Перамовы ў Жэневе: узброеныя фарміраванні — раззброіць; будынкі — вызваліць

Па выніках чатырохбаковай сустрэчы па сітуацыі ва Украіне, якая прайшла 17 красавіка ў Жэневе, была дасягнута дамоўленасць наконт першачарговых канкрэтных захадаў, якія маюць на мэце дээскалацыю напружанасці і аднаўлення бяспекі ўсіх грамадзян.



Перамовы па ўрэгуляванні крызісу ва Украіне з удзелам прадстаўнікоў РФ, ЗША, ЕС і Украіны доўжыліся больш за сем гадзін. Расію прадстаўляў кіраўнік МЗС Сяргей Лаўроў, ЗША — дзяржсакратар Джон Керы, ЕС — кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Кэтрын Эштан, Украіну — в.а. кіраўніка МЗС Андрэй Дзешчыца.
 

Як паведамляе МЗМ Украіны, усе бакі абавязаліся ўстрымацца ад любых форм насілля, запужвання або правакацыйных дзеянняў. Удзельнікі сустрэчы рашуча асудзілі і адхілілі ўсе праявы экстрэмізму, расізму і рэлігійнай нецярпімасці, уключаючы праявы антысемітызму.
 

"Усе незаконныя ўзброеныя фарміраванні павінны быць раззброеныя; усе незаконна захопленыя будынкі павінны быць вернуты законным уладальнікам; усе незаконна захопленыя вуліцы, плошчы і іншыя грамадскія месцы ва ўкраінскіх гарадах павінны быць вызвалены", — гаворыцца ў заяве, апублікаванай на сайце МЗС Украіны.
 

Усім удзельнікам пратэстаў і тым, хто вызваліць будынкі і іншыя грамадскія месцы і добраахвотна складзе зброю, будзе гарантавана амністыя, за выключэннем тых, хто будзе прызнаны вінаватым ва ўчыненні цяжкіх злачынстваў.
 

Бакі дамовіліся, што спецыяльная маніторынгавая місія АБСЕ будзе адыгрываць вядучую ролю ў садзеянні ўкраінскай уладзе і мясцовым абшчынам у неадкладнай рэалізацыі гэтых мер, накіраваных на дээскалацыю сітуацыі ўжо ў найбліжэйшыя дні там, дзе гэта найбольш неабходна. ЗША, ЕС і Расія абавязуюцца падтрымаць гэтую місію, у тым ліку шляхам прадастаўлення назіральнікаў.
 

"Анансаваны канстытуцыйны працэс будзе ўсёабдымным, празрыстым і адказным. Ён будзе ўключаць неадкладны пачатак шырокага нацыянальнага дыялогу, які будзе ўлічваць інтарэсы ўсіх рэгіёнаў і палітычных колаў Украіны, а таксама дазволіць улічыць грамадскую думку і прапанаваныя змяненні", — адзначаецца ў заяве.
 

Удзельнікі сустрэчы падкрэслілі важнасць эканамічнай і фінансавай стабільнасці ва Украіне і выказалі гатоўнасць абмеркаваць дадатковую падтрымку па меры імплементацыі згаданых крокаў.

БелаПАН

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: