Пётр Кузняцоў: Перад рэжымам зноў замаячыла перспектыва шматвектарнасці

«Адным з галоўных сусветных гульцоў прадэкларавана гатоўнасць да гандлю. На парадку дня цяпер — не транзіт і перамовы, а проста нармалізацыя абстаноўкі», — адзначае Пётр Кузняцоў у сваім допісе ў Фэйсбуку.

Учора вельмі значную заяву зрабіў Дзярждэпартамент ЗША, на якую, чамусьці, вельмі мала хто звярнуў увагу.

Амерыканскае знешнепалітычнае ведамства заявіла, што вельмі хоча стабільных адносін з Беларуссю, толькі перашкаджаюць гэтаму самі беларускія ўлады, якія працягваюць рэпрэсіі. Нармальны дыялог, маўляў, не можа аднавіцца, пакуль у краіне назіраецца цяперашняя сітуацыя.

Сумна ці не, але ў літаральным сэнсе гэта азначае «перагарнем старонку» па-амерыканску. Калі рэжым спыніць арышты, гвалт, катаванні — можна далей наладжваць стабільныя стасункі так, быццам не было жніўня і верасня 2020 года. Але, праўда, калі не спыніць, то размаўляць не атрымаецца.

Як да гэтага ставіцца? У прамым сэнсе гэта трывожны сігнал. Ён азначае, што адным з галоўных сусветных гульцоў прадэкларавана гатоўнасць да гандлю. На парадку дня цяпер — не транзіт і перамовы, а проста нармалізацыя абстаноўкі. Стаўкі моцна зніжаныя, роўна як і градус рыторыкі. Перад рэжымам зноў замаячыла перспектыва шматвектарнасці.

Як такое стала магчымым пасля ўсіх заяў? Ды вельмі проста. Абноўленая пазіцыя Дзярждэпа была агучана напярэдадні сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна, на фоне напружанасці ва Усходняй Еўропе, якая расце, намераў і далей умешвацца ў беларускія справы, што адкрыта абвяшчаюцца Крамлём і ФСБ, «замаху», росту напружанасці паміж Мінскам і Кіевам, пазначанай Масквой і беларускім рэжымам гатоўнасці ледзь не вярнуцца да ўзроўню супрацьстаяння ўзору часоў, калі яшчэ існаваў «Варшаўскі блок».

Відавочна, у Вашынгтоне ў гэтым кантэксце вырашылі трохі пашырыць магчымае поле для манеўру Лукашэнкі. Пры пэўнай паступальнасці, паслядоўнасці, не спяшаючыся, адпускаючы палітвязняў па адным наўзамен на тыя ці іншыя жэсты, ён, па ідэі, можа не спяшацца цалкам класціся пад Маскву, імкнучыся вярнуцца да балансавання. Гэта падвесіць сітуацыю з інтэграцыяй яшчэ на нявызначаны тэрмін, што зломіць планы Пуціна.

Няма ніякіх сумневаў, што распускацца ў інтэграцыйнай бездані для Лукашэнкі —зусім не варыянт, а вось у падобнага роду таргах ён адчувае сябе як рыба ў вадзе. Таму верагоднасць таго, што ў Мінску сігнал прачыталі і правільна ўспрынялі, — высокая. Калі гэта так, то цяпер пачнецца шмат кулуарнай валтузні, пардон, кансультацый, якіх мы, вядома, не ўбачым. Не выключана, што нават выпусцяць кагосьці з наяўных і найменш небяспечных палітвязняў, стануць трошкі менш рэпрэсаваць новых — патрошку, паволі: тое, што ў агульнай масе ніяк не будзе прыкметна, падчас закрытых сустрэч будзе прагаворвацца як вялікі прагрэс.

Так яно будзе ці інакш, сёння мы бачым некалькі досыць выразных тэндэнцый.

Геапалітычныя расклады зноў адціскаюць на другі план унутраныя беларускія.

У адміністрацыі Байдэна глядзяць на рэжым Лукашэнкі як на той, што застаўся ва ўладзе, хоць і нелегітымны, — і, такім чынам, як на суб'ект для гандлю і выбудоўвання стасункаў.

Сам Лукашэнка ў чарговы раз спрабуе (і не сказаць, каб зусім ужо беспаспяхова) адыграць сабе час і прастору на канфлікце Захаду і Усходу.

Ініцыятывы «перамоў» пад ціскам галасавання на «Голасе» і пры міжнароднай падтрымцы страцілі актуальнасць, так яе асабліва і не набыўшы.

Ці трэба цяпер пасыпаць галаву попелам, вінаваціць ва ўсім ЗША і плакаць, што ўсё прапала?

Не.

Амерыканцы як людзі прагматычныя з таго, што хочацца, і таго, што магчыма, выбіраюць магчымае. Так, усе разумеюць, што ідэальна, вядома, каб улада змянілася тут і цяпер, пажадана не толькі ў Мінску, але і ў Крамлі. Але ці магчыма гэта тут і цяпер? Усё кажа за тое, што не.

З іншага боку, калі магчыма дамагчыся спынення рэпрэсій і перадышкі для грамадзянскай супольнасці, а таксама чарговага «дынама» Пуціну ад Лукашэнкі і спроб вярнуцца да «шматвектарнасці» — чаму б і не? Здаровы прагматызм, нічога больш.

Ну, а беларусам трэба зразумець, што пры выбары паміж іх шчасцем і геапалітыкай усе заўсёды будуць выбіраць геапалітыку. Дарэчы, падобна, у офісе Латушкі гэты сігнал прачыталі прыкладна гэтак жа, у выніку чаго з'явіўся заклік да Ціханоўскай уступіць на пасаду прэзідэнта. Усё ж гэта было б нейкае канкрэтнае і адчувальнае палітычнае дзеянне. Не сказаць, каб зусім суперэфектыўнае, хоць Бог яго ведае...

Бо свет можа салідарызавацца з беларусамі і дапамагаць ім. Але не можа за іх вырашаць іх праблемы.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: