Пракапеня, Оруэл ды «ўскрыты гнайнік»

Жарсці ў стылі «тэорыі змовы» ды оруэлаўскага «1984» разгарэліся апошнім часам у сацыяльных сетках ды сайтах незалежных СМІ: «Як так? Усемагутны Пракапеня «змяняе сваё мінулае», рассылаючы ганцоў да рэдактароў выданняў, каб тыя выдалялі звесткі пра ягонае затрыманне і 9 месяцаў у СІЗА?» Проста жах…


Некаторыя СМІ ужо паспелі назваць ІТ-бізнесоўца «героем, які ўскрыў гнайнік»… «Гнайнік», калі што, гэта пра «нячэсныя» СМІ, якія пагадзіліся прыбраць ці скарэктаваць інфармацыю пра гісторыю з затрыманнем. Сярод «абвінавачаных» на сімвалічную лаву падсудных, разам з прэс-службай Следчага Камітэту ды рэдакцыяй парталу TUT.by, самаабвешчаны «народны трыбунал» з ліку фэйсбук-каментатараў ды «аўтарытэтных экспертаў», усадзіў таксама і «Новы Час».

Маеце сведчанні? Пакажыце!

З нашай газетай усё атрымалася наогул у стылі танных дэтэктываў. Перакруціўшы словы рэдактаркі Аксаны Колб, якая шчыра распавяла пра некалькі эпізодаў супрацы з «людзьмі Пракапені», журналісты зляпілі з гэтага свайго «франкенштэна»: склеілі інфармацыю пра перамовы наконт выдалення кантэнту (аўтарскія матэрыялы на тэму так і НЕ БЫЛІ ВЫДАЛЕНЫЯ, была адно скарэктаваная юрыдычная фармулёўка: «арышт» зменены на «затрыманне») і прапанову кантэкстнай рэкламы, якая не мела з затрыманнем нічога агульнага — адсюль і гісторыя пра 200–300 даляраў.

Спадарства, дык што, любая рэклама ў СМІ — гэта подкуп, амаральшчына і парушэнне журналісцкай этыкі? Як цікава! А СМІ, якія змяшчаюць інфармацыю пра вулічныя акцыі апазіцыйных палітыкаў — аўтаматычна падкупленыя імі? Альбо сайты, якія ўдзень і ўначы піяраць тэму адмены смяротнага пакарання — падкупленыя зацікаўленымі еўрапейскімі праваабарончымі структурамі? СМІ, якое піша пра дах, які цячэ ў нейкім доме, — падкупленае ягонымі жыхарамі?.. Паўсюдна подкуп і парушэнне этыкі?

Калі нехта мае сведчанні пра аплату выдалення матэрыялаў аб турэмнай гісторыі Пракапені — аўдыё, відэа, фота, што заўгодна — пакажыце! Калі не, то ці не хочаце атрымаць іск у адказ аб этычнасці вашых, спадарства, публікацыяў, перапоўненых домысламі ды беспадстаўнымі абвінавачаннямі?

Татальны Оруэл і бабуля ля пад'езду

Канешне, першае ўражанне ад гісторыі можа навесці на чытача жаху: аказваецца, нейкі дзядзька можа пачысціць сваю анлайн-біяграфію! Дамовіцца — і пачысціць. Але… чаго вы хацелі, жывучы ў грамадстве, закручаным на інфармацыі ды «гугле»? Так бывае. Наўпрост, у перыяд папяровых СМІ, газета мелася б друкаваць абвяржэнне альбо артыкул з удакладненнем у працяг тэмы. Зараз — усё можна пераправіць у артыкуле, які вісіць на сайце і даўно сышоў з бягучай стужкі — толькі і ўсяго.

Але, давайце пагодзімся, што ніякіх на 100% аб’ектыўных СМІ няма і быць не можа. Газета ці сайт — гэта не Савецкая Энцыклапедыя, з якой у 1950-я ва ўсіх бібліятэках выразалі абзац пра Берыю. Гэта і не пашпартны стол, не кніга наведванняў інтэрнату на стале ў вахцёршы, не архівы СК ці КДБ. СМІ мае права на манеўр, мае нішу, мае сваю аўдыторыю і рэдакцыйную палітыку. І калі нейкаму чалавеку, ягонаму бізнесу ці прыватнаму жыццю замінае ці пагражае інфармацыя аб ім, змешчаная на нейкім сайце — чаму ён не можа звярнуцца ды спытаць пра магчымасць карэктуры? А рэдакцыя СМІ ўжо сама разбярэцца, размаўляць з ім ці не.



І не трэба пра Оруэла. Калі вы падыдзеце да бабулі ля пад’езду і папросіце яе не казаць пра дзяўчат, якіх водзіце дадому без ведама жонкі, вы ад гэтага не станеце аўтаматычна «вялікім братам». Як і бабуля ля пад’езду не ёсць універсальным рупарам прапаганды, закліканым забмаваць дваравую і пад’ездную тэрыторыю. Бабуляў можа быць шмат, вы можаце верыць адной і не верыць іншай, можаце з імі наогул не размаўляць — у гэтым і ёсць інфармацыйная свабода. Ці не так?..

Наіўна думаць, што сёння можна «зацерці» ўсю інфармацыю пра нейкага чалавека ці здарэнне ў ягоным жыцці, якое некалі мела шырокі розгалас. Паспрабуйце сцерці ўсе ўзгадкі ў інтэрнэце пра паводзіны Рымашэўскага і Раманчука ў 2010-м ці пра зніклых палітыкаў, атрымаецца? Канешне, не. Бо свет інфармацыі — гэта не стакан, які можна выліць ды працерці анучкай, а хутчэй грэцкі гарэх, з масай няроўнасцяў ды ўпадзінак унутры — так проста не вышкрабеш. Так і зараз, вы ж «гугліце» звесткі аб затрыманні Пракапені і знаходзіце патрэбную інфармацыю? Так. Дык у чым праблема?

Настальгія па «святой інквізіцыі»

Вяртаючыся да тэмы «ўскрытага гнайніка», можна сказаць і пра іншы феномен, які гісторыя з Пракапенем цудоўна праілюстравала: настальгія па «святой інквізіцыі». Тыя, каго гадамі цягалі міліцыянты ды следчыя, зараз хочуць самі прымераць гэтыя функцыі ды звінаваціць хоць каго... напрыклад, сваіх калегаў. Маўляў, калі не атрымліваецца трапіць у рэальны трыбунал, давайце створым хаця б свой, фэйсбучна-падпольны!

Navi сыгралі для КДБ, Міхалок засвяціўся на карпаратыве з Гайдукевічам, «нячэсныя» СМІ адмываюць Пракапеню, які круціць справы з дыктатарам... Вы самі не стаміліся ад гэтага? Маскі чальцоў «святой інквізіцыі» не ціснуць? Ствараецца ўражанне, што нехта цягам свайго зацяжнога «крыжовага паходу» ўжо забыўся, куды ідзе, для чаго, ды дзе яна, тая «Святая зямля».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Аўтар.
  • 2017-12-30 08:22:38
Падртрымліваю напісанае. Усё граматна раскідаў.
  • ВР
  • 2018-01-02 17:04:35
Дасціпнае параўнанне СМІ з бабуляй ля пад'езду - галоўнае, што самакрытычна.