Прадстаўнік беларускага ЦВК на канферэнцыі АБСЕ адказала на крытыку праваабаронцаў

Намеснік загадчыка арганізацыйна-прававога аддзела Цэнтрвыбаркама Беларусі Галіна Мкртычан 25 верасня ўзяла ўдзел у працы дзявятай сесіі штогадовай нарады па аглядзе выканання дзяржавамі-ўдзельніцамі абавязацельстваў у галіне чалавечага вымярэння АБСЕ ў Варшаве.

 



На сустрэчы разглядаліся "праблемы дэмакратычных інстытутаў, у тым ліку дэмакратычных выбараў", паведамляе сайт ЦВК.

"Падчас выступлення выкладзеныя контраргументы па заўвагах, выказаных прадстаўнікамі "Праваабарончага цэнтра "Вясна" і Еўрапейскай платформы за дэмакратычныя выбары (EPDE)", — гаворыцца ў паведамленні Цэнтрвыбаркама.

Нагадаем, праваабарончая канферэнцыя стартавала ў сталіцы Польшчы 22 верасня. Яе ўдзельнікі абмяркоўваюць поспехі і недахопы ў выкананні дзяржавамі АБСЕ абавязацельстваў па чалавечым вымярэнні — нормаў і відаў дзейнасці, звязаных з правамі чалавека і дэмакратыяй, якія АБСЕ разглядае ў якасці аднаго з трох вымярэнняў бяспекі поруч з ваенна-палітычным і эканоміка-экалагічным.

Ад беларускага трэцяга сектара на мерапрыемстве быў заяўлены ўдзел кіраўніка закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна" экс-палітзняволенага Алеся Бяляцкага, а таксама яго намесніка Валянціна Стэфановіча, каардынатара грамадзянскай кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнай кары ў Беларусі" Андрэя Палуды і каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміра Лабковіча.

Канферэнцыя па пытаннях правоў чалавека і дэмакратыі праводзіцца БДІПЧ АБСЕ штогод. Гэта платформа, якая аб'ядноўвае 57 дзяржаў — удзельніц АБСЕ, партнёраў, арганізацыі грамадзянскай супольнасці, міжнародныя арганізацыі і структуры АБСЕ. Праца цяперашняй канферэнцыі будзе доўжыцца да 2 кастрычніка.

 
 
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: