Праваабаронцы сустрэліся са спецдакладчыкам ПАСЕ Андрэа Рыгоні

Афіцыйны візіт Спецдакладчыка Камісіі па палітычных пытаннях і дэмакратыі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы Андрэа Рыгоні ў Рэспубліку Беларусь працягнуўся 25 лютага сустрэчаю з прадстаўнікамі вядучых грамадскіх праваабарончых арганізацый: Праваабарончага цэнтру “Вясна”, РПГА “БХК”,  ГА “БАЖ” і Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend.



Перад візітам еўрапарламентарыя Андрэа Рыгоні ў Беларусь паведамлялася, што спецдакладчык мае на мэце закрануць пытанні, звязаныя з палітвязнямі, правамі чалавека і свабодай СМІ, заслухаўшы пры гэтым розныя бакі і погляды.
 
 
Па словах намесніка старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянціна Стэфановіча, які прымаў удзел у сустрэчы, у гэтым рэчышчы і адбылася канструктыўная размова аб стане грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.
 
 
Была абмеркаваная сітуацыя з адменаю смяротнага пакарання ў Беларусі і адзначана, што вялікага жадання ў кіраўніцтва краіны нешта змяніць не заўважаецца. Апошнія выказванні беларускага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі падчас прэс-канферэнцыі 28 студзеня наконт смяротнага пакарання — “каб мы за наўмыснае забойства ставілі чалавека да сценкі” — таму яскравае падцверджанне.
 
 
Не засталася па-за ўвагай Спецдакладчыка ПАСЕ і тэма палітычных зняволеных у Беларусі, а таксама сітуацыя са свабодай сродкаў масавай інфармацыі. Андрэа Рыгоні быў праінфармаваны пра захады беларускіх уладаў у дачыненні да блакавання сайтаў у інтэрнэце. Удзельнікі сустрэчы падкрэслілі, што асаблівых станоўчых зрухаў за апошні час у гэтай сферы не адбылося.
 
 
Папярэдняя справаздача пра вынікі візіту ў Беларусь Рыгоні будзе прадстаўленая  18 сакавіка палітычнаму камітэту Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы. Што датычна прэзентацыі ягонага поўнага дакладу на пленарным паседжанні Асамблеі — дакладныя тэрміны пакуль не вызначаныя, хутчэй за ўсё гэта адбудзецца ў другой палове 2015 года.
 
 
Паводле прэс-рэлізу Праваабарончага цэнтру "Вясна"

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!