Правацэнтрысты: Таемныя затрыманні можна прыраўняць да палітычных выкраданняў

Правацэнтрысцкая кааліцыі выступіла з заявай з нагоды незаконных затрыманняў і ўтрымання пад вартай палітычных лідараў і актывістаў.

Правацэнтрысцкая кааліцыя ў адмысловай заяве асудзіла затрыманне і незаконнае ўтрыманне пад вартай сустаршыні БХД Паўла Севярынца, а таксама актывістаў Дзмітрыя Паліенкі, Насты Гусевай, Леаніда Кулакова, Арцёма Чарненкі, Вольгі Нікалайчык і Маі Навумавай.

26 лютага адбылася "Акцыя салідарнасці з палітвязнямі". Некаторыя актывісты былі затрыманыя яшчэ да пачатку гэтай акцыі, некаторыя пазней.

БХД, “Рух за Свабоду” і АГП выступілі рашуча супраць затрыманняў і ўтрымання пад вартай грамадзян Беларусі за ўдзел у мірным сходзе — "Акцыі салідарнасці з палітвязнямі" — і адзначылі, што гэта з'яўляецца грубым парушэннем правоў чалавека і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

“Мы абураныя тым, што Паўла Севярынца, Дзмітрыя Паліенку і Анастасію Гусеву затрымалі без усялякіх прычынаў да пачатку акцыі пратэсту. Іх сваякі і калегі цягам дня не мелі інфармацыі аб іх месцазнаходжанні”, — гаворыцца ў заяве.

Правацэнтрысты параўналі апошнія затрыманні з нагоды "Акцыі салідарнасці з палітвязнямі" з рэзананснымі выкраданнямі палітычных актывістаў: “Таемныя затрыманні і адсутнасць інфармацыі аб іх месцазнаходжанні на працягу дня 27 лютага можна прыраўняць да выкрадання палітычных актывістаў, бо сілавымі структурамі, якія здзейснілі захоп і ўтрыманне людзей у невядомым месцы, не былі забяспечаныя іх элементарна правы.

Звяртаем увагу праваабаронцаў і міжнароднай супольнасці на тое, што ўпершыню беларускія ўлады ўжылі рэпрэсіўнае заканадаўства, калі без суда і следства затрыманых па адміністрацыйных справах людзей трое сутак трымаюць у жудасных умовах без прад'яўлення якіх-небудзь абвінавачванняў і без магчымасці мець зносіны са сваякамі альбо адвакатамі, без доступу да правасуддзя”, — падкрэсліваюць правацэнтрысты.

Чытайце таксама:

У цэнтры Мінска прайшла акцыя ў падтрымку палітвязняў (відэа, фота)

БХД, “Рух за Свабоду” і АГП заклікалі беларускія ўлады “неадкладна спыніць спробу раскручвання чарговага вітка рэпрэсій супраць палітыкаў і грамадзянскай супольнасці Беларусі” і запатрабавалі спыніць рэпрэсіі і неадкладна вызваліць усіх незаконна затрыманых.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!