Пра сумны лёс гіганцкіх баброў

Жылі-былі яшчэ да заканчэння апошняга ледавіковага перыяду ў Амерыцы гіганцкія бабры. Былі яны ў даўжыню каля 1,9 метра, а іх сярэдняя вага дасягала 125 кілаграмаў. Насялялі яны вадаёмы ды харчаваліся раслінамі.

Пацяпленне істотна скараціла асяродак пражывання гіганцкіх баброў, а скарэктаваць яго за кошт будаўніцтва плацін яны не маглі. Таму сучасныя бабры ацалелі да нашых дзён, а гіганцкія бабры вымерлі.

Адаптацыя да пераменаў — вялікае мастацтва. Тыя, хто з дзяцінства не здолеў авалодаць ім, вымушаныя паўтарыць лёс гіганцкіх баброў. Аднак большасць прадстаўнікоў сацыякультурнага тыпу, які быў апісаны сацыёлагам Юрыем Лявадам пад імем «чалавек савецкі», вельмі паспяхова адаптуюцца да пераменаў.

І тут міжволі прыгадваецца анекдот, папулярны ў мае студэнцкія гады: «Вы вагаліся калі-небудзь?» — «Так, але толькі разам з лініяй партыі».

У адрозненне ад баброў (звычайных, а не гіганцкіх) сучасны варыянт «чалавека савецкага» і не думае пра змену асяродку пражывання. Калі ён сутыкаецца з крызісам, дык праколвае чарговую дзірачку на рамяні, замест таго каб займацца пошукам дадатковых крыніц заробку. Такі тып пасіўнага прыстасавання да цяжкасцяў у сацыялогіі прынята называць «паніжальнай адаптацыяй».

Аднак з любога правіла існуюць выключэнні. Таму і сярод «людзей савецкіх» сустракаюцца добра адукаваныя, канкурэнтаздольныя асобы. Для іх працяглы крызіс — лішняя нагода сур’ёзна задумацца наконт знешняй эміграцыі.

Зразумела, не выключаны і варыянт эміграцыі ўнутранай (сыход у прыватнае жыццё). Сёння магчымасцяў для такога кшталту эміграцыі дастаткова: ад заняткаў лацінаамерыканскімі танцамі да вырошчвання экзатычнай садавіны на лецішчы.

«Наогул кажучы, — тлумачыў Юрый Лявада, — свае мэты ў свядомай і актыўнай форме выказвае нязначная меншасць. Так адбываецца заўсёды і ўсюды ва ўсіх грамадствах, якія нам вядомыя. А астатнія прыстасоўваюцца, далучаюцца. І я не бачу перспектываў, каб было інакш».

Ласкавае цялятка дзвюх матак смокча

Але не варта думаць, што праблема адаптацыі да пераменаў актуальная толькі на побытавым узроўні. З аналагічнай праблемай пастаянна сутыкаецца і «беларуская мадэль», якая прэтэндуе на званне «донара еўрапейскай стабільнасці». Яе галоўны архітэктар, безумоўна, усведамляе, што справа ўсяго яго жыцця можа падзяліць лёс гіганцкіх баброў. Абмяжуюся адной цытатай, запазычанай з тэксту Паслання–2013: «Мы можам ці прыстасавацца да бурлівых пераменаў, ці застацца на ўзбочыне гісторыі. Іншага не дадзена».

Іншага не дадзена. А так хочацца і рыбку з’есці, і ногі не замачыць, што ў дадзеным выпадку азначае прыстасаванне да пераменаў без кардынальных зменаў у базавых характарыстыках «беларускай мадэлі».

Задача, скажам шчыра, архіскладаная. Адзін з варыянтаў яе вырашэння — прыкінуцца мостам паміж Усходам і Захадам, гэтакім пасярэднікам паміж Еўрапейскім і Еўразійскім саюзамі.

Ласкавае цялятка дзвюх матак смокча, а ў цяляткі, што зручна размясцілася на мосце, магчымасці для здабывання дадатковых порцый малака павялічваюцца шматкроць. Колькасцю малака, аднак, выгады не абмяжоўваюцца. Не менш важныя яго якасныя характарыстыкі. «ЕС — гэта тэхналогіі, крэдытныя рэсурсы, інвестыцыі. Таму гэты вектар вельмі важны для нас, і мы будзем імкнуцца да ўзмацнення гэтага вектара», — даходліва патлумачыў адзіны палітык (АП) у чэрвені 2009 года міністру замежных спраў Славеніі Самуэлю Жбогару, а заадно і ўсім нам.

За мінулыя дзесяць гадоў Еўропа сваёй прывабнасці для Беларусі не страціла. Што да Расіі, дык яна так і не адгукнулася на шматлікія просьбы сузаснавальніка Саюзнай дзяржавы зрабіць «роўныя ўмовы гаспадарання». А за кошт так званага «падатковага манеўру» Беларусь, паводле разлікаў АП, з 2015 года страціла 3,6 мільярда долараў. Агульная ж сума стратаў да 2025 года складзе за 10,6 мільярда долараў. Вось такая бухгалтэрыя ад АП.

Прычына ў мітусні

Аднак інвестыцыі, тэхналогіі і крэдытныя рэсурсы, якія прапануе Захад, — гэта ўсяго толькі прынада для прасцякоў. Неабходна тройчы падумаць, перш чым паспрабаваць яе заглынуць. Але беларусам пашанцавала. У краіне ёсць каму за іх прымаць рашэнні, і імя гэтага чалавека ні для каго не з’яўляецца таямніцай. Цытую: «Скажу вам шчыра, Захад — гэта такая прафанацыя, ні на што не здольныя людзі. Ні на што яны не здольныя, і з імі справу мець — трэба дзесяць разоў падумаць. Яны могуць цябе падмануць, і гэта са мной было ўжо не адзін раз. А потым, каб твар захаваць, пачынаюць патрабаваць — давай дэмакратызуй, дэвальвуй, выбары праводзь як трэба, палітвязняў выпускай».

Якім чынам ні на што не здольныя людзі ўмудраюцца быць сусветнымі лідарамі ў распрацоўцы найноўшых тэхналогій — пытанне асобнае. Але іх патрабаванне праводзіць выбары «як трэба», г.зн. згодна з заходнімі меркамі, здольнае дэстабілізаваць «беларускую мадэль». Сумнявацца ў гэтым не даводзіцца, бо беларуская стабільнасць не ў апошнюю чаргу трымаецца на своеасаблівасці нацыянальнай выбарчай сістэмы.

Тыя, хто ў гэтым сумняваецца, могуць пацікавіцца ў экс-старшыні Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь Вячаслава Кебіча, якім чынам, ён, калі быў галоўным кандыдатам ад улады, умудрыўся прайграць на прэзідэнцкіх выбарах у 1994 годзе. Што яму перашкодзіла сфармаваць ЦВК з сапраўдных прафесіяналаў-дзяржаўнікаў?

Чаму сучасны Захад ні на што не здольны (акрамя інвестыцый, тэхналогій і выдачы танных крэдытаў)? Прычына ў бесперапыннай мітусні палітыкаў. Сёння «адзін палітык абяцаў, а тут ужо іншы, ён табе нічога не абяцаў. Вось іх палітыка», — справядліва скардзіцца АП. Пра якое доўгачасовае супрацоўніцтва можна весці гаворку ў такіх умовах?

Рэгулярнае абнаўленне ўлады — прамы шлях да безадказнасці. Іншая справа, калі ўлада не змяняецца. Ці абяцаў АП у трэцяй перадвыбарнай праграме (сакавік 2006 года) у «бліжэйшыя пяць гадоў — давесці якасць жыцця нашых грамадзян да ўзроўню, параўнальнага з заходнееўрапейскім»? Абяцаў. Але еўрапейскія палітыкі палец аб палец не ўдарылі, каб рашуча знізіць якасць жыцця сваіх суайчыннікаў і тым самым зраўняць яго з беларускім.

Прайшло пяць гадоў. Тэрмін больш чым дастатковы, каб «дзесяць разоў падумаць» — і скарэктаваць чарговае перадвыбарчае абяцанне. У чацвёртай праграме (лістапад 2010 года) было заяўлена, што «да 2015 года ўзровень жыцця ў Беларусі наблізіцца да еўрапейскага».

За чацвёртую пяцігодку сярэднегадавы індэкс рэальна наяўных грашовых даходаў насельніцтва склаў 106,3% суп­раць 111,8% у трэцяй пяцігодцы. Мне цяжка ацаніць, наколькі такое значнае зніжэнне індэкса наблізіла ўзровень жыцця беларусаў да еўрапейскага. На жаль, АП, магчыма, праз сваю занятасць справамі дзяржаўнымі, з тлумачэннем так і не выступіў.

Алей у агонь

Паводле культуролага Андрэя Пеліпенкі, «Рускай\расійскай свядомасці ўласцівая асаблівасць бясконца крыўдаваць і злавацца на свет за тое, што ён не хоча паводзіць сябе “правільна”. Замест практычных высноваў і спробаў разабрацца — бясконцыя чаканні, што свет вось-вось нарэшце падладзіцца пад нас і стане такім, як трэба».

Улічваючы культурную роднасць двух народаў, такая крыўдлівасць уласцівая і беларусам. Вось якімі словамі яе выказаў міністр замежных спраў Уладзімір Макей 4 чэрвеня ў Мінску на міжнародным семінары «10 гадоў “Усходняму партнёрству”: вынікі і перспектывы»: «Санкцыі і контрсанкцыі толькі падліваюць алею ў агонь, выключаюць пошук кампрамісу. Сумна, што і сама Беларусь, якая з’яўляецца і донарам стабільнасці, і спонсарам міратворчых высілкаў, і ўскосна пацярпелым ад гэтых санкцый бокам, застаецца сама пад санкцыямі, хай і мінімальнымі. Гэта тармозіць аднаўленне даверу паміж намі і Захадам».

Донар стабільнасці і фундатар міратворчых высілкаў ужо які год знаходзіцца пад санкцыямі краін, з якімі ён так шчодра і бескарысліва дзеліцца сваімі напрацоўкамі па падтрыманні стабільнасці (сацыяльнай, палітычнай і эканамічнай)! Ці можна сабе ўявіць нешта больш недарэчнае і несправядлівае ў сучасным свеце?

А раптам Беларусь у адказ на нежаданне Захаду лічыцца з нашымі інтарэсамі пакрыўдзіцца і адмовіцца выконваць ролю моста? Цікава было б паглядзець пасля гэтага на прыхільнікаў парламенцкіх рэспублік і адэптаў так званых правоў чалавека. Няўжо з сумнага лёсу гіганцкіх баброў яны так і не зрабілі ніякіх высноваў?

Не, еўрапейцы нездарма, насуперак ціску амерыканцаў, згаджаюцца на будаўніцтва газаправодаў у абыход дзяржавы-донара еўрапейскай стабільнасці.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: