Плач Лукашэнкі

25 гадоў таму ў Вярхоўным Савеце, тагачасным беларускім парламенце, быў зачытаны даклад аб карупцыі ва ўладнай вярхушцы. Дакладней, у асяроддзі маладога прэзідэнта, а Аляксандр Лукашэнка на той момант не пракіраваў Беларуссю і паўгода. Яго рэакцыяй на антыкарупцыйныя расследаванні сталі слёзы і першая жорсткая цэнзура.
Сяргей Антончык падчас жнівеньскіх падзей 1991 года

Сяргей Антончык падчас жнівеньскіх падзей 1991 года



«Клін клін вышыбаюць»

Гэты даклад зачытаў дэпутат ад Апазіцыі БНФ Сяргей Антончык, які ў свой час быў намеснікам у Лукашэнкі як кіраўніка антыкарупцыйнай парламенцкай камісіі, адкуль той імкліва і зрабіў сваю палітычную кар’еру. Лукашэнка зачытаў свой знакаміты даклад аб карупцыі годам раней, у снежні 1993 года, а ўжо 20 ліпеня 1994-га інаўгураваўся на прэзідэнта.

Сітуацыя выглядала паводле прыказкі «Клін клінам вышыбаюць». Па-першае, па Лукашэнку стукнулі ягонай жа «фішкай» — антыкарупцыйнымі расследаваннямі, а па-другое, гэта зрабіў таксама самы што ні на ёсць народны дэпутат і палітык. Сяргей Антончык быў рабочым аднаго з мінскіх заводаў і стаяў на чале масавых страйкаў працоўных напачатку 1990-х, калі на плошчу Незалежнасці ў сталіцы выходзіла 100 тысяч маніфестантаў. З даклада Антончыка нібы вынікала цяперашняе моднае: «Можам паўтарыць!»

Дарэчы, у БНФ не ўсе ўхвалілі, каб Антончык зачытваў свой даклад. Прычынай была ў тым ліку банальная рэўнасць з боку паплечнікаў, што такім чынам з’явіцца новы лідар і ў апазіцыі, і ва ўсёй краіне. У выніку даклад Антончык зачытваў ад свайго імя, а не ад імя Апазіцыі БНФ.

Як бы тое ні было, гэтае выступленне 20 снежня 1994 года стала першай часткай сур’ёзнага супрацьстаяння паміж Лукашэнкам і апазіцыяй. Другой стала вядомая пратэставая галадоўка фронтаўскіх дэпутатаў напярэдадні рэферэндуму–1995, калі іх збілі і выкінулі папросту з залы парламента ўначы спецслужбы. А неўзабаве былі новыя выбары ў Вярхоўны Савет чарговага 13-га склікання, у якім не аказалася аніводнага сябра Беларускага Народнага Фронту.

«Кадравая» карупцыя


Сяргей Антончык і гарэлка "Сляза Лукашэнкі"


Сяргей Антончык называе свой даклад 25-гадовай даўніны актуальным і па сёння. А тады ён ахарактарызаваў яго як экзамен для маладога прэзідэнта і яго каманды. Расследаванне Антончыку дапамаглі рабіць больш за 200 чалавек: «Гэта — следчыя, аператыўныя работнікі, пракуроры, эксперты, аналітыкі, падатковыя інспектары, супрацоўнікі міністэрстваў. Сярод іх — пяць палкоўнікаў контрвыведкі, якія працавалі доўгі час за мяжою, рызыкуючы сваім жыццём дзеля нашай Бацькаўшчыны».

Яшчэ адной падставай для дакладу, паводле Антончыка, было тое, што народ цікавіў адказ на простае пытанне: «Чаму ўсяго праз некалькі месяцаў прэзідэнцтва Лукашэнкі рэзка пагоршылася нашае жыццё?»


Галоўная ж тэза даклада прагучала такім чынам: «Беларуссю кіруюць некалькі мафіёзных кланаў: аграрны, прамысловы, чарнобыльскі, гандлёва-знешнеэканамічны».

Асабліва дасталося, апрача самога Лукашэнкі за адмысловы падбор кадраў, тагачаснаму прэм’ер-міністру Міхаілу Чыгіру, які праз некалькі гадоў пяройдзе ў апазіцыю, і кіраўніку Управы справамі прэзідэнта Івану Ціцянкову, які пазней праславіўся тым, што парваў бел-чырвона-белы сцяг, зняты з Дома ўраду ў выніку згаданага вышэй рэферэндуму 1995 года аб змене сімволікі і моўным пытанні.

Чыгір у дакладзе Антончыка фігураваў у сувязі з фактамі нямэтавага выкарыстання крэдытаў — будучы як пры пасадзе старшыні ўраду, так і на чале «Белаграпрамбанку».

Антончык цытаваў дакументы праверкі: «Выяўленыя масавыя факты нямэтавага выкарыстання крэдытных рэсурсаў. Напрыклад, на адкрытай крэдытнай лініі на правядзенне вясновых палявых работаў выкарыстана каля пяцісот мільёнаў рублёў на іншыя мэты. На іх закуплена віно, шампанскае, сантэхніка для катэджаў і іншыя тавары».

І яшчэ: «Сістэматычна прадастаўляліся пазыкі Міністэрству хлебапрадуктаў, але ні разу не правяралася, як яны выкарыстоўваюцца. Як вынік — збожжа на гэтыя грошы амаль не паступала, грошы пайшлі замежным камерсантам».

Іншая аперацыя «Белаграпрамбанку» пад кіраўніцтвам Чыгіра, паводле расследаванняў, не дала магчымасці пабудаваць сялянам свае дамы: «Урад выдзеліў вялізныя грошы для выдачы крэдытаў на будаўніцтва дамоў для калгаснікаў і іншых жыхароў сельскай мясцовасці. Фактычна ж «Белаграпрамбанк» гэтыя крэдыты выдаваў начальнікам для будаўніцтва катэджаў і на іншыя мэты, але толькі не простым аратым».

І вось выснова, датычная кадравай палітыкі маладога прэзідэнта: «Аляксандр Лукашэнка, працуючы старшынём камісіі па барацьбе з карупцыяй, усё гэта добра ведаў і… маўчаў, хоць павінен быў перадаць дакументы аб узбуджэнні крымінальнай справы супраць удзельнікаў афёры. Замест гэтага Лукашэнка «пакараў» Чыгіра пасадаю прэм'ер-міністра».

Амаль кожны жыхар Беларусі ўпэўнены, заявіў тады Сяргей Антончык з парламенцкай трыбуны, што мы настолькі бедныя, што не можам плаціць за энерганосьбіты: «Нас увесь час у гэтым пераконвалі ўрадавыя сродкі масавай інфармацыі. На самай справе высвятляецца, што гэты доўг узнікае таму, што нас пастаянна абкрадаюць. Да гэтага мы прывыклі… Крыўдна толькі, што аферысты замест лавы падсудных трапляюць ва ўрадавыя крэслы. Так было пры Кебічы. Нічога не змянілася і пры новым цары».

Івана Ціцянкова Антончык назваў ключавой фігурай у камандзе Лукашэнкі і нават шэрым кардыналам: «Многія людзі казалі мне: не ўключай Ціцянкова ў даклад — Лукашэнка ўсё роўна яго не здасць. І прыводзілі довады: Ціцянкоў ведае, што перадвыбарчую кампанію Лукашэнкі фінансавалі не толькі беларускія, але і расійскія фірмы. Натуральна, яны грашыма проста так не кідаюцца. Цяпер ужо патрабуюць «аддачы» ў выглядзе ўласнасці, выгадных кантрактаў і гэтак далей. А выкарыстанне замежных грашовых сродкаў — гэта больш чым парушэнне закону аб выбарах прэзідэнта».


Антончык абурана пералічваў тое, што рабіла новая ўлада: «Засяліла свайго шэфа на лецішча, перад гэтым устанавіўшы пагрансістэму вакол агароджы. Затым улада забрала ў сваё распараджэнне запаведнікі і народныя промыслы». Заявіў дэпутат і пра атрыманыя чальцамі прэзідэнцкай каманды кватэры і нават крамы, пра факты зрошчвання ўладных структураў з камерцыйнымі. Дарэчы, пасля дакладу супраць Антончыка паследаваў судовы пазоў ад Ціцянкова за «абразу годнасці»...

Чаго вартая сляза Лукашэнкі?

Выснова Антончыка наконт сутнасці карупцыі ў атачэнні Лукашэнкі была наступнай: «Мы маем яркі прыклад асаблівага віду карупцыі — кадравай. І калі карупцыя наогул — гэта выкарыстанне чыноўнікам службовага становішча для атрымання прывілеяў у любой форме, то кадравая карупцыя — гэта выкарыстанне кіраўніком кампрамату на ніжэйшага чыноўніка для ўмацавання сваёй улады. Такім чынам, зрабіўшы падначаленага залежным, міністр, начальнік раёна альбо прэзідэнт атрымлівае нічым не абмежаваную ўладу, якую выкарыстоўвае ў прыватных інтарэсах».


А да самога Лукашэнкі Антончык звярнуўся так: «Падумайце, можа, вам ёсць сэнс сысці. За сценамі гэтай залы ляжыць змардаваная, абкрадзеная, шматпакутная Беларусь. Яна ўжо проста не вытрымае дылетанцтва і здрады на высокіх дзяржаўных пасадах і ў дэпутацкіх крэслах».

Лукашэнка, які слухаў даклад разам з дэпутатамі і выціраў насоўкай слёзы, заявіў у адказ, што калі факты пацвердзяцца, то ён гатовы да адстаўкі. Але Адміністрацыя прэзідэнта зрабіла ўсё, каб народ папросту не даведаўся пра іх. Былі адмененыя прамыя тэле- і радыётрансляцыі дакладу, хаця парламент прыняў адпаведнае рашэнне, а дзяржаўныя газеты ад «Советской Белоруссии» да «Звязды» агульным накладам больш за мільён асобнікаў выйшлі з белымі плямамі замест дакладу на сваіх палосах.



Адказнасць за цэнзуру ўзяў на сябе тагачасны начальнік Управы грамадска-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Фядута — і падаў у адстаўку.

Пасля гэтага даклад 100-тысячным накладам надрукавала газета «Свабода». А інтэрнэту тады не было.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: