Праваабаронцы распавялі пра парушэнні ў час агітацыйнай кампаніі

РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт» і ПЦ «Вясна» ў рамках кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падрыхтавалі аналітычную справаздачу па выніках агітацыйнага перыяду выбарчай кампаніі.
Агітацыйная кампанія істотна адрознівалася ад папярэдніх выбараў шырокай актыўнасцю пратэстнага электарату як у Мінску, так і ў невялікіх беларускіх гарадах.

Магчымасці атрымліваць інфармацыю аб кандыдатах у Прэзідэнты былі сур’ёзна абмежаваныя мясцовымі выканкамамі, якія рэзка скарацілі колькасць месцаў для перадвыбарчай агітацыі. У многіх выпадках гэтыя месцы былі непрыдатныя для мэтаў агітацыі (маланаведвальныя, у дрэннай транспартнай даступнасці і інш.).
Праявы актыўнасці ўдзельнікаў кампаніі і саміх выбаршчыкаў па-за вылучанымі месцамі кваліфікаваліся як парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, а грамадзяне прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафаў і арыштаў.

Перадвыбарчая агітацыя праходзіла ў няроўных умовах: адмовіўшыся ад афіцыйнай агітацыі, дзеючы кіраўнік максімальна скарыстаў адміністрацыйны і прапагандысцкі рэсурс вертыкалі ўлады, праўладных грамадскіх арганізацый і СМІ. Перанесенае з красавіка на 4 жніўня штогадовае пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу шырока тыражавалася ў СМІ, што служыла агітацыяй за кіраўніка дзяржавы як аднаго з кандыдатаў.

У рэгіёнах інтэнсіўна арганізоўваліся сустрэчы давераных асоб дзеючага кіраўніка і прадстаўнікоў улады розных узроўняў з працоўнымі калектывамі. Яны ішлі ў працоўны час, на працоўных месцах і не заўсёды анансаваліся, на некаторыя такія сустрэчы не пускалі журналістаў ці забаранялі падчас іх фатаграфаваць.
Прынятыя па ініцыятыве дзеючага кіраўніка дзяржавы і кандыдата ў Прэзідэнты А. Лукашэнкі меры заахвочвання ў выглядзе павышэння пенсій, пераносу на больш ранні тэрмін іх выплаты, з’яўляюцца фактычна подкупам выбаршчыкаў і праявай выкарыстання адміністрацыйнага рэсурса.

Найбольш актыўнай і заўважнай у грамадстве стала кампанія Святланы Ціханоўскай разам з прадстаўніцамі аб’яднанага штабу. Мітынгі ў яе падтрымку наведалі дзясяткі тысяч людзей у розных гарадах краіны.
Штабы альтэрнатыўных кандыдатаў у Прэзідэнты актыўна выкарыстоўвалі інтэрнэт і сацыяльныя сеткі для агітацыі на карысць сваіх кандыдатаў, а таксама відэасэрвіс YouTube.

Дзяржаўныя СМІ агітацыю на карысць дзеючага кіраўніка спалучалі з шырокай кампаніяй дыскрэдытацыі найбольш актыўных кандыдатаў. У эфіры праграм беларускага тэлебачання рэгулярна выкарыстоўваліся факты крымінальнага пераследу ўдзельнікаў выбарчай камапаніі і матэрыялы крымінальных спраў, што парушае прэзумпцыю невінаватасці.

Для прасоўванная негатыўнага вобразу альтэрнатыўных кандыдатаў і іх праграм, а таксама для іх дыскрэдытацыі ўпершыню актыўна выкарыстоўваліся Telegram-каналы.

Паводле прэс-рэліза

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: