Пётр Кузняцоў пра інтэрв'ю Макея: Ім ёсць з-за чаго нервавацца і нават адкінуць апошнія рэшткі дыпламатыі

Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей у інтэрв'ю на АНТ назваў Літву пігмеем: «Пігмей-Літва кажа, што "мы будзем працягваць ціснуць на Беларусь, мы будзем працаваць з Украінай, Малдовай і Грузіяй». Аналітык і заснавальнік «Моцных навінаў» Пётр Кузняцоў лічыць, што гэтае інтэрв'ю — самая цікавая палітычная падзея апошніх дзён.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Натуральна, калі глядзець на яго ў больш шырокім кантэксце.

І афіцыйны Мінск, і беларускае грамадства, і эміграцыя — у чаканні рашэнняў па санкцыях. Рэзалюцыя Еўрапарламента, прынятая на мінулым тыдні, вядома, афіцыйным рашэннем не з'яўляецца, але цалкам відавочна з'яўляецца вельмі празрыстым папярэджаннем аб тым, што цалкам можа адбыцца — пералічаны цэлы спіс ну вельмі ўжо балючых мер, аж да адключэння ад Свіфта. Тое, што падобнае было зафіксавана ў дакуменце аднаго з органаў Еўрасаюза, хай пакуль і на дэкларатыўным узроўні — гэта вельмі тонкі намёк аб тым, што сітуацыя дасягнула таго ўзроўню, на якім магчыма ў прынцыпе ўсё.

Унутры Беларусі, як бы не казырыліся прапагандысты, назіраецца мноства прыкмет банальнай панікі. Толькі выпады Азаронка чаго вартыя, але ж як раз Азаронак-та і ёсць сапраўдная "гаворачая галава" і тое, што ён вярзе — гэта відавочна агульны настрой.

Але Макей — не прапагандыст, ён прадуманы чыноўнік, і каб ад такога чалавека паперла падобнае таму, што ён пачаў гаварыць, афіцыйна ўсё яшчэ з'яўляючыся кіраўніком беларускай дыпламатыі, трэба, каб адбывалася нешта ўжо вельмі сур'ёзнае. І, мала таго, што — "адбывалася нешта сур'ёзнае", трэба каб ні ён сам, ні ў цэлым сістэма, у якой ён працуе, ніяк і нічым на гэта сур'ёзнае паўплываць не магла. Толькі пры такіх умовах кіраўнік МЗС, хай нават і такой краіны, як Беларусь, можа сабе дазволіць такую рыторыку: пры поўным і ясным усведамленні, што з табой ужо ўсё роўна размаўляць ніхто не будзе і можна, што называецца, ісці ўразнос.

Беларусь — у сусветным парадку дня. Сітуацыю ў нашай краіне абмяркоўвалі на саміце G-7. Гэта, вядома, велізарны гонар, але ў дадзеным выпадку для ўладаў гэта слова лепш узяць у двукоссе. Асаблівая пікантнасць тут у тым, што сітуацыю ў Беларусі абмяркоўвалі ў блоку абмеркаванняў, прысвечаных Расеі. Аднак гэта далёка не ўсё. Прэзідэнт ЗША Байдэн заявіў, што беларускае «паветранае пірацтва» будзе абмяркоўвацца ім з краінамі Балтыі. Больш таго — Беларусь так ці інакш будзе на парадку дня на сустрэчы амерыканскага лідара з Пуціным. І ўсё гэта — дастаткова сур'ёзны ланцужок, паколькі, як відаць з пункта першага (абмеркаванне Беларусі ў блоку з Расіяй), вядучыя сусветныя краіны напярэдадні сустрэчы Байдэна і Пуціна ўзгаднілі свае пазіцыі.

Калі цябе ў свеце абмяркоўваюць нават не на кожным куце, а канкрэтна на сустрэчах і мерапрыемствах моцных гэтага свету, і агульная танальнасць гэтых абмеркаванняў — не самая прыемная, гэта вельмі балюча. Калі ўсё зводзіцца да таго, што ты становішся патэнцыйным прадметам здзелкі, а мяркуючы па ўвазе сусветных лідараў да Беларусі ў кантэксце агульнай палітыкі ў рэгіёне Расіі, гэта цалкам можа быць, — гэта балюча ўдвая. Калі цябе пры гэтым яшчэ і ніхто не пытаецца — ужо ўтрая.

Так, тут як раз выйшлі вынікі чарговага апытання Chatham House, згодна з якім 72% беларусаў выступаюць за расследаванне міліцэйскага гвалту, 90% лічаць абвінавачванні супраць Бабарыкі сфальсіфікаванымі, 64% — за новыя выбары, і гэтак далей усё ў тым жа духу. Апытанне гэтае праводзіцца, як вядома, сярод гараджан. Аднак не трэба забываць, што і прадпрыемствы знаходзяцца ў гарадах.

Унутраную незадаволенасць можна гасіць сілай, выкарыстоўваючы фінансавыя і іншыя рэсурсы для ўтрымання карнай машыны. Санкцыям таксама можна супрацьстаяць, маючы такі рэсурс, як народная падтрымка — пры такім раскладзе яны могуць грамадства нават мабілізаваць. Калі ж сітуацыя ідзе такім чынам, што падтрымкі ўнутры ніякай, улада трымаецца на сіле, падсілкоўваецца знешнімі грашовымі патокамі, якія вось-вось могуць быць перакрытыя, а «апошні саюзнік», глядзіш, яшчэ і змовіцца з ворагамі…

Тут ёсць з-за чаго панервавацца і нават адкінуць апошнія рэшткі дыпламатыі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: