Пра што яшчэ гавораць мужчыны

Дзеля сустрэчы з Лукашэнкам Пуцін ахвяраваў праглядам у прамым эфіры матчу «Расія — Егіпет». Ці не дарма Пуцін прапусціў футбол?

Цяжка сказаць, ці вартая была гэтая ахвяра. Па вялікім рахунку, што было абмяркоўваць кіраўнікам дзяржаў падчас асабістай сустрэчы ў межах Вышэйшага дзяржсавету Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі?

Па-першае, як такая Саюзная дзяржава не адбылася (дзякуй Богу), а таму яе дзяржсавет — толькі рытуальныя «танцулькі». Па-другое, як з прыдыханнем паведамілі нам дыктары БТ, Лукашэнка і Пуцін за апошні час ужо некалькі разоў сустракаліся на розных мерапрыемствах — у маі ў Сочы на саміце ЕАЭС, і ў чэрвені — у Кітаі на саміце ШАС. Таму ў іх была магчымасць не толькі абмеркаваць усе праблемныя моманты і пытанні да сустрэчы ВДС СД, але і вырашыць іх.

Паводле меркавання экспертаў, у Масквы і Мінска ёсць некалькі галоўных праблемаў. Гэта нафтагазавае пытанне, пытанне «гандлёвых войнаў», нармалізацыя адносінаў Беларусі і Захаду (што не падабаецца Маскве) і незразумелая сітуацыя на беларуска-расійскай мяжы. Але пытанні гандлю і энергарэсурсаў паспяхова вырашаюцца без удзелу кіраўнікоў дзяржаў: прынамсі якраз у час ВДС СД Еўразійская камісія разбіралася з чарговай забаронай Рассельгаснагляду на беларускае малако. Нафтавы баланс Беларусь і Расія падпісалі, ідуць перамовы па газе. Сітуацыю кантролю на мяжы на саміце Саюзнай дзяржавы бакі ўвогуле павінны замаўчаць: што гэта за «дзяржава» з унутранай мяжой? Нармалізацыя адносінаў Сінявокай з Захадам дазваляльная — да тых межаў, да якіх Беларусь застаецца саюзнікам Расіі.

Дый я не выключаю, што такая нармалізацыя Пуціну нават выгадная — ва ўмовах адсутнасці наўпроставага дыялогу з «ворагамі Расіі» дыпламатыя Беларусі можа быць «паштовым голубам» для пасылаў сігналаў Еўропе і Амерыцы з боку Расіі.

І самае галоўнае — афіцыйны Мінск, разумеючы фінансавую сітуацыю ў Расіі і ўласны знешні доўг у памеры 71,2% ВУП, больш не просіць у «старэйшага брата» падтрымкі беларускай эканомікі ў выглядзе новых крэдытаў.


Дык пра што размаўляць Лукашэнку і Пуціну?

«Яны думаюць, што гэта мы ім пенсійны ўзрост паднялі… Няўдзячныя! Гэта ж мы сабе яго ўзнялі!» — у Расіі, як і ў Беларусі, пачалі падымаць планку пенсійнага ўзросту. Тут Лукашэнка і Пуцін могуць падумаць, абмеркаваць, падзяліцца досведам. З іншага боку, Аляксандру Рыгоравічу — ужо 63, а Уладзіміру Уладзіміравічу — 65. І для аднаго, і для другога надыходзіць час пенсіі. А сыходзіць на пенсію вельмі і вельмі не хочацца — не толькі фактычна, але і псіхалагічна. Хочацца, як раней, пачувацца маладымі і поўнымі энтузіязму.

«Саша, шчыра не разумею, чаму нашы людзі імкнуцца ў пенсіянеры», — мог бы пажаліцца Пуцін Лукашэнку. І абмеркаваць з ім падвышэнне пенсійнага ўзросту толькі для кіраўнікоў дзяржаў. Але атрымліваецца нясціплая няроўнасць — чым кіраўнікі дзяржавы горшыя (ці лепшыя — як паглядзець) за іншых кіраўнікоў? А кіраўнікі — горшыя за астатніх? Таму «ашчаслівілі» ўсіх, а народ да гэтага паставіўся не тое што без энтузіязму, але і са слаба прыхаванай нянавісцю.

Лукашэнка мог бы параіць Пуціну пагуляцца ў «дрэнных баяраў і добрага кіраўніка», і тэма б плаўна перайшла да выканаўцаў.

Колькі разоў Пуцін ужо «вырашаў праблемы» з Рассельгаснаглядам, але таму ўсё няймецца. Нядаўна забаранілі ўвозіць з Беларусі сухое малако ў тары больш за 2,5 літры. Малако няякаснае? Цікава: чаму ў меншай тары яно якаснае, а ў тары больш за 2,5 літры — раптам не?

Тут бы Аляксандр Рыгоравіч мог шмат распавесці з уласнага досведу па барацьбе з карупцыяй і пахваліцца нядаўнімі пасадкамі медыкаў і супрацоўнікаў спецслужбаў. А Пуцін бы толькі зайздросна ўздыхаў: у Расіі ж клан на клане, пачнеш такую чыстку — хто ж для цябе грошы зарабляць будзе? Да таго ж усім вядома, што Рассельгаснагляд — аграрнае лобі Расіі. А з гэтымі людзьмі жартачкі небяспечныя: быў ужо Грудзінін, старшыня падмаскоўнага калгасу, які на прэзідэнцкіх выбарах у Расіі заняў другое месца… «Я, канешне, яшчэ раз з Данквертам паразмаўляю, але, Рыгоравіч, выбачай: іх чапаць — сабе даражэй», — з перасцярогай сказаў бы Пуцін.

І Лукашэнка, які штогод спісвае пазыкі прадпрыемствам АПК, з ім бы пагадзіўся.

Ну і, зразумела, не абышлі б увагай кіраўнікі краінаў футбол. Уладзімір Уладзіміравіч распавёў бы пра будаўніцтва стадыёнаў, звязаныя з гэтым праблемы і пра тое, колькі гэта каштавала бюджэту Расійскай Федэрацыі. Аляксандр Рыгоравіч, у якога на носе Еўразійскія гульні, уважліва б паслухаў. У нас дабудоўваецца стадыён «Дынама», і невядома, што рабіць з іншымі падобнымі аб’ектамі — стадыёнамі «Трактар» і «Тарпеда». І зноў гаворка б перайшла на адвечную тэму — адкуль узяць грошы. І зноў да пенсійнай рэформы…

І, паразмаўляўшы так гадзінку-паўтары, кіраўнікі дзяржаў выйдуць да прэсы і коратка зачытаюць загадзя падрыхтаваныя «вітальныя лісты» пра тое, як яны добра абмеркавалі праблемныя пытанні.

Вось пра гэта і гаварылі два мужчыны. А хто не верыць, хай паглядзіць праз месяц-два, што змянілася пасля сустрэчы двух кіраўнікоў краін. Калі не зменіцца нічога — дык пра што яны размаўлялі?


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!