Праймерыз апазіцыі адмяняцца не будуць

Сустрэчы ў рэгіёнах для вылучэння адзінага кандыдата ад апазіцыі на прэзідэнцкія выбары 2020 года ў Беларусі адмяняць пакуль не плануюць, паведамляе Белсат.
Старшыня «Руху за свабоду» Юрась Губарэвіч 15 сакавіка перамог на сустрэчы з грамадзянамі ў Пінску. Яго падтрымалі 48 чалавек з 101, хто ўзяў удзел у галасаванні. Другое месца ў сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца – 45 галасоў.

Раней Юрась Губарэвіч перамог у Гарадку і напярэдадні ў Драгічыне, а Павел Севярынец – у Віцебску, Наваполацку, Мёрах, Шаркаўшчыне, Паставах, Лепелі, Бярозе і Берасці. У адсотках лідара «Руху за свабоду» падтрымалі 29,8 % удзельнікаў галасавання, сустаршыню БХД – 56,4 %. У Вольгі Кавальковай, Аляксея Янукевіча і Мікалая Казлова сумарна каля 13 %.

Сваю перамогу Юрась Губарэвіч у каментары belsat.eu патлумачыў вялікай колькасцю ўдзельнікаў, якія не належаць да апазіцыйных арганізацыяў.

«І ў Драгічыне, і ў Пінску я пабачыў велізарную колькасць новых людзей. І мясцовыя актывісты, якія як правіла ў такіх гарадах ведаюць адзін аднаго, таксама пацвярджалі, што прыйшлі невядомыя людзі. Але, гледзячы па настроях, гэта тыя людзі, якія хочуць зменаў у Беларусі. Якія хочуць, каб Беларусь працавала па-новаму. Гэта той электарат, на які я асабіста абапіраюся ў гэту кампанію. Людзі, якія разумеюць, што акрамя лозунгаў і заклікаў на плошчу, павінен таксама быць адказ на пытанне, а што далей і як будзе будавацца Беларусь без Лукашэнкі», – сказаў палітык.

Таксама ён пракаментаваў магчымасць спынення праймерыз праз сітуацыю з каронавірусам. Паводле яго, арганізатары выбараў адзінага кандыдата абапіраюцца на пазіцыю Міністэрства аховы здароўя.

«Яны хіба адзіная структура, якая ведае рэальную сітуацыю. І калі палічаць, што існуе сур’ёзная небяспека, якая патрабуе ўвядзення каранціну, ды абвесцяць гэты каранцін, і будуць у тым ліку абмяжоўваць масавыя падзеі ды сходы, натуральна, што мы прыслухаемся да іх меркавання. І гэта будзе падставай для адмены ці пераносу далейшых сустрэчаў. Але на сёння такога рашэння з іх боку няма», – падкрэсліў Юрась Губарэвіч.

Між тым Міністэрства аховы здароўя ў адказ на «панічныя настроі» і крытыку «дзеянняў, або, як многія лічаць, бяздзеянняў» паведаміла, што ў Беларусі не плануецца ўводзіць каранцін. Межы краіны застануцца адкрытымі, апроч тых, якія зачынілі суседнія краіны, навучанне ў школах, ВНУ і дзіцячых садках працягваецца.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: