Праціўнікі акумулятарнага завода сабралі подпісы за вылучэнне ў кандыдаты

За вылучэнне кандыдатам у дэпутаты праціўніка будаўніцтва акумулятарнага завода ля Брэста Рамана Кісляка сабрана больш за тысячу подпісаў, паведамляе Радыё Свабода.

Раман Кісляк

Раман Кісляк

Як паведаміў БелаПАН Кісляк, на 18.00 5-га кастрычніка за яго падпісаліся 1060 чалавек.

На 30 верасня больш як 1100 подпісаў сабрала ініцыятыўная група праціўніцы акумулятарнага завода Алены Макарэвіч.

5 кастрычніка праціўнік будаўніцтва акумулятарнага завода, блогер, сябра АГП Аляксандр Кабанаў падаў дакументы ў выбарчую камісію. Таксама збірае подпісы ініцыятыўная група праціўніка акумулятарнага завода Уладзіміра Мароза.

Паводле Кісляка, збор подпісаў за праціўнікаў акумулятарнага завода працягваецца і «колькасць людзей, якія хочуць, каб праціўнікі завода сталі дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, расце».

«Гэтая выбарчая кампанія яшчэ больш з'яднала жыхароў рэгіёну не толькі ў барацьбе за закрыццё гэтага небяспечнага прадпрыемства. Людзі лічаць, што парламентары мусяць адстойваць інтарэсы простых грамадзян, а не ўлады і бізнэсу, як гэта адбываецца цяпер, — сказаў Кісляк. — Калі першыя дні збору подпісаў слова „Жыць“ на жоўтых кепках нашых актывістаў асацыявалася, як жыць у Брэсце без свінцовага завода, то цяпер — жыць па законах, якія не будуць дапускаць сітуацый, калі ўлады не хочуць чуць простых людзей», — сказаў БелаПАН Раман Кісляк.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!