Тое, што беларусы — партызаны па сутнасці, яскрава выявілася ў сённяшнім мерапрыемстве. Ад пачатку на Кастрычніцкай плошчы было шмат журналістаў і міліцыі. Потым з’явіліся некаторыя дэманстранты, да якіх праваахоўнікі адразу ж падышлі з папярэджаннямі пра недазволенасць акцыі. Аднак журналістам так хацелася зрабіць хоць што-небудзь, так хацелася працаваць, што яны кідаліся літаральна натоўпам ад аднаго дэманстранта да іншага.

У выніку дэманстранты змяшаліся з журналістамі так, што не было бачна, дзе мітынгоўцы, а дзе прэса.

Калі Павал Севярынец пачаў выгукваць “Жыве Беларусь!” і павёў людзей да прыступак Палацу Рэспублікі, высветлілася, што мітынгоўцаў — ужо пад дзьве сотні.

Прычым, гэта былі такія надзвычай арганізаваныя дзьве сотні. Па колькасці людзей акцыя была супастаўная з мінулагоднімі пратэстамі прадпрымальнікаў. Але, у адрозненне ад дробных бізнесоўцаў, гэта былі па-іншаму настроеныя людзі. Яны віталі выступоўцаў апладысментамі (прычым, дружна), яны амаль адзінагалосна выгукалі “Жыве!” у адказ на “Жыве Беларусь!”, яны адказвалі на лозунгі вядоўцаў мерапрыемства ледзьве не як вайскоўцы на парадзе. Бачна было: мінакоў тут амаль няма.

І, канешне ж, крыху тролілі міліцыянтаў. Напрыклад, чалавеку з гукаўзмацняльнікам, які паведамляў усім пра тое, што “акцыя не дазволена” і “будуць прымененыя спецсродкі” (зразумела, папярэджанне гучала па-руску) амаль адзінагалосна было высунута неаднаразовае патрабаванне: “Па-беларуску!” Людзі прыходзілі на плошчу не толькі з бел-чырвона-белымі сцягамі, але і з балонікамі. На самакатах гойсалі ў натоўпе дзеці, а журналісты заўважалі: у Расіі на дэманстрацыі выходзяць школьнікі, а ў нас — з дзіцячага садку…

Ім не страшна

На прапанову выступоўцаў прайсціся маршам па праспекце Незалежнасці ў бок аднайменнай плошчы адгукнуліся амаль усе прысутныя. І пайшлі.

Міліцыянты, падобна, былі разгубленыя ад такога нахабства. Відавочна, чакалася, што дэманстранты пабачаць, што іх не шмат, і разыйдуцца. Але тут якраз якасць перамагала колькасць.

Па ходзе калоны ўшчыльную да яе, па першай паласе транспарту пусцілі аўтазакі. Дзве-чатыры машыны ці абганялі, ці прыціраліся да маніфестоўцаў. Гэта быў відавочныв разлік на “эфект 25 сакавіка”, калі ў такой сітуацыі з спецмашынаў высыпалі “касманаўты” і, размахваючы дубінкамі, пачыналі хапаць народ.

Але “эфекту” не атрымалася. Тыя, хто пайшоў да плошчы Незалежнасці, не маглі не адчуваць, што яны свядома ідуць на суткі. І, тым не менш, пайшлі. Так, ведалі, што іх могуць у любы момант упіхнуць у той “аўтазак”, які побач. Але гэта іх не стрымала. У іх страх скончыўся.

Пэўна, скончыўся не толькі страх, але і “касманаўты”. Бо, нягледзячы на такое суправаджэнне, нягледзячы на тое, што гэтыя спецмашыны не толькі суправаджалі дэманстрантаў, але і, як кажуць, “у колькасці” стаялі ля КДБ, насустрач народу з іх так ніхто і не выскачыў.

Таму людзі спакойна дайшлі да плошчы Незалежнасці, дзе ля Чырвонага касцёлу завяршылі мерапрыемства прыняццём рэзалюцыі. Пры гэтым Уладзімір Някляеў адзначыў, што людзі якія прайшліся маршам па цэнтры горада, не здзейснілі нічога, за што іх можна было б прыцягваць да адказнасці. І арганізатары ніякіх такіх дзеянняў і не планавалі.

Якасць ці колькасць?

Зразумела, у інтэрнэце зноў будуць казаць пра “правал акцыі”, пра яе нешматлікасць, пра тое, што “народ запужалі, хваля пратэсту збітая”, і гэтак далей. Пра тое, што “народ запужалі” — можа быць, і так. Але запужалі нейкі іншы, не той народ, які быў сёння на Кастрычніцкай.

Што ж да масавасці… Зноў варта згадаць карані Першамаю. Бальшавікі неаднойчы казалі: рэвалюцыю робіць не большасць, а актыўная меншасць.

Частку гэтай “актыўнай меншасці” сёлета затрымалі прэвентыўна, частка ўсё ж дайшла да плошчы. Але тое, што гэтая меншасць ёсць — ужо паказальнік. І калі не сёння, дык заўтра яна сябе праявіць. Калі, зразумела. Улада папрярэдне не прыслухаецца да пратэстоўцаў і не пачне эканамічныя і палітычныя рэформы.

Пакуль што на магчымыя рэформы намёкаў нават няма.



Больш фота глядзіце ў анлайн-рэпартажы з акцыі


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: