Пішуць: «эканамічная інтэграцыя» — маюць на ўвазе: «палітычная залежнасць»

Практычная рэалізацыя праграмы інтэграцыі прывядзе да ўзмацнення эканамічнай і палітычнай залежнасці Беларусі ад Расіі. Што моцна звяжа рукі афіцыйнаму Мінску ў правядзенні незалежнай палітыкі, піша «Свабода».
Важна адзначыць, што гэта не ёсць рэалізацыя дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ад 1999 году, бо ў тым дакуменце прадугледжвалася стварэнне наднацыянальных органаў улады. А паводле «Коммерсанта», у распрацаванай праграме інтэграцыі такіх органаў няма.

Тады ўзнікае лагічнае пытанне: у чым сэнс падобнай канструкцыі? Дзеля чаго яна патрэбная?

Пасля таго як Дзмітрый Мядзведзеў у снежні мінулага году ў Берасці агучыў план «прымушэння да інтэграцыі», большасць экспертаў прыйшлі да высновы, што з дапамогай Саюзнай дзяржавы Пуцін хацеў бы працягнуць свае прэзідэнцкія паўнамоцтвы пасля 2024 году. Але той рэдукаваны варыянт інтэграцыі, які ў выніку атрымаўся, не дае кіраўніку Расіі ніякіх выгодаў. Тады навошта ён патрэбен Крамлю ў такім выглядзе?

Тут могуць быць два адказы. Па-першае, заявіць цяпер, што ў такім варыянце нам інтэграцыя не патрэбная, трохі нязручная. Самі ж прыспешвалі, а цяпер у кусты?

Па-другое, канструкцыя, якая ствараецца цяпер, мае сэнс як пераходная мадэль, як ступень да больш шчыльнай інтэграцыі ў перспектыве. Бо калі гэты праект рэалізуецца ў тым выглядзе, як прадугледжваецца, то Беларусь акажацца моцна прывязанай да Расіі, у Масквы з’явяцца моцныя рычагі ўплыву. Тады будзе лягчэй прымусіць Менск да наступнага кроку, напрыклад, да пераходу да адзінай валюты (то бок, расійскага рубля). А там ужо адзін крок да адзіных органаў улады, бо не можа быць валютнай інтэграцыі без адзінага цэнтрабанку. І так да поўнага аб’яднання.

А навошта гэта Беларусі? У кіраўніцтва краіны існуе надзея, што беларуская прадукцыя атрымае льготныя ўмовы для доступу на расійскі рынак, доступу да расійскіх дзяржзаказаў. Як на мой погляд, надзеі ў значнай ступені ілюзорныя. Бо доступ на рынак РФ у большай ступені залежыць ад здольнасці канкураваць з расійскай (і кітайскай) прадукцыяй, чым ад ільготаў.

Таксама існуе разлік, што з дапамогай гэтай праграмы Беларусь зможа атрымаць унутрырасійскія цэны на газ і нафту раней за 2025 год (гэты год пазначаны ў дакументах ЭАЭС як момант пераходу да агульнага рынку энергарэсурсаў). Але ў падпісаных прэм’ерамі дакументах цьмяна гаворыцца толькі пра стварэнне «адзінага рэгулятара» рынкаў газу, нафты, нафтапрадуктаў і электраэнергіі.

І галоўнае. Мінск разлічвае, што як толькі Пуцін з Лукашэнкам падпішуць гэтыя дакументы, то Расія адновіць субсідаванне беларускай эканомікі. Фактычна гэта сказаў Лукашэнка, прымаючы 16 верасня старшыню Дзяржаўнага мытнага камітэту Юрыя Сянько. Згадваючы пра падатковы манеўр у Расіі, кіраўнік Беларусі адзначыў: «Думаю, у найбліжэйшы час нам, зацвярджаючы праграму сумесных дзеянняў, давядзецца вярнуцца і да гэтага пытання». То-бок, перакладаючы на зразумелую мову, Лукашэнка сказаў, што без цвёрдых абавязанняў Масквы па кампенсацыі падатковага манеўра і вяртання іншых ільготаў (па газу, па крэдытах) ён гэтыя дакументы не падпіша.

І ўвогуле, як толькі дойдзе да канкрэтыкі, да практычнай рэалізацыі гэтага праекту ўніфікацыі эканамічнай палітыкі, пачнуцца бясконцыя спрэчкі. Бо ў Беларусі і Расіі вельмі розныя эканамічныя сістэмы, з розным маштабам, структурай, мадэллю гаспадарання. Іх цяжка, нават шкодна прыводзіць да адной роўніцы. Напрыклад, у Беларусі і Расіі розныя крыніцы напаўнення бюджэту. І ўніфікацыя падатковага, мытнага заканадаўства адразу створыць праблемы. Прычым перш за ўсё Беларусі, як значна меншай краіне.

Але нават калі ўявіць, што ўсё пройдзе паводле плану, бакі сапраўды рэалізуюць канструкт «дзве дзяржавы, адна эканоміка», то ў выніку Беларусь моцна страціць. Бо ўніфікацыя заканадаўства і эканамічнай палітыкі будзе ісці ў асноўным па расейскіх правілах. Цяжка ўявіць, што Расія будзе падстройвацца пад Беларусь. Давядзецца падпарадкоўваць свае інтарэсы інтарэсам суседа. Зруйнуюцца бар’еры на шляху пранікнення сюды драпежнага расейскага капіталу з усімі негатыўнымі наступствамі для беларускага бізнесу.

Калі гадоў 15–20 таму можна было разважаць, што такая ўніфікацыя стане спосабам прымусу да правядзення рынкавых рэформаў у Беларусі, то цяпер і гэтага няма. Расійская эканоміка хутка абдзяржаўліваецца і ўжо не можа служыць прыкладам рынкавай эканомікі.

Самае галоўнае, узрасце эканамічная залежнасць Беларусі ад Расіі. Што моцна звяжа рукі афіцыйнаму Мінску ў правядзенні незалежнай замежнай палітыкі, рэзка абмяжуе памкненні да нейтралітэту, статусу міратворцы, разбурыць стратэгію замежнаэканамічнай дыверсіфікацыі, зробіць краіну ўразлівай да любога ціску з Масквы. І каму гэта трэба?

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!