Праскаловіч: «Запасу трываласці ў рэжыму няма, толькі скотч і ізастужка»

Экс-супрацоўнік Адміністрацыі прэзідэнта, які далучыўся да НАУ, распавёў,  як сістэма падточвае сама сябе знутры.


Былы супрацоўнік Адміністрацыі Лукашэнкі, юрыст Арцём Праскаловіч цяпер займаецца ў НАУ пытаннямі канстытуцыйнага будаўніцтва. У эфіры «Маланка.live» ён распавёў, што НАУ сумесна з камандай «Сумленныя людзі» запусціла глабальную кампанію, у межах якой прапануецца падпісаць адкрыты ліст былых і дзеючых дзяржаўных служачых.

— У рамках гэтай кампаніі мы атрымліваем прадметную інфармацыю пра парушэнні рэжыму, злачынствы, пра ціск на людзей. І ў тым ліку атрымліваем адназначны адказ наконт настрояў у дзяржструктурах: нікому не падабаецца тое, што адбываецца. Ніхто не разумее, як такое наогул магчыма ў сучасным свеце, у цывілізаванай еўрапейскай краіне.

На ўсіх, хто хоць неяк праявіў сваю нязгоду, максімальна ціснуць, аж да масавых звальненняў. І я сабе задаю адно простае пытанне: праз два тыдні, праз месяц — проста фізічна хутка дзяржаўны апарат не зможа выконваць тыя функцыі, якія сам на сябе браў на працягу 26 гадоў.

Ці варта чакаць новай хвалі звальненняў чыноўнікаў і сілавікоў, а таксама іх публічных зваротаў? Я б хацеў, каб не ўзнікла такой нагоды, як у жніўні 2020 года, каб не было той мяжы, праз якую людзі не могуць пераступіць. Цяпер важнейшы не масавы, а спакойны і свядомы сыход усіх гэтых людзей, з чым мы і іншыя ініцыятывы, валанцёры стараемся ім дапамагчы.

Сістэма дзяржаўнай службы ўладкаваная так, што яна непрыкметна адрывае цябе ад знешняга свету. І калі ты вяртаешся ў штодзённае жыццё, адчуваеш сябе абсалютна страчаным. Гэта вельмі складана псіхалагічна.

Але ўсё магчыма, галоўнае — звяртацца па падтрымку, не закрывацца ў сабе. Я таму жывы прыклад: чатырнаццаць гадоў дзяржаўнай службы, ніякай іншай дзейнасці я не ведаў... Цяпер я нарэшце атрымліваю задавальненне ад сваёй прафесійнай дзейнасці, хоць быць юрыстам у Беларусі, і асабліва быць ім тут зараз — вельмі складана з прычыны адсутнасці права як такога.

Людзі сыходзяць і будуць сыходзіць. Да таго ж, ім актыўна дапамагае сама дзяржава, якая пазбаўляецца ад самых кампетэнтных працаўнікоў — тых, хто мае ўласнае меркаванне, ад прагрэсіўных людзей. Таму ў выніку, нават калі не будзе масавага cыходу, будзе не тое што стан застою, а поўнага выгнівання, разбурэння сістэмы знутры. Цалкам магчыма, у адзін цудоўны дзень — калі ніхто гэтага не будзе чакаць — яна проста абрынецца.


Лукашэнка можа сысці «як мінімум пяццю магчымымі спосабамі», лічыць прадстаўнік НАУ:

— Калі казаць пра нейкі запас трываласці рэжыму — на мой погляд, яго няма. Гэта проста ланцугі, накінутыя на вертыкаль улады, выкарыстанне скотчу і ізаляцыйнай стужкі, і любы, найменшы ўнутраны або знешні трыгер можа разбурыць іх.

Значна важней адказаць на пытанне «Што я магу зрабіць, каб гэта здарылася хутчэй?», чым думаць, наколькі моцным можа быць супрацьдзеянне.

Што рабіць з сілавікамі і чыноўнікамі, датычнымі да злачынстваў? Усё проста. Калі адкінуць эмоцыі, іх дзеянні трэба разглядаць з пункту гледжання заканадаўства Рэспублікі Беларусь — крымінальнага, адміністрацыйнага, працоўнага, дысцыплінарнага — і даваць адпаведную прававую ацэнку.

Але казаць пра гэта або пра тое, ці павінна быць люстрацыя, варта ў той момант, калі будзе нагода зноў пра гэта задумацца. А калі ацэньваць тое, што адбываецца, з пункту гледжання таго заканадаўства, якое ў нас ёсць цяпер, — цалкам магчыма, атрымаецца, што не будзе каго люстраваць.

Паводле «Салідарнасці». Пераклад НЧ

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: