Польшча прапануе паўтарыць прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пад эгідай АБСЕ

У МЗС Польшчы лічаць, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі трэба правесці пад эгідай міжнародных арганізацый, у прыватнасці, АБСЕ. Пра гэта заявіў намеснік кіраўніка МЗС Польшчы Марцін Пшыдач.


«Уся еўраатлантычная супольнасць з самага пачатку крызісу, 9 жніўня 2020 года, заклікае да паўтарэння выбарчага працэсу, прызнаючы, што той, які адбыўся ў жніўні, не адпавядае цывілізаваным стандартам. У гэтым кантэксце значную ролю павінны адыграць міжнародныя арганізацыі — такія, як АБСЕ, якія маглі б забяспечыць працэс», — цытуе Пшыдача АФН са спасылкай на «Польскае радыё».

Пшыдач канстатаваў, што для гэтага неабходная згода дзеючай улады ў Мінску. Паводле яго слоў, усё будзе залежаць ад таго, «наколькі моцным будзе ціск у самой Беларусі на працягу наступных месяцаў».

Намеснік кіраўніка МЗС таксама назваў «невыпадковымі» рэпрэсіўныя дзеянні ўлад Беларусі супраць польскай нацыянальнай меншасці. Ён падкрэсліў, што Польшча ніколі не змірыцца з гэтым.

За апошні месяц Беларусь абвясціла персонамі non grata трох польскіх дыпламатаў, Варшава адказала на гэта аналагічнымі крокамі. Сілавыя структуры Беларусі правялі ператрусы ў памяшканнях арганізацый польскай нацыянальнай меншасці, арыштавалі яго дзеячаў. Ім інкрымінуюць, у прыватнасці, удзел у нелегальных мерапрыемствах.

Сейм Польшчы у аўторак адзінагалосна прыняў рэзалюцыю, у якой асудзіў рэпрэсіўныя дзеянні афіцыйнага Мінска супраць польскай нацыянальнай меншасці і заклікаў вызваліць затрыманых.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: