Прарасійскія арганізацыі Беларусі запатрабавалі ліквідаваць Партыю БНФ

Шэсць прарасійскіх арганізацыяў Беларусі апублікавалі 12 студзеня заяву з патрабаваннем ліквідацыі партыі БНФ. На сайце Беларускага народнага фронту з’явіўся адказ на гэты зварот — пад загалоўкам «Атака зомбі», піша «Радыё Свабода».



9 траўня 2018 года. Акцыя «Несмяротны полк»


Зварот падпісаны чатырма грамадскімі аб’яднаннямі, адной прыватнай установай і адным каардынацыйным саветам левых партый. У ліку падпісантаў экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў і адзін з нядаўніх кіраўнікоў Камуністычнай партыі Беларусі Валеры Драко.

У звароце сцвярджаецца, што «аб’яднанне Беларусі і Расіі адлюстроўвае волю нашых народаў», а Партыя БНФ тым часам заяўляе «недарэчныя сцверджанні пра нейкую беларускую царкву і абражае пачуцці рускамоўнай большасці беларускага грамадства». Партыю БНФ яны называюць «праварадыкальнай русафобскай празаходняй апазіцыяй», «ідэйнымі нашчадкамі паліцыяў», «якія не маюць права навязваць свой пункт гледжання ні дзяржаве, ні грамадству».

У сувязі з гэтым падпісанты ліста заклікаюць Генеральную пракуратуру даць прававую ацэнку заяве партыі «Беларуская мова — найважнейшы фактар нацыянальнай бяспекі для незалежнай беларускай дзяржавы» і агулам дзейнасці партыі, лічаць неабходным ініцыяваць працэс ліквідацыі партыі, «улічваючы наяўнасць прыкметаў крымінальных злачынстваў» (яны бачаць «распальванне варожасці» — арт. 130 КК РБ — «і іншыя»).

Партыя БНФ у сваю чаргу звяртае ўвагу, што «некаторыя прадстаўнікі арганізацыяў-падпісантаў гэтага даносу ў мінулым годзе былі самі асуджаныя да пакарання за распальванне міжнацыянальнай варожасці».

9 траўня 2018 года. Акцыя «Несмяротны полк»


«Натуральна, беларуская пракуратура ведае, хто тут насамрэч ёсць экстрэмістам і хто працуе супраць беларускага народу і беларускіх інтарэсаў, — піша старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў, згадваючы, што з даносамі «так было ў савецкія часы, так здараецца ў часы выбарчых кампаніяў». — Паказальна, што гэтыя мікраскапічныя арганізацыі спрытна выскачылі як па камандзе — адразу ж калі ў расійскіх СМІ пачалася гістэрыка наконт прыкрыцця каналаў вядзення інфармацыйнай вайны супраць Беларусі, наконт „казака ў менскім метро“.

Мы, Партыя БНФ, успрымаем гэты данос як самавыкрыццё добраахвотных памагатых ворага ў інфармацыйнай вайне, якая вядзецца цяпер супраць Беларусі — гэта такія сабе своеасаблівыя „дыверсанты інфармацыйнай вайны“».

Кастусёў сцвярджае: пазіцыя гэтых структураў, якія падпісалі зварот, вядомая: «для прарасійкіх экстрэмістаў любога гатунку і любой ідэалагічнай афарбоўкі сама наяўнасць незалежнай беларускай дзяржавы ёсць непрымальная — яны хацелі б ліквідаваць не БНФ, а ўвогуле беларускую дзяржаву, беларускую мову і ў прынцыпе былі б радыя, калі б беларускі народ увогуле знікнуў».

 



 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!