Крутое піке ў бездань

«Фінансавая прорва — самая глыбокая з усіх прорваў, у яе можна падаць усё жыццё», — казаў Астап Бендэр. Нешта падобнае адбываецца і з Беларуссю. Пакуль краіна назірае за чэргамі жадаючых падпісацца за альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты, яе эканамічнае становішча працягвае каціцца з горкі.


На мінулым тыдні прайшоў чарговы раунд перамоваў па газе. Гэтым разам паразмаўлялі міністры энергетыкі Расіі і Беларусі Аляксандр Новак і Віктар Каранкевіч. Размова прайшла ў рэжыме відэаканферэнцыі.

«У ходзе перамоваў міністры абмеркавалі актуальныя пытанні двухбаковага ўзаемадзеяння Расіі і Беларусі ў газавай сферы», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленні. А на самай справе ў Сінявокай утварыўся доўг за газ у памеры 165,57 мільёна долараў — на думку Расіі. У нашай краіне, вядома ж, усё адмаўляюць з дзіўнай фармулёўкай: у нас «няма запазычанасці за імпартаваны расійскі прыродны газ, спрэчкі вядуцца адносна яго кошту з улікам каларыйнасці сыравіны».

Гэта вельмі падобна на заяву прадстаўнікоў «Беларуснафты» нашым аўтааматарам: «Кошт бензіну не расце, ён змяняецца».

І чарговым разам Беларусь паспрабавала заявіць, што рынкавыя цэны на газ складаюць 80 долараў за тысячу кубаметраў. Расія ж чарговым разам нагадала: у нас ёсць кантракт, у якім прапісана цана на газ у 127 долараў за тысячу «кубоў», а кантракты трэба выконваць.

Яшчэ адна цікавая навіна: у Беларусі не будзе аплатнай сістэмы Google Pay. Раней Google абяцаў, што сістэма запрацуе ў нашай краіне гэтай вясной. З-за эпідэміі каронавіруса тэрміны спачатку ссунуліся, а цяпер ад яе і зусім адмовіліся. У асноўным, канешне, таму, што супраць Google Pay выступілі некаторыя беларускія банкі, якія не хочуць канкураваць з Google у сферы бескантактавых плацяжоў. Акрамя таго, Google Pay мог даставіць дыскамфорт буйным вытворцам смартфонаў, — напрыклад, Samsung уклаўся ў Беларусі ў прасоўванне ўласнай сістэмы Samsung Pay. На гэты рынак таксама планавалі выйсці Huawei і Xiaomi.

Але, апроч праблем з партнёрамі, у Google, як піша Digital Report са спасылкай на крыніцы ў амерыканскай карпарацыі, «негатыўна ацэньваюць бягучыя іміджавыя рызыкі пры працы ў Беларусі. Наўпрост пра гэта ніхто ў карпарацыі не кажа, аднак крыніцы DR упэўненыя, што палітычныя і эпідэміялагічныя скандалы ў Беларусі могуць ударыць па яе іміджы. У карпарацыі асцерагаюцца, што запуск плацежнай сістэмы будзе расцэньвацца як прыцягненне істотных інвестыцый у эканоміку Беларусі».

Вось такім чынам нам адгукнулася затрыманне Ціханоўскага, мінскі каронавірусны парад і заявы Лукашэнкі, які абяцаў «нагадаць» пра расстрэл пратэстоўцаў у Андыжане.

Больш за тое, не толькі замежныя гульцы імкнуцца не мець справы з Сінявокай. Інвестыцыйная кампанія «Зубр Капітал», якая ў пачатку 2017 года набыла 40% долі найбуйнейшага гульца электроннай камерцыі Беларусі — 21vek.by, — аднавіла працэс продажу гэтай долі. Астатнія 60%, якія належаць заснавальнікам 21vek.by Сяргею Вайніловічу, Івану Плюгачову і Паўлу Матусевічу, таксама выстаўленыя на продаж.

Прапановы патэнцыйным пакупнікам былі разасланыя яшчэ ў канцы 2019 года. Але з-за эпідэміі каронавіруса пакупнікі не змаглі наведаць Беларусь. Да здзелкі праяўляюць цікавасць як мясцовыя, так і расійскія і еўрапейскія кампаніі. Чакаецца, што продаж адбудзецца, калі будуць знятыя абмежаванні, звязаныя з распаўсюджваннем каронавіруса.

На момант здзелкі з «Зубр Капіталам» у 2017 годзе доля рынку 21vek.by складала 14%. Абарот за 2016 год — 50 мільёнаў долараў, сярэднегадавы тэмп прыросту выручкі ў доларах за 5 гадоў склаў 19%. «Зубр Капітал» планаваў выходзіць з праекта праз 5 гадоў пры гадавым абароце 150 мільёнаў долараў.

Па словах Сяргея Вайніловіча, перамовам аб продажы дапамагае добры фінансавы вынік кампаніі за 2019 год. «Мы скончылі мінулы год з выдатнымі вынікамі, апярэджваем запланаваны рост», — адзначыў ён. Паводле СМІ, цяпер абарот 21vek.by — каля 200 мільёнаў долараў на год.

Пытанне, навошта прадаваць паспяховую кампанію на фоне росту яе паказчыкаў, вядома, цікавае. У прынцыпе, гэта правільна — паспяховая кампанія і каштуе даражэй. Але чамусьці складваецца ўражанне, што не ў малой ступені гэта звязана і з «палітычнымі і эпідэміялагічнымі скандаламі ў Беларусі», па выразе Google. Бо неяк няма звестак пра новыя праекты заснавальнікаў кампаніі. Прынамсі, яшчэ ў сакавіку, даючы інтэрв’ю tut.by, Сяргей Вайніловіч нічога не распавядаў ні пра продаж кампаніі, ні пра новыя задумы.

Можна выказаць здагадку, што грошы з краіны сыдуць. Таму што інакш з прадпрымальнікаў паспрабуюць зняць габлюшку, як спрабуюць гэта зрабіць з шараговымі грамадзянамі. Міністэрства ЖКГ, так і не разабраўшыся з коштам сваіх паслуг, вырашыла зрабіць «фінт вушамі» і стварыць новае падраздзяленне — «Дзяржаўны жыллёвы нагляд». Нібыта гэты нагляд будзе «займацца праверкай выканання, выяўленнем і спыненнем парушэнняў патрабаванняў да выкарыстання і захаванасці жыллёвага фонду, зместу і рамонту агульнай маёмасці ў шматкватэрных дамах, прадастаўленню ЖКП, іх якасці. У сферу кампетэнцый органа прапанавана аднесці і захаванне правоў спажыўцоў ЖКП». А вось фінансаваць новы кантрольны орган будуць праз… адлічэнні «ад платы за тэхабслугоўванне жылога дома, ліфта, а таксама з адлічэнняў на капрамонт».

Гэта значыць, замест ліфта і капрамонту людзі атрымаюць войска чарговых «кантралёраў» і бюракратаў. У нас і так 35 органаў і ведамстваў, якія маюць права ажыццяўляць праверкі і нагляд, не лічачы тых, якія ажыццяўляюць ведамасны кантроль! Апроч гэтага, права на праверкі прадастаўлена і дзяржаўна-грамадскім арганізацыям кшталту Федэрацыі прафсаюзаў. Падавалася б, навошта яшчэ адзін кантрольны орган? Проста дадайце працы і паўнамоцтваў ужо існуючым!

Але не. Дзяржчыноўнікі ж таксама хочуць мякка спаць і смачна есці, асабліва ў такой некантраляванай сферы, як ЖКГ. І таму наша «дзяржава для народа» ўсё спрабуе залезці ў кішэню гэтага самага народа, і так ужо даволі небагатага.

Мабыць, «наверсе» вырашылі, што калі ўжо падаць у фінансавую прорву — то не ў адзіноце.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: