Пракаповіча аштрафавалі на 50, Рымашэўскага на 40 базавых

Суд Ленінскага раёна Менска 17 кастрычніка аштрафаваў сустаршыню аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталя Рымашэўскага на падставе п. 3 арт. 23.34 КаАП за ўдзел у акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў 12 верасня.


Артыкул прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры 20-50 базавых велічынь альбо адміністратыўнага арышту. Падставай для штрафу стала адно фота адміністратыўных здымак з Кастрычніцкай плошчы і сведчанні двух міліцыянтаў, што сустаршыня БХД выкрыкваў лозунг “Жыве Беларусь!”. Пры гэтым яны пацвердзілі, што ніхто з удзельнікаў акцыі не парушаў парадак.

“Такі вырак — гэта ганьба для беларускай судовай сістэмы і для Беларусі як еўрапейскай краіны. Людзей, якія не парушалі грамадскі парадак, якія проста сабраліся на цэнтральнай плошчы, якая ўмяшчае 20 тыс. чалавек, абмяркоўвалі вынікі выбараў і выгуквалі патрыятычныя лозунгі, караюць штрафамі”, — адзначыў Віталь Рымашэўскі.

А тым часам ужо вельмі вядомая суддзя суду Цэнтральнага раёна Менска Вікторыя Шабуня аштрафавала Менскага абласнога каардынатар БХД Паўла Пракаповіча і актывіста Маладога Фронту Сержука Стрыбульскага за пікет ля амбасады Расеі 8 верасня.

Павел Пракаповіч аштрафаваны паводле ч. 3 арт. 23.34 КаАП на 50 базавых велічынь (1050 рублё), Сяржук Стрыбульскі — паводле ч. 1 арт. 23.34 на 10 базавых (210 рублёў).

У Дзень беларускай вайсковай славы 8 верасня ля амбасады РФ меўся адбыцца пікет "Маладога Фронта". Большасць удзельнікаў акцыі ўключна са Змітром Дашкевічам, Уладзем Яроменкам, Раманам Васільевым, Вольгай Мікалайчык былі прэвентыўна затрыманыя або блакаваныя ў сваіх кватэрах. Не гледзячы на тое, што пляцоўка ля расійскай амбасады была ачэпленая, Сяржук Стрыбульскі і Павел Пракаповіч здолелі даехаць да месца акцыі і правесці кароткі пікет, разгарнуўшы плакат Вольгі Мікалайчык "Акупанты — вон!".

Пасля сканчэння акцыі Сяржук Стрыбульскі з’ехаў да дому на ровары, а людзі ў цывільным пераследавалі Паўла Пракаповіча, пакуль той ехаў у грамадскім транспарце, але затрымаць не вырашыліся дзякуючы журналістам, якія суправаджалі актывіста на працягу ўсяго шляху да метро.

Паводле bchd.info

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: