Прадстаўнік Ціханоўскай: «Еўрапейскі план для дэмакратычнай Беларусі» ўключае бязвіз для беларусаў

Еўрапейская камісія распрацоўвае комплексны план падтрымкі дэмакратычнай Беларусі, які, у тым ліку, прадугледжвае ўвядзенне бязвізавага рэжыму для грамадзян Беларусі і дапамогу краіне пры ўступленні ў СГА, заявіў журналістам прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах Алесь Аляхновіч.


«План ЕС уключае такія напрамкі, як фінансаванне для прыватнага бізнесу, буйныя інфраструктурныя праекты, развіццё трансгранічных і іншых, у тым ліку экалагічных праектаў, у рамках ініцыятывы “Усходняе партнёрства” , а таксама бязвізавы рэжым для беларусаў і падтрымку для ўступлення рэспублікі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю», — сказаў Аляхновіч падчас прэс-канферэнцыі ў рэжыме анлайн, перадае Інтэрфакс-Захад.

Па словах Аляхновіча, кабінет Ціханоўскай знаходзіцца ў пастаянным кантакце з Еўракамісіяй, якая распрацоўвае план. «На экспертным узроўні мы абменьваемся інфармацыяй аб сітуацыі ў Беларусі, аб прыярытэтных напрамках рэформаў, а таксама падтрымкі беларускай эканомікі», — распавёў ён.

Як паведамлялася раней, у кастрычніку ЕС абвясціў аб рашэнні скараціць двухбаковае супрацоўніцтва з цэнтральным кіраўніцтвам Беларусі і павялічыць дапамогу грамадзянскай супольнасці.

«ЕС скароціць двухбаковае супрацоўніцтва з цэнтральнымі беларускімі ўладамі, павялічыць падтрымку беларускаму народу і грамадзянскай супольнасці», — гаварылася ў пастанове па выніках пасяджэння кіраўнікоў МЗС краін-членаў ЕС, прынятай у панядзелак, 12 кастрычніка. У ім таксама падкрэслівалася, што ЕС гатовы прапанаваць Беларусі план эканамічнай падтрымкі ў выпадку пераходу да дэмакратыі.

У Беларусі з 9 жніўня працягваюцца акцыі пратэсту супраць вынікаў выбараў прэзідэнта. Пераможцам афіцыйна абвешчаны Лукашэнка, які займае гэтую пасаду з 1994 года. Народ палічыў вынікі выбараў сфальсіфікаванымі. Пратэстоўцы патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі, вызвалення палітвязняў і правядзення новых выбараў.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: