Пра ролю запаснога выхаду ў працы выбаркамаў

Прагнозы ў палітыцы — справа няўдзячная. Працэнт трапляння пальцам у неба слаба звязаны з узроўнем кваліфікацыі прадказальнікаў. Таму не выпадкова адзіны закон, на які можна абаперціся пры вывучэнні сацыяльна-палітычных працэсаў, — гэта закон ненаўмысных наступстваў.


Палітык можа валодаць неабмежаваным аб’ёмам паўнамоцтваў і рэсурсаў, але рэалізоўваць яго рашэнні даводзіцца мільёнам людзей. І гэтыя мільёны, атрымаўшы каманду зверху, будуць выконваць яе, па-першае, так, як зразумелі, а па-другое — зыходзячы з асабістых інтарэсаў, а не інтарэсаў кіраўніка. Зразумела, існуе тут яшчэ і па-трэцяе, і па-чацвёртае, і... па-пяцідзясятае.

Мне ўжо даводзілася прыво­дзіць прыклад з наведваннем адзіным палітыкам (АП) Аршанскага льнокамбіната. Ён бываў там яго тройчы (у 2010, 2014 і 2019 гадах) і кожны раз ставіў задачу разабрацца з колькасцю неабходных краіне льнозаводаў. Падначаленыя пстрыкалі абцасамі, бралі пад казырок, але на вырашэнні задачы гэта ніяк не адбівалася. Воз на тым жа месцы і цяпер. Нібы дрэнным танцорам, падначаленым увесь час нешта перашкаджала. Магчыма, асабістая зацікаўленасць у захаванні наяўных ільнокамбінатаў.

У траўні мне давялося ўзяць удзел у ток-шоу «Кожны з нас» на «Белсаце» Запіс праводзіўся яшчэ да пачатку збору подпісаў ініцыятыўнымі групамі. Мой прагноз не вызначаўся арыгінальнасцю: подпісы ў першую чаргу збяруць тыя кандыдаты, каму дазволіць улада.

Ні я, ні мае калегі не маглі ўявіць сабе чэргаў, якія праз некалькі дзён пачалі выстройвацца на плошчах беларускіх гарадоў. Але чэргі — гэта толькі прыватная праява пераходу значнай часткі беларускага грамадства са стану палітычнай апатыі да стану палітычнага ўзбуджэння. Гэта падзея і стала галоўнай сярод родных бяроз і асін у 2020 годзе. Нікім з удзельнікаў ток-шоу яна прадказаная не была.

Калі што і можна прадказ­ваць, дык гэта развіццё тэндэнцый, якія склаліся да моманту прадказання. Ад свайго прагнозу я і сёння не адмоўлюся. Цытую самога сябе па сайце «Белсата»: «Ужо даўно я не ўспрымаю выбары як выбары. Нічога ад іх не чакаю і ніколі не ўзважваю шанцы кандыдатаў. Але тое, што здарыцца пасля выбараў, — гэта цікава. Ідуць працэсы. У нулявыя гады сярэднія тэмпы росту ў нас былі 7,4% за год. Цяпер у нас тэмпы росту 1,1%. Сістэма вычарпала свой рэсурс. Таму працэсы ідуць, і змены, безумоўна, будуць».


Сабака брэша, караван ідзе

Ацаніць, якая частка беларускага грамадства абудзілася ад палітычнага сну, на вока, без адпаведных сацыялагічных даследаванняў, немагчыма. Нічым не дапаможа нам і падлік удзельнікаў мітынгаў у падтрымку Святланы Ціханоўскай і яе баявых сябровак.

Арыфметыка тут простая. Ядро праціўнікаў «дзяржавы для народа», выбудаванай пад кіраўніцтвам АП, у беларускім грамадстве на момант апошняга апытання НІСЭПД (чэрвень 2016 года) складала 15%, а доля ідэйных праціўнікаў АП не перавышала 30%. Стандартная, між іншым, сацыялогія — і чацвёрты год росту рэальных грашовых даходаў насельніцтва прынцыпова не мог яе змяніць.

З улікам 7 мільёнаў беларусаў «электаральнага ўзросту» (18+), мы атрымліваем ад 1 да 2 мільёнаў чалавек. Гэтага хапае, каб дэлегаваць 50–60 тысяч апазіцыйна настроеных грамадзян на мітынгі ў падтрымку Святланы. Дапамогі з боку электаральнага «балота» для гэтага не трэба.

Чэргі з жадаючых паста­віць свае подпісы за вылучэнне апазіцыйных кандыдатаў і шматлюдныя мітынгі ў іх падтрымку — важная характарыстыка стану так званай «меншасці» беларускага грамадства летам 2020 года. На жаль, сукупнасць гэтых падзей нічога не кажа пра стан «дзяржавы для народа».

А гэта слаўная дзяржава, нібы караван вярблюдаў з прыказкі, працягвае ісці па даўно наез­джанай каляіне. Ніякія чэргі, ніякія шматлюдныя мітынгі не паўплывалі на хаду дзяржаўнага каравана. Тыя, каму належала праяўляць знешнюю актыўнасць (сілавікі, судзейскія працаўнікі ды іншыя), пачалі яе праяўляць. Аднак галоўныя сілы, нібы вадалазы, — без лішніх словаў, без гучных фразаў працягвалі рабіць сваю вялікую справу.

Не сустрэўшы прыкметнага супраціву з боку нібыта праціўнікаў нязменнага пераможцы электаральных спектакляў, яны з дапамогай звыклага адміністрацыйнага рэсурсу сабралі неабходную колькасць подпісаў за яго вылучэнне. Перадыхнулі і таксама спакойна сфарміравалі выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў.

На гэтым можна было б паставіць кропку і апусціць заслону. Аднак рытуал вырашана было выканаць да канца — і тым, хто захацеў, была дадзеная магчымасць прыйсці прагаласаваць. Іх электаральную актыўнасць пацвердзіла рэкордная яўка на датэрміновым галасаванні — 42%.

Гэта «наш (дзяржавы для народа) адказ Керзону». На чэргі на плошчах, грамадства адказала віртуальнымі чэргамі на выбарчых участках.


А ці была стратэгія?

«Надзея — станоўча афарбаваная эмоцыя, звязаная з чаканнем задавальнення патрэбы, а таксама філасофскі, рэлігійны і культурны канцэпт, звязаны з асэнсаваннем стану чалавека, што зведвае гэтую эмоцыю» (Вікіпедыя).

Спадзявацца, як і прыгожа жыць, не забароніш. Нават у далёкім 2006 годзе на піку беларускай мадэлі, калі тэмпы росту даходаў насельніцтва былі двухзначнымі, хапала аптымістаў, якія верылі ў магчымасць перамогі над аўтарытарным рэжымам на выбарах.

Пераход часткі грамадства ва ўзбуджаны стан прывёў да масавага выбуху «станоўча афарбаваных эмоцый». У цэнтры дыскусіі аказалася будучая перамога і яе абарона. Абмяжуюся адной цытатай, запазычанай з інтэрв’ю Уладзіміра Някляева: «У Кіеўскім скверы, у адрозненне ад кіеўскага Майдана, шанцаў на перамогу не было. Магчыма, убачыўшы і адчуўшы гэта, Святлана пастаяла ля сквера і сышла. Прэтэнзіі да Святланы Ціханоўскай у мяне найменшыя. Яна, як сама прызнаецца, у палітыцы не разбіраецца. І ўжо тым больш — у палітычных тэхналогіях. Але ёсць тое, што называецца штабам. Дык што гэта за штаб, які да завяршэння выбарчай кампаніі не павышае, а паніжае рэйтынг кандыдата? Памяншае шанец на перамогу?»

Не мне меркаваць пра ўзровень прафесіяналізму штаба ў пытаннях тактыкі, але пры распрацоўцы стратэгіі (зразумела, калі тактычным крокам папярэднічала такая распрацоўка) аналізаваць патрэбна было не толькі стан грамадства, але і стан улады.

Адкуль вынікала, што аўтарытарны персаналісцкі рэжым да лета 2020 года аказаўся калосам на гліняных нагах? Гэта значыць, калі карыстацца тэрміналогіяй Леніна, у краіне склалася сітуацыя, пры якой нізы больш не хацелі жыць як раней, а вярхі не маглі гаспадарыць і кіраваць, як раней. 60 тысяч на мітынгу ў падтрымку Святланы Ціханаўскай прэтэндаваць на ролю такога доказу не могуць. Сур’ёзным людзям не варта выдаваць жаданае за сапраўднае.


Дзяржава вас не кіне. А нас?

9 жніўня ў 13.00 я з жонкай выканаў свой грама­дзянскі абавязак у СШ №207 у Малінаўцы. Даўнютка (гадоў 15–20) нічога падобнага за сабой не заўважаў. Распісваючыся за бюлетэнь, звярнуў увагу, што мой подпіс аказаўся на першай старонцы. Сфатаграфаваўшы бюлетэнь з двух бакоў, бесперашкодна пакінуў выбарчы ўчастак. Канцэрт самадзейных артыстаў мяне не зацікавіў. Гледачоў было няшмат.

Увечары зноў адправіўся да школы. Каля 100–150 чалавек чакала абвяшчэння вынікаў галасавання. Па словах прысутных, старшыня камісіі асабіста паабяцаў незалежным назіральнікам, якіх у будынак школы не пусцілі, гэта зрабіць. Але каля 22.00 усе вокны пацямнелі — і нечакана высветлілася, што чальцы камісіі разам з афіцыйнымі назіральнікамі пакінулі школу праз запасны выхад.

Што ў існуючых умовах заставалася рабіць прысутным? Шматкроць пракрычаць: «Ганьба!» — і разысціся.

Пад канец прывяду цытату, запазычаную з тэксту Паслання–2020 героя маіх «Азбук паліталогіі»: «Я бачу, што цяпер робіцца ў сувязі з выбарчай кампаніяй. Вы, а таксама чальцы выбаркамаў, зведваеце каласальны прэсінг. Дайшло да таго, што на чальцоў выбаркамаў сыплюцца пагрозы і абразы. Але вы павінны ведаць: дзяржава вас не кіне. Яна вас абаро­ніць. Мы знойдзем, мы знайшлі ўправу на гэтых экстрэмістаў. Таму нават не перажывайце і не хвалюйцеся ні за сваё жыццё, ні за сваю бяспеку, ні за бяспеку вашых дзяцей. Я вам гэта гарантую».

Асабіста я сярод тых, хто сабраўся ўвечары перад Мінскай СШ №207, экстрэмістаў не заўважыў. Тым не менш прыемна ўсведамляць, што ёсць у краіне людзі, якім магчымасць не хвалявацца і не перажываць за сваё жыццё і жыццё сваіх дзяцей гарантуе шасціразовы пераможца прэзідэнцкіх выбарчых кампаній.

Але хто абароніць тых беларускіх грамадзян, якія сабраліся чакаць выніку галасавання, ад чальцоў выбаркамаў і ад дзяржавы для народа, што іх сфарміравала?


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: