Попел Чарнобыля

Урокі катастрофы на ЧАЭС мы пакуль не засвоілі. Калі пытанняў да АЭС больш, чым адказаў на іх, — ці не ёсць гэта першасным «чалавечым фактарам» на шляху да далейшых памылак?

Самай вядомай тэхнагеннай катастрофе ХХ стагоддзя — аварыі на Чарнобыльскай АЭС — спаўняецца 33 гады. Забыцца на яе мы не можам, бо Чарнобыль яшчэ доўга будзе грукацца ў нашы сэрцы.

Гэты тэрмін — 30 гадоў — перыяд паўраспаду цэзію–137 і стронцыю–90. Але гэта зусім не азначае, што раптам забруджаныя раёны сталі «чыстымі». Для таго, каб лічыць праблему вычарпанай, паводле меркавання навукоўцаў, трэба не менш за 10 перыядаў паўраспаду. А значыць — 300 гадоў.

Безумоўна, зараз пра катастрофу на ЧАЭС мы ведаем шмат. Асабліва апошнім часам, калі Служба бяспекі Украіны рассакрэціла больш за сотню дакументаў па пабудове і эксплуатацыі гэтай атамнай станцыі. Напрыклад, пра тое, што пры будаўніцтве ЧАЭС выкарыстоўвалася бракаванае югаслаўскае абсталяванне. За некалькі гадоў да катастрофы ў дакладных запісках КДБ указваў на памылкі ў праектаванні станцыі, адзначалася, што ў фундамент і будынак заліваўся бетон неналежнай маркі, былі выяўленыя расколіны, расслаенне фундаменту...

Шмат кажуць пра тое, што ЧАЭС грымнула ў выніку нейкіх эксперыментальных выпрабаванняў, і віной усяму — «чалавечы фактар».

Але мне падаецца, што «чалавечы фактар» быў не толькі ў Чарнобылі. Ён працаваў (і працуе) ад самага пачатку ядзернай энергетыкі. Нас пераконвалі — і працягваюць пераконваць, — што аварыі кшталту Чарнобыльскай магчымыя ці не раз на 10 тысяч гадоў. Аднак за крыху больш чым паўстагоддзя развіцця «мірнага атаму» мы ўжо зазналі маштабныя катастрофы ў Фукусіме, Тры-Майл-Айлэнд (там здарылася нешта падобнае да Чарнобылю, але не было такіх жахлівых наступстваў, бо над рэактарам быў загадзя ўзведзены абарончы купал), на камбінаце «Маяк» пад Чалябінскам, уласна ў Чарнобылі… Занадта аптымістычныя ацэнкі прыхільнікаў ядзернай энергетыкі — гэта таксама «чалавечы фактар».

Як ні дзіўна, мы гэты фактар працягваем культываваць і пашыраць. Каб у 1980-я гады народ ведаў, з якімі парушэннямі ўзводзіцца ЧАЭС, каб гэта было не толькі ў дакладных запісках КДБ, — можа, і станцыю не запускалі б. Зараз — часы большай галоснасці і інтэрнэту. Але што мы ведаем пра пабудову Астравецкай АЭС?

Найперш тое, што нам абяцалі рэферэндум па гэтым пытанні, а ён так і не прайшоў. Мы ведаем, што будаўнікі стукнулі аб зямлю рэактар, і яго давялося мяняць. Мы ведаем, што Астравецкая пляцоўка — не самае лепшае месца для АЭС, і тое, што падчас пабудовы станцыі на аб’екце здарылася больш за 10 няшчасных выпадкаў, прычым некаторыя — са смяротным зыходам.

А колькі «інцыдэнтаў» засталося па-за нашай увагай?

Самі рэактары Астравецкай АЭС — ВВЭР-1200/491 — пакуль можна лічыць «эксперыментальнымі». Іх планавалі паставіць на Ленінградскай і Балтыйскай АЭС у Расіі. ЛенАЭС і БалтАЭС пачалі будаваць раней за БелАЭС, аднак пакуль толькі на ЛенАЭС запрацаваў адзіны (!) рэактар такога тыпу, і працуе ён яшчэ менш за год.

Да гэтага часу не вызначана, як і дзе мы будзем захоўваць адпрацаванае паліва: нібыта, будзем адпраўляць у Расію на перапрацоўку, але адпаведнага міжурадавага пагаднення няма. «Давайце спачатку запусцім станцыю і будзем адпрацоўваць міжурадавае пагадненне», — сказаў днямі намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк. Дагэтуль не вядома, як, па выразе Лукашэнкі, «АЭС будзе ўбудаваная ў эканоміку краіны»: паводле словаў таго ж Міхадзюка, створана рабочая група, якая адпрацоўвае розныя сцэнары тарыфнай палітыкі што да кошту электраэнергіі. І ў дадатак, невядома, каму мы будзем прадаваць яе лішак — ані Літва, ані Польшча «атамную электрычнасць» купляць не хочуць…

Ну і тое, чаму нас навучыў, зноў жа, Чарнобыль. Навукоўцы і цяпер спрачаюцца пра ўздзеянне малых дозаў радыяцыі на арганізм. Некаторыя, як прафесар Бандажэўскі, лічаць іх небяспечнымі. Пры гэтым ніводная АЭС не працуе без выкідаў. Як правіла, гэта так званыя кораткажывучыя ізатопы, але яны ўсё ж ёсць. Таму работнікі АЭС штодзень праходзяць да свайго працоўнага месца і выходзяць з яго праз дазіметрычны кантроль. І пытанне з «малымі дозамі радыяцыі» для тых, хто будзе жыць навокал Астравецкай АЭС, застаецца ўсё ж адкрытым.

Калі пытанняў да АЭС больш, чым адказаў на іх, — ці не ёсць гэта першасным «чалавечым фактарам» на шляху да далейшых памылак? Можа, варта было б спачатку на гэтыя пытанні адказаць, а не кіравацца логікай: «Запусцім рэактар — там пабачым»?

Як піша «Газета.ру», навукоўцы са Швейцарскай вышэйшай тэхнічнай школы ў Цюрыху і Орхускага ўніверсітэта ў Даніі правялі ўсебаковы аналіз усіх вядомых інцыдэнтаў і аварый на атамных станцыях свету пачынаючы з 1946 года, каб ацаніць рызыкі ў атамнай энергетыцы. Паводле іх падлікаў, з верагоднасцю ў 50% Фукусіма паўторыцца ў наступныя 50 гадоў, Чарнобыль — у наступныя 27 гадоў і Тры-Майл-Айленд — у 10 гадоў.

Божа, барані Астравец!



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!